Карупцыя як інструмент кіравання

Калі ў дэмакратычных краінах карупцыя — адхіленне ад нормы, дык у нас — базавы прынцып суіснавання дзяржавы і грамадства. Акрамя чыноўнікаў, наша мадэль эканамічнага развіцця ніякіх іншых суб’ектаў мадэрнізацыі не прадугледжвае.



Гэта не навіна. Аднак, напэўна, далёка не ўсе чытачы НЧ задумваліся пра тое, што беларускія чыноўнікі займаюцца тэхнічным пераабсталяваннем прадпрыемстваў на факультатыўных пачатках, бо ад кіравання дзяржавай ніхто іх не вызваляў.

 

Разам з тым, са сваімі асноўнымі абавязкамі яны спраўляюцца, мякка кажучы, не вельмі паспяхова. Гэта не маё меркаванне. Гэта меркаванне Сусветнага банка, які штогод вызначае рэйтынг краін свету паводле паказчыкаў якасці і эфектыўнасці дзяржаўнага кіравання.

 

Каб вызначыць рэйтынг, выкарыстоўваюцца шэсць індэксаў (яны не сумуюцца), значэнне якіх можа змяняцца ад 0 да 100. Чым ніжэйшы індэкс, тым горшае дзяржаўнае кіраванне. Напрыклад, індэкс «Вяршэнства закона» ў Даніі — 100 пунктаў, у Афганістана — 0, у Беларусі — 14. Пагадзіцеся, недалёка мы адышлі ад дзяржавы, што знаходзіцца ў стане грамадзянскай вайны на працягу вось ужо 40 гадоў.

 

Але індэкс «Вяршэнства закона» — гэта яшчэ не ягадка, а кветачка. Наша ягадка — індэкс «Улік меркаванняў насельніцтва і падсправаздачнасць дзяржаўных органаў» — 5 пунктаў. Так і паўстаюць перад вачамі білборды з гучным лозунгам: «Дзяржава для народа». Паводле ўмення ўлічваць меркаванне насельніцтва і быць падсправаздачнымі яму нас «апярэдзілі» толькі 9 краін з 215. У бясспрэчных лідарах тут Паўночная Карэя. Далей — Самалі і Туркменістан.

 

Прадмет нашага законнага гонару — стабільнасць. Эксперты Сусветнага банка ацанілі яе ў 37 пунктаў. Расію па індэксе «Палітычная стабільнасць і адсутнасць гвалту» мы абышлі амаль у два разы. На верхніх паверхах айчыннай «вертыкалі ўлады» могуць спаць спакойна: «верагоднасць рэзкіх змен, змены палітычнага курсу, дэстабілізацыі і звяржэння ўрада неканстытуцыйнымі метадамі ці з ужываннем гвалту» ў нас невялікая.

 

«Откуда дать?»

 

Але вернемся да чыноўнікаў. Паводле індэксу «Эфектыўнасць працы ўрада», які адлюстроўвае «якасць функцыянавання дзяржаўнага апарата і працы дзяржаўных чыноўнікаў, іх кампетэнцыю, ступень іх незалежнасці ад палітычнага ціску» ,Беларусь размясцілася ў ніжняй частцы спісу — 14 пунктаў.

 

Звернемся па дапамогу да прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча. 28 траўня ён правёў пасяджэнне Прэзідыума Саўміна. Разглядаўся ход выканання рэспубліканскага плану мерапрыемстваў па правядзенні ў 2013-м Года ашчаднасці. Далей цытую з сайта ўрада: «Есть соответствующие планы. Это мы научились делать хорошо, но практическая, организаторская работа на местах — в облисполкомах, министерствах, на предприятиях — проводится недостаточно».

 

Гэта значыць, не ўсё так безнадзейна. Планы «мы научились делать хорошо». Засталося навучыцца іх рэалізоўваць. Да канца чарговай пяцігодкі час яшчэ ёсць. Важна толькі вызначыцца, хто ж гэтыя планы ў нас генеруе? Нявызначанасць паўстала на роўным месцы. 19 красавіка, выступаючы з пасланнем, наш адзіны палітык (АП) быў максімальна канкрэтны: «И главное, никто не отменял заданий по росту экономики в нынешнем году. И эти объемы прироста правительство и парламент взяли добровольно, без всякой принудиловки».

 

Але не паспеў, як кажуць, і певень пракрычаць, як прэм’ер-міністр адцураўся ад аўтарства: «Если смотреть с точки зрения выполнения целевых показателей, которые определены главой государства на 2013 год, я полагаю, что полученные результаты никого не устраивают».

 

Чыноўнікі запрэгліся ў воз мадэрнізацыі не ад добрага жыцця. «Результаты никого не устраивают». У гэтым і палягае сутнасць праблемы. З канца 2003-га і да пачатку 2007 года ўлада асаблівых праблем з рэсурсамі не адчувала. Але лепшае — вораг добрага. Гэты прынцып савецкіх кіраўнікоў мне неаднаразова тлумачылі на «Інтэграле» старэйшыя таварышы. Ведаюць яго і зубры беларускага менеджменту.

 

Таму яны распачынаюць рэформы ў вымушаным рэжыме, калі замест выбару паміж лепшым і добрым застаўся выбар паміж дрэнным і вельмі дрэнным.

 

Зноў працытую Мясніковіча: «Откуда дать? — гэта не пытанне, гэта крык душы. — Если все сформулировано, бюджеты защищены. Эти потребительские настроения, что где-то есть казна, в которой можно просить средства, иногда не поддаются здравому смыслу».

 

Чарговае прышэсце валюнтарызму

 

Аднак час пераходзіць ад аб’ектыўнай рэальнасці да яе аналізу. Падштурхоўвае мяне да гэтага і фармат «Азбукі паліталогіі». Традыцыйна звярнуся па дапамогу да класіка. У якасці такога выступіць амерыканскі палітолаг Рональд Інглхарт: «Індустрыялізацыя ініцыюе важны этап культурнай трансфармацыі і прыводзіць да бюракратызацыі, рацыяналізацыі, цэнтралізацыі і секулярызацыі. Развіццё постіндустрыяльнага грамадства цягне за сабой іншы яе этап — узмацненне ролі асабістай аўтаноміі і самавыяўлення <…> На індустрыяльным этапе мадэрнізацыі адбываецца вызваленне ўлады ад рэлігіі, у той час як на постіндустрыяльным — вызваленне чалавека ад усюдыіснай улады».

 

Не пашанцавала АП. Ён са сваімі поглядамі на дзяржаву і грамадства апынуўся ў непатрэбны час у непатрэбным месцы. Гэта Сталін меў магчымасць вырываць мільёны сялян са звыклага вясковага свету і пад наглядам таварышаў у скураных куртках ставіць іх да імпартных станкоў як да сценкі. На стадыі індустрыялізацыі такі менеджмент сябе апраўдваў. Нездарма ж Гітлер за некалькі гадзін да смерці ў сваім завяшчанні адзначыў: «Самым правільным было б пасля перамогі над Расіяй даручыць (зразумела, пад германскім вяршэнствам) кіраванне краінай Сталіну, бо ён лепш за ўсіх ведае, як трэба абыходзіцца з рускімі».

 

Менеджар Сталін запрасіў менеджара Форда. Так з’явіўся аўтамабільны завод у Ніжнім Ноўгарадзе. Грузавік ГАЗ-А — гэта поўны аналаг «Форда-А». На прывезеным з Германіі ў кошт рэпатрыяцыяў заводзе «Опель» быў наладжаны выпуск «Масквічоў». Ужо пры Брэжневе з дапамогай італьянцаў арганізавалі масавую вытворчасць «Жыгулёў» («Фіята–124»).

 

Але якія б аналагі сусветных брэндаў ні запускаліся ў серыю пад кіраўніцтвам савецкіх чыноўнікаў, тое, што атрымлівалася ў выніку, было неканкурэнтаздольным. Зрэшты, гэта і не было патрэбна. Унутраны спажывец суадносінамі кошт—якасць тавараў не цікавіўся. Не да таго яму было ва ўмовах усеагульнага дэфіцыту.

 

Індустрыялізацыя — гэта не станы, а працэс, які мае выразныя часавыя рамкі. У Савецкім саюзе ён завяршыўся яшчэ пры Хрушчове. Пры Брэжневе была зроблена спроба пабудаваць постіндустрыяльную эканоміку. Але без вызвалення чалавека «ад усюдыіснай улады» атрымаўся застой, які завяршыўся «найвялікшай катастрофай XX стагоддзя».

 

Ініцыяваная АП мадэрнізацыя — гэта спроба ўпісацца ў постіндустрыяльны свет за кошт творчай энергіі чыноўнікаў.

 

Аналагічную спробу Хрушчова яго наступнікі ахрысцілі «валюнтарызмам» (валюнтарызм — імкненне рэалізаваць пажаданыя мэты без уліку аб’ектыўных акалічнасцяў і магчымых наступстваў).

 

Хуткасць, гнуткасць, творчасць

 

«О нас все в мире говорят: наши люди — добрые люди. Гости говорят — это красивая страна. Здесь практически нет коррупции. Спасибо, что так говорят. Но есть она. Ее трудно изжить, я это знаю» (Пасланне–2013).

 

Рэкамендую чытачам НЧ на хвіліну ўявіць прыгожую краіну, населеную добрымі людзьмі, у якой карупцыі няма, а індэкс «Улік меркавання насельніцтва і падсправаздачнасці дзяржаўных органаў» роўны 5 пунктам. Уявілі? Ну і як, валасы на галаве дыбам не ўсталі?

 

Калі ў дэмакратычных краінах карупцыя — адхіленне ад нормаў, дык у нас — адзін з базавых прынцыпаў суіснавання дзяржавы і грамадства. Насельніцтва, пазбаўленае магчымасці данесці да ўлады сваё меркаванне з дапамогай палітычных працэдур, вымушана гэта рабіць з дапамогай працэдур карупцыйных.

 

Беларусам не трэба дзеля гэтага з кім-небудзь аб’ядноўвацца. Карупцыйныя адносіны выбудоўваюцца на індывідуальнай аснове і, як правіла, зводзяцца да прамога абмену. Такі абмен — своеасаблівы аналаг натуральнага абмену, засвоенага нашымі продкамі яшчэ ў дагістарычную эпоху! Але эканамічная дзейнасць — гэта, перш за ўсё, сумесная дзейнасць. Таму паміж узроўнем сацыяльнага капіталу, які характарызуе здольнасць людзей наладжваць гарызантальныя сувязі (карупцыйныя сувязі заўсёды вертыкальныя), і вытворчасцю ВУП на душу насельніцтва існуе прамая залежнасць.

 

У Пасланні–2013 АП нечакана загаварыў пра паскарэнне. Прыстасавацца да «стремительного, скоростного мира» ён спадзяецца з дапамогай трох патрабаванняў: хуткасці, гнуткасці і творчасці. Усе яны, натуральна, будуць спакаваныя ў звыклую аўтарытарную форму. Такім чынам, на чарговы пакет патрабаванняў зверху насельніцтва будзе вымушана адказаць карупцыйнай актыўнасцю знізу.

 

Насельніцтву без хуткасці, гнуткасці і творчасці ў барацьбе з хуткасцю, гнуткасцю і творчасцю ўлады не выжыць!

 

Але перамесцімся з мікраўзроўню карупцыі на яе макраўзровень, на якім яна выступае ў якасці інструмента кіравання. Тут мне ў чарговы раз патрэбная дапамога Сімона Кардонскага: «Звычайна эканоміка круціцца вакол стаўкі банкаўскага працэнта. Цэнтральныя банкі інвестуюць грошы ў эканоміку, прадаючы іх базавым банкам. Базавыя банкі прадаюць іх ужо драбнейшым банкам, павялічваючы стаўку. І калі кошт грошай памяншаецца, эканоміка пачынае развівацца больш інтэнсіўна, а калі павялічваецца — то яна пачынае стагнаваць. Але паколькі ў нас не грошы, а фінансавыя рэсурсы, якія размяркоўвае чыноўніцкі апарат, у нас фактарам, што дынамізуе эканоміку, з’яўляецца не кошт грошай, а нормы адкату. Рэсурсы ж нельга раздаваць бясплатна. Вось плата за даванне рэсурсаў і называецца «адкат». Высокая норма адкату прыводзіць да стагнацыі рэсурсавай гаспадаркі, якой з’яўляецца наша эканоміка».

 

У якасці рэгулятара нормы адкату выступаюць рэпрэсіі. Патрэба ў новым Сталіне, якую адчуваюць прадстаўнікі «большасці», — гэта запатрабаванне ў парадку ва ўмовах мінімальнай нормы адкату. У гэтым сэнсе мадэрнізацыя, хто б і як яе ні праводзіў, здольная разбурыць раўнавагу, якая склалася як ва ўладзе, так і ў грамадстве.

Каментаваць