Катынскі ўрок

Летась Еўрапейскі парламент выступіў з ініцыятывай абвесціць 23 жніўня Днём памяці ахвяр нацызму і сталінізму. Беларуская грамадскасць наведала ў гэты дзень мемарыяльны комплекс «Катынь» пад Смаленскам, дзе пахаваныя, паводле афіцыйных звестак, каля пятнаццаці тысяч расстраляных людзей, у тым ліку чатыры тысячы афіцэраў Войска Польскага.



Летась Еўрапейскі парламент выступіў з ініцыятывай абвесціць 23 жніўня Днём памяці ахвяр нацызму і сталінізму. Беларуская грамадскасць наведала ў гэты дзень мемарыяльны комплекс «Катынь» пад Смаленскам, дзе пахаваныя, паводле афіцыйных звестак, каля пятнаццаці тысяч расстраляных людзей, у тым ліку чатыры тысячы афіцэраў Войска Польскага.

Семдзесят гадоў таму — 23 жніўня 1939 года — была падпісаная дамова пра ненапад паміж СССР і Германіяй, больш вядомая як пакт Молатава — Рыбентропа. Гэты дакумент, па меркаванні некаторых гісторыкаў, шмат у чым паспрыяў пачатку другой сусветнай вайны, па меркаванні іншых — дазволіў адтэрмінаваць яе пачатак. Акрамя таго, пакт у значнай меры вызначыў лёс латышоў, эстонцаў, літоўцаў, а таксама заходніх украінцаў, беларусаў і малдаван: у выніку пакта гэтыя народы былі аб’яднаныя ў складзе адной дзяржавы — СССР.

Дамова была ратыфікавана Вярхоўным Саветам СССР праз тыдзень пасля яе падпісання, а ўжо на наступны дзень пасля ратыфікацыі дамовы, 1 верасня 1939 года, Германія напала на Польшчу. 17 верасня на тэрыторыю Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі, якія ўваходзілі па Рыжскай мірнай дамове 1921 года ў склад Польшчы, уступілі войскі Чырвонай арміі.

Ад гэтага моманту пачынаецца трагічная гісторыя для тысяч жыхароў інтэрнаваных тэрыторый. 19 верасня 1939 года загадам Народнага камісара ўнутраных спраў СССР № 0308 было створана Упраўленне па справах ваеннапалонных і інтэрнаваных пры НКУС СССР і арганізавана восем лагераў для ўтрымання польскіх ваеннапалонных. Усяго падчас прасоўвання Чырвонага Войска на захад было захоплена ад чвэрці мільёна да паўмільёна польскіх грамадзян, сярод якіх былі як вайскоўцы польскага войска, так і іншыя асобы, якіх кіраўніцтва Савецкага Саюза палічыла «падазронымі» з-за іх імкнення да аднаўлення незалежнасці Польшчы.

Як сведчаць апублікаваныя ў 1992 годзе дакументы, 3 сакавіка 1940 года народны камісар унутраных спраў Лаўрэнцій Берыя прапанаваў Палітбюро: «Справы аб ваеннапалонных, якія змешчаныя ў лагеры, — 14 700 чалавек былых польскіх афіцэраў, службоўцаў, абшарнікаў, паліцыянтаў, выведнікаў, жандараў, асаднікаў і турэмшчыкаў, а таксама справы аб арыштаваных і змешчаных у турмах заходніх абласцей Украіны і Беларусі ў колькасці 11 000 чалавек — членаў розных шпіёнскіх і дыверсійных арганізацый, былых абшарнікаў, фабрыкантаў, былых польскіх афіцэраў, службоўцаў і перабежчыкаў — разгледзець у адмысловым парадку, з ужываннем да іх вышэйшай меры пакарання — расстрэлу». У сакавіку — красавіку 1940 года было расстраляна больш за 14 тысяч польскіх вайскоўцаў. З іх 4343 — у Катыні, 6,5 тысячы — у Асташкаве Цвярской вобласці, амаль 4 тысячы — у Старабельску, што пад Харкавам.

На пачатку 1930-х гадоў у Катынскім лесе былі пабудаваныя «дачы НКУС», лес быў абгароджаны, і ўваход у яго быў строга забаронены. Цікава, што звесткі пра расстрэлы людзей у гэтых мясцінах пачынаюцца ад 1920-х гадоў. Расказвае гісторык Ігар Кузняцоў, які займаецца даследаваннем тэмы палітычных рэпрэсій: «Расстрэльвалі і калгаснікаў, і партыйных, і беспартыйных, і святароў — то бок няма нейкага прынцыпу пахаванняў па сацыяльных ці нацыянальных прыкметах. А тут, на польскім баку цяперашняга мемарыяла, пахаваныя тыя, каго забілі і па сацыяльных, і па нацыянальных прыкметах — польскія афіцэры. Кожная вобласць, згодна загаду за нумарам 00447 за подпісам Яжова, атрымлівала штомесяц разнарадку, колькі пасадзіць-расстраляць. Смаленская вобласць атрымлівала, напрыклад, шэсцьсот чалавек, а выконвала на васемсот-дзевяцьсот. Пасля падводзіліся вынікі, і тых, хто перавыконваў план, заахвочвалі пазачарговымі званнямі, прэміямі...»

На тэрыторыі Катынскага лесу знаходзіцца не менш за 150 магілаў, у якіх пахаваныя каля дзесяці тысяч савецкіх грамадзян і чатыры тысячы палонных польскіх афіцэраў. Даследчыкі лічаць, што сярод забітых людзей можа быць не менш за чвэрць беларусаў. На тэрыторыі Катынскага мемарыяльнага комплексу ёсць стэнд, прысвечаны братам Максіму і Гаўрылу Гарэцкім. Беларускі пісьменнік Максім Гарэцкі быў арыштаваны ў 1930 годзе, а ў 1938 годзе расстраляны ў Вязьме.

Публічныя звесткі пра катынскія расстрэлы з’явіліся яшчэ падчас другой сусветнай вайны. Увесну 1943 года, калі немцы занялі раён, пад кіраўніцтвам доктара Бутца, прафесара судовай медыцыны Вроцлаўскага універсітэта, былі праведзеныя эксгумацыйныя працы. У справаздачы нямецкай камісіі 1943 года было паказана: амаль ва ўсіх выпадках прычынаю смерці людзей, якія былі пахаваныя ў Катынскім лесе, стаў стрэл у галаву (у патыліцу). У эксгумацыйных працах прымалі ўдзел і палякі з Тэхнічнай камісіі Польскага Чырвонага Крыжа. І палякі, і міжнародныя эксперты падтрымалі высновы, зробленыя прафесарам Бутцам. Натуральна, з такімі вынікамі ў СССР не пагадзіліся, і ў напрыканцы 1943 — пачатку 1944 гадоў, пасля вызвалення Смаленшчыны, у Катынскім лесе пачалі даследаванні дзве савецкія камісіі: камісія НКУС-НКДБ і камісія Бурдэнкі. Апошняя зноў эксгумавала магілы, абвінаваціўшы ў здзяйсненні забойстваў нямецкія войскі. Аднак на Нюрнбергскім працэсе гэтыя расстрэлы не былі пастаўленыя ў віну нямецкаму боку.

Праз шэсцьдзесят гадоў пасля трагедыі ў ліпені 2000 года на месцы пахаванняў афіцэраў Войска Польскага быў адкрыты мемарыял, усталяваныя памятныя знакі. Сёння сюды прыязджаюць аддаць даніну памяці ахвярам палітычных рэжымаў людзі з Расіі, Польшчы, Беларусі. Мастак Алесь Марачкін пасля першага наведвання Катынскага мемарыялу адзначыў знешняе падабенства мясцін з беларускімі Курапатамі: «Адразу нагадвае Курапаты — гэтыя мясціны, сосны... Як сказана ў Святым Пісанні, «нічога няма таемнага, што б не стала яўным». Як ні хавалі нкусаўцы свае злачынствы, іх усё роўна відаць. Пра гэтыя падзеі ведалі палякі яшчэ ў тыя часы, цяпер ведае ўвесь свет. Катынь, Курапаты — гэта ўрок дыктатарам».

Каментаваць