Кастрыраваная сацыялогія

У чым галоўная нацыянальная асаблівасць вымярэння рэйтынгаў палітыкаў у Беларусі? У тым, што значэнні рэйтынгаў палітыкаў не задавальняюць.



У чым галоўная нацыянальная асаблівасць вымярэння рэйтынгаў палітыкаў у Беларусі? У тым, што значэнні рэйтынгаў палітыкаў не задавальняюць.

Нядаўна паразмаўляў у «Аднакласніках» са сваім старым універсітэцкім прыяцелем. Калі той даведаўся, што я цікаўлюся сацыялогіяй, быў вельмі здзіўлены: «А няўжо і без сацапытанняў не зразумела, хто ў Беларусі пераможа на выбарах?» Мой прыяцель ужо каля 20 гадоў жыве ў Амерыцы. Узначальвае буйную лабараторыю ў кампаніі «Pfizer» — у той самой, знакамітай сваімі блакітнымі таблеткамі. Яго погляд на сацыялогію як на «навуку», якая займаецца прадказаннямі вынікаў выбараў, зразумелы. Ён спецыяліст у галіне храматаграфіі.

Большасць з апазіцыйных палітыкаў у храматаграфіі, натуральна, не разбіраюцца, што не перашкаджае амаль усім з іх абмяжоўваць сваю цікавасць да сацыялогіі выключна рэйтынгамі. Пры гэтым у аб’ектыўнасць рэйтынгаў яны не вераць і тлумачаць свой недавер «спецыфікай Беларусі». Маўляў, шмат хто баіцца выказваць негатыўную інфармацыю пра Лукашэнку, таму, адпаведна, узровень ягонай ацэнкі ніжэйшы, а ўзровень ацэнкі апазіцыйных палітыкаў — вышэйшы. Такое стаўленне да сацыялогіі сфармавалася яшчэ ў пачатку 90-х. Вады з тых часоў сплыло нямала, але апазіцыйная шарманка іграе ўсё тую ж мелодыю.

У палку прыхільнікаў зменаў папаўненне

Чаму распаўся Савецкі Саюз? Існуюць дзясяткі навуковых тэорый, якія тлумачаць прычыну «найбуйнейшай геапалітычнай катастрофы XXI стагоддзя». На думку сацыёлага Юрыя Левады, СССР распаўся, таму што ўпёрся ў сваё самае галоўнае абмежаванне — у прыроду «чалавека савецкага». Калі гэта сапраўды так, то шлях Беларусі з савецкага мінулага ў Еўропу немагчымы без змены чалавека.

Здавалася б, пры такой логіцы апазіцыйныя палітыкі павінны стаць галоўнымі заказчыкамі незалежных сацыялагічных даследаванняў. Яны ж, па выразу Жванецкага, «работают с людЯми», а сацыялогія — гэта эмпірычная навука, што вывучае сацыяльныя (утвораныя людзьмі) сістэмы ў іх функцыянаванні і развіцці.

Сацыялагічныя апытанні — адна з прыладаў, што дазваляе вывучаць такія сістэмы. Апытанні праводзяць не дзеля рэйтынгаў. Самі па сабе рэйтынгі, як, зрэшты, кожная асобна ўзятая лічба апытання, не азначаюць нічога. Тут будзе дарэчы правесці паралель з рэнтгенаўскім здымкам. Для неспецыяліста ён уяўляе набор чорна-белых плямаў. Іх расшыфроўка магчымая толькі ў рамках вызначаных навуковых тэорый.

У гэтым сэнсе табліцы сацапытанняў адрозніваюцца ад рэнтгенаўскіх здымкаў толькі тым, што складаюцца са слоў і лічбаў. Узятыя паасобку, яны падаюцца на першы погляд зразумелымі, але толькі на першы погляд. Растлумачу на прыкладзе апошняга апытання НІСЭПД. 62% рэспандэнтаў адзначылі ў чэрвені, што Беларусі патрэбныя змены. Напрошваецца варыянт трактоўкі: «Ура! Большасць беларусаў — прыхільнікі зменаў!» На фоне такой сацыялогіі цалкам лагічнай выглядае выснова, што «час Лукашэнкі сышоў».

Аднак прыгледземся да прыхільнікаў зменаў. Палова з іх згодная з тым, што Беларусь развіваецца ў правільным кірунку, 51% давярае Лукашэнку. Прыкладна столькі ж не згодныя з заявамі апазіцыі наконт шматлікіх парушэнняў закона падчас мясцовых выбараў, якія прайшлі ў сакавіку. Пра якія змены тады ідзе размова? Адназначнага адказу на гэта пытанне няма. Калі даражэе цукар і грэчка, беларускі пенсіянеры папаўняюць лагер прыхільнікаў зменаў. Пад зменамі яны разумеюць вяртанне да ранейшых коштаў.

Прымус да перамогі

У такой выбарчай зацікаўленасці ў выніках сацыялагічных даследаванняў павінна быць прычына. Выкажу сваю версію, абапіраючыся на адну з прапісных ісцін сацыяльнай псіхалогіі, — маецца на ўвазе сацыяльны ціск.

Справа ў тым, што не толькі большасць апазіцыйных палітыкаў, але і большасць незалежных аналітыкаў уяўляюць сабе палітычнай працэс у Беларусі як супрацьстаянне ўлады і апазіцыі. Такое ўяўленне імпартавана да нас з Захаду. Там кожны ахвочы можа назіраць яго няўзброеным вокам.

Аднак для таго, каб апазіцыя магла процістаяць уладзе на выбарах, і каб выбары былі выбарамі, а не імітацыйным сурагатам, павінна існаваць, як мінімум, сучаснае грамадства. У адрозненне ад насельніцтва, сучаснае грамадства складаецца з грамадзян — гэта значыць з індывідаў, якія выбудоўваюць свае адносіны з дзяржавай не на падпарадкаванні, а на аснове ўзаемных правоў і абавязкаў.

У савецкі час была папулярная песня пра «комсомольцев-добровольцев», якія мусілі «верить, любить беззаветно». Для разумення сэнсу «беззаветности», я дам слова культуролагу Ігару Якавенку: «Запавет азначае кантракт, які заключаецца бакамі, што дамаўляюцца, і вызначае іх правы і абавязкі. Адпаведна, «беззаветное служение» раўназначна служэнню па-за кантрактам і без кантракту, г. зн. служэнню, ніякімі асабістымі інтарэсамі і правамі, якія іх гарантуюць, не апасродкаванаму. Але гэта — мадэль узаемаадносін патрыярхальнага сямейнага самадзержца з дамачадцамі. І адначасова мадэль узаемаадносін войска, але — не кантрактнага, а пабудаванага па прынцыпе абавязковай службы».

Беларусь — краіна хрысціянская, а хрысціянства заснавана на ідэі запавету (кантракту) паміж Богам і чалавекам, таму Біблія і ўключае ў сябе Стары і Новы Запавет. На жаль, у праваслаўі ідэя запавету была адсунутая на другі план. Зразумела, што ў сучасных беларускіх умовах «праваслаўны атэіст» у яе прасоўванні не зацікаўлены.

Адкрыем на прэзідэнцкім сайце афіцыйную біяграфію кіраўніка дзяржавы: «А. Р. Лукашэнка цэніць падтрымку людзей і ганарыцца тым, што ў народзе яго завуць «бацькам» — так заўсёды называлі ў нас людзей аўтарытэтных, якія мужна баранілі інтарэсы сям’і і абшчыны». Параўнаеце дзве цытаты. «Бацька» — гэта сінонім патрыярхальнага сямейнага самадзержца. Грамадства, якое ўспрымае прэзідэнта як «бацьку», а дзяржаву як сям’ю, не можа быць сучасным. Такому грамадству для выказвання сваіх інтарэсаў не патрэбныя партыі, ужо хаця б таму, што ў яго чальцоў няма сваіх персанальных інтарэсаў.

Вось пры такім «аўтарытарным кантэксце» актывістам апазіцыйных партый і даводзіцца займацца палітыкай. Рабіць гэта яны спрабуюць на заходні манер — праз удзел у выбарах, мэтай якіх, натуральна, з’яўляецца перамога. Адмовіцца ад алгарытму дзеянняў, які склаўся, яны не ў стане, таму што знаходзяцца пад магутным сацыяльным прэсам з боку «сваіх» аналітыкаў і «сваіх» патэнцыйных выбарцаў. Як першыя, так і другія чакаюць ад іх толькі перамогі.

Пра рэйтынгі і крыху пра асабістае   

Калі чалавек чагосьці вельмі хоча, то ён з навакольнага свету пачынае вылоўліваць знакі, якія, на яго думку, сігналізуюць пра набліжэнне жаданага. У папулярным у часы маёй маладосці італьянскім фільме «Аперацыя «Святы Януарый» жыхары Неапалю былі захопленыя латарэямі. У любой падзеі яны найперш бачылі зашыфраваныя лічбы, якія трэба было ўпісаць у латарэйныя квіткі.

Тое, як такога кшталту пошук знакаў выглядае ў нашым выпадку, можна праілюстраваць на прыкладзе, запазычаным мной на адным з партыйных сайтаў. «Такім чынам, у найбліжэйшую нядзелю за Мілінкевіча гатовыя прагаласаваць 4% выбарцаў. Няшмат. І не вельмі перспектыўна, асабліва з улікам таго, што пяць гадоў таму ў Аляксандра Уладзіміравіча было за 20%. Гэта значыць, трэнд на скарачэнне электаральных сімпатый відавочны». На падставе прыведзеных дадзеных казаць пра трэнд я б не спяшаўся. 20% — гэта ўзровень падтрымкі ў дзень выбараў ва ўмовах мабілізацыі выбарцаў. Параўноўваць мабілізацыйны рэйтынг з бягучым рэйтынгам некарэктна. Параўнаеце: у Лукашэнкі непасрэдна пасля выбараў у красавіку 2006 года рэйтынг — 60%, а ў чэрвені 2008 года — 40%.

«Пойдзем далей. А як ідуць справы з такім паказчыкам, як адмоўны рэйтынг? 15% апытаных ні пры якіх акалічнасцях не прагаласавалі б за Мілінкевіча. Для параўнання: супраць Някляева катэгарычна настроеныя 6%, а ў дачыненні да Раманчука і таго менш — 3%». У прынцыпе павялічэнне ўзроўню пазнавальнасці падвышае рэйтынг. Вось толькі выснова гэта справядлівая як для пазітыўнага рэйтынгу, так і для негатыўнага. У маёй жонкі негатыўны рэйтынг роўны нулю. За гады нашага з ёй сумеснага жыцця (са жніўня 1999 года) ні адзін з рэспандэнтаў не заявіў, што ён ні пры якіх акалічнасцях за яе не прагаласаваў бы. І што мне з гэтым шчасцем рабіць? Правесці сямейны з’езд і высунуць маю радасць кандыдатам у прэзідэнты?

«Давайце да гэтага дададзім паказчык перспектывы заваёвы сімпатый выбарцаў. Мілінкевіча не ведае 25% выбарцаў. Някляеў — знак-пытальнік для 58%. Раманчук — для 65% нашых грамадзян абсалютна новая асоба. Вось зараз можна аналізаваць сітуацыю і рабіць высновы, а не проста адпраўляць чытача далей у сацыялогію». Спадзяюся, яшчэ раз спасылацца на жонку няма неабходнасці. Самы «стары твар» у беларускай палітыцы — Партыя БНФ. Па ўзроўню пазнавальнасці ніякая іншая партыя з ёй параўнацца не ў стане. Для многіх беларусаў апазіцыя — гэта БНФ. Іншых партыйных адценняў у агульнай палітычнай палітры яны не адрозніваюць. Але менавіта таму Партыя БНФ стала замыкае рэйтынг-ліст. Тут той жа выпадак, што і з «адзіным беларускім палітыкам», — тыя, хто яго ведаюць, грошай больш не даюць.

P.S. Чарговая «Азбука паліталогіі» блізкая да завяршэння. Мае магчымасці «адпраўляць чытача далей у сацыялогію» вычарпаныя, застаецца толькі адзначыць, што колькасць «прыхільнікаў змен» за апошні год павялічылася ў Беларусі з 48% да 62%. Гэта істотныя змены. Яны адбыліся на фоне памяншэння колькасці рэспандэнтаў, якія адзначылі пагаршэнне свайго матэрыяльнага становішча: у чэрвені 2009-га такіх было 37%, а ў чэрвені 2010 года — 20%. Першы трэнд відавочна супярэчыць другому, але лавіць грамадскую думку на непаслядоўнасці — справа няўдзячная. Яна амбівалентна па сваёй прыродзе, і ўжо хаця б таму простых і адначасова эфектыўных рашэнняў у палітыцы не бывае.

Пры жаданні ў выніковых табліцах сацапытанняў можна знайсці пацверджанне любой папярэдне сфармуляванай выснове. Было б жаданне. Чалавек так уладкаваны, што калі тэст або які-небудзь іншая крыніца інфармацыі — нават гараскоп — спрыяе яму, ён будзе гэтаму верыць з большай ступенню верагоднасцю. Справядліва і адваротная высновы. Мы ўвесь час настроеныя на сігналы, якія пацвярджаюць нашу карціну свету. Гэта не мая выснова. Гэта адна з азбукавых ісцін сацыяльнай псіхалогіі.
 

Каментаваць