Куды паехаў цырк?

Сакавік — месяц ідэалагічны. Такая традыцыя. Свой пачатак яна бярэ ад дакладу, які зрабіў «адзіны беларускі палітык» (АБП) на ідэалагічным семінары ў 2003 годзе.

Час быў няпросты. З ростам рэальных прыбыткаў у рэспубліцы пачаліся праблемы, якія асабліва хваравіта перажываліся несвядомай часткай грамадства на фоне шчадротаў 2001 года. Рэйтынг АБП пайшоў уніз (глядзі табліцу). У тых умовах, якія склаліся, яму нічога іншага не заставалася, як ухапіцца за саломінку ідэалогіі. Балазе, савецкі досвед яшчэ не згубілі.



Сакавік — месяц ідэалагічны. Такая традыцыя. Свой пачатак яна бярэ ад дакладу, які зрабіў «адзіны беларускі палітык» (АБП) на ідэалагічным семінары ў 2003 годзе.

Час быў няпросты. З ростам рэальных прыбыткаў у рэспубліцы пачаліся праблемы, якія асабліва хваравіта перажываліся несвядомай часткай грамадства на фоне шчадротаў 2001 года. Рэйтынг АБП пайшоў уніз (глядзі табліцу). У тых умовах, якія склаліся, яму нічога іншага не заставалася, як ухапіцца за саломінку ідэалогіі. Балазе, савецкі досвед яшчэ не згубілі.

З падобнай праблемай сутыкнуліся і ў Расіі, толькі тое, што ў нас назвалі дзяржаўнай ідэалогіяй, у іх — нацыянальнай ідэяй. Для яе пошуку Крэмль сабраў групу інтэлектуалаў і выдзеліў адпаведныя рэсурсы. Прапановы пасыпаліся як з рога, але найбольш ёміста і лаканічна нацыянальную ідэю здолеў сфармуляваць географ Леанід Смірагін: «Поправь забор, не с… в подъезде». Аднак пасля доўгіх дэбатаў ідэю Смірагіна адкінулі з прычыны немагчымасці яе практычнай рэалізацыі.

У Беларусі да ўзроўню пад’езда вырашылі не апускацца. Напэўна, паўплывала гістарычная адукацыя галоўнага заказчыка. Мяркуйце самі: «…Временем, судьбой, ситуацией Беларусь выдвинулась на, наверное, великую роль духовного лидера восточноевропейской цивилизации. И не потому, что мы этого хотим, что мы к этому стремились. Или потому, что мы такие умные. Так сложилось в силу нашего консерватизма…»

Карацей, чацвёрты Рым! Калі мне памяць не здраджвае, манах Філафей пісаў у лісце Васілю ІІІ: «Царква Старажытнага Рыму загінула з-за сваёй ерасі. Брама Другога Рыму — Канстанцінопаля — была пасечана нявернымі туркамі». Трэці Рым (Масковія), трэба думаць, капітуляваў пад напорам гайдараўскіх рэформаў. А тут якраз і мы…

Сакрэтныя пратаколы

Адзначу, што ў сакавіку 2003 года АБП увесь час пераскокваў з ідэалогіі дзяржавы на ідэалогію грамадства. Бясспрэчна, «общество (любое — С.Н.) не может существовать без целостного свода идей, ценностей и норм, объединяющих всех граждан». А вось большасць сучасных краін без дзяржаўнай ідэалогіі выдатна абыходзіцца. Ёсць, канечне, выключэнні. Іран з яго аятоламі — першае, што прыходзіць у галаву.

Без дзяржаўнай ідэалогіі не маглі існаваць і традыцыйныя імперыі. У артыкуле «Цана расійскага сіндрому» я, у прыватнасці, адзначаў, што Расійская імперыя несла заваяваным народам ідэю праваслаўя. Тут усё зразумела, як і зразумелыя праблемы рускіх, якія ніяк канчаткова не пазбавяцца імперскіх звычак.

Але якім чынам такая прэтэнзія на ідэалагічнае месіянства магла сфармавацца ў геаграфічным цэнтры Еўропы? Мой адказ зводзіцца да таго, што не варта занадта вялікую ўвагу надаваць агучаным фармулёўкам. Гэтак жа, як у пакта Молатава—Рыбентропа былі сакрэтныя пратаколы, без якіх сапраўдны сэнс пакта зразумець немагчыма, так і ў афіцыйнага тэксту даклада маюцца дадаткі. Яны не былі апублікаваныя ў СМІ, але ў выглядзе зборніка матэрыялаў ідэалагічнага семінару знайсці іх нескладана.

Прывяду найбольш яркую цытату: «Я трижды заходил на эту цель, как истребитель, чтобы вы поняли, для чего нужна идеологическая работа. Надо уметь удерживать власть. И не только удерживать, но и защищать. Лучше всего это делать идеологическими средствами» (выдзелена аўтарамі брашуры).

А вось цытата з акадэміка Бабосава. Яго кнігамі па шырокім спектры гуманітарных навук забітыя ўсе кнігарні ў рэспубліцы (зразумела, ёсць сярод іх і падручнік па дзяржаўнай ідэалогіі): «Для падвышэння эфектыўнасці ідэалагічнай дзейнасці вельмі пажадана, каб усе кадры, якія займаюцца выхаваўчай працай, авалодалі сацыяльнай тэхналогіяй уплыву на масы». Сацыяльныя тэхналогіі, паводле акадэміка, — гэта сукупнасць прыёмаў для «ідэйнага ўздзеяння на асобных індывідаў і сацыяльныя групы людзей» з мэтай «найхутчэйшага і якаснага атрымання пажаданага выніку».


Такім чынам, мы ў які ўжо раз вяртаемся да пытання наконт суб’екту беларускай палітыкі. Паводле беларускай Канстытуцыі, адзіным суб’ектам палітыкі з’яўляецца народ. Адпаведна, толькі ён мае права вызначаць, што варта лічыць «пажаданым вынікам». Але, як бачна з прыведзенай цытаты, на гэты конт маецца іншы пункт гледжання. І ён відавочна не супадае з палажэннямі Канстытуцыі.

Той, хто наіўна лічыць, што галоўная задача ідэалагічнай нарады ў сакавіку 2003 года была ў распрацоўцы дзяржаўнай ідэалогіі, — памыляецца. Перачытайце даклад. Ён прысвечаны будаўніцтву ідэалагічнай «вертыкалі» на «уровнях государственного управления — как по территориальному, так и отраслевому принципу».

За што ёй плацяць?


Сакавік — месяц ідэалагічны. У сакавіку 2003 года дзяржаўная ідэалогія ў Беларусі нарадзілася, а ў сакавіку 2010-га памерла. Пра гэта на сайце «Беларускіх навін» паведаміў далёка не апошні чалавек у ідэалагічнай іерархіі — кіраўнік Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Аляксандр Зімоўскі. Шырокімі мазкамі ён намаляваў вельмі праўдападобную карціну сацыяльнай рэальнасці, у якой апынуліся «рабочы і калгасніца», і падкрэсліў, што гэта адбывацца «пры поўнай адсутнасці афіцыйнай ідэалогіі».

Гэта прызнанне спарадзіла безліч пытанняў. Да чалавека, як бы гэта мякчэй сказаць, з нізкім узроўнем IQ спадар Зімоўскі не падобны. Можа, у хаце нешта ў яго здарылася або на працы якіясьці непрыемнасці — рознае ж бывае... Прайшоў дзень, другі. Мінуў тыдзень, і вось у інтэрв’ю «Белгазеце» падбухторшчык беларускага ідэалагічнага балота растлумачыў, што рэалізаваць падобнае абмеркаванне яму даручыў АБП!

Тут у чарговы раз я не магу адмовіцца ад цытавання: «Прэзідэнт нічога ад ідэолагаў не чакае. І ведаеце чаму? Таму што ўсе зблыталі наяўнасць ідэалагічнай вертыкалі і наяўнасць ідэалогіі. Гэта не адно і тое ж. У нас ёсць ідэалагічная вертыкаль, я сам стаяў у вытокаў яе стварэння. Але ёй плацяць не за тое, каб яна ідэі генеравала. А ідэалогіі ў нас няма. Яе адсутнасць канстатуюць усе, і прэзідэнт уключна».

Многія аналітыкі ў прызнанні спадара Зімоўскага разгледзелі «наезд» на галоўнага штатнага ідэолага Беларусі намесніка кіраўніка адміністрацыі АП Наталлю Пяткевіч. Яе адказ не прымусіў сябе доўга чакаць. Ён прагучаў з Кобрына, дзе на абласную канферэнцыю сабраліся калегі Пяткевіч па ідэалагічнаму цэху. Аднак у адказе ўтрымлівалася не аспрэчванне, а згода з асноўнай крамольнай думкай кіраўніка НДТРК: «Сёння мы ўжо можам сказаць, што ідэалагічная вертыкаль у нашай краіне ёсць, і мы ўжо гаворым не пра станаўленне, а пра ўдасканаленне яе працы». Усё зразумела? У краіне ёсць ідэалагічная вертыкаль, а вось пра наяўнасць дзяржаўнай ідэалогіі, прынамсі з Кобрына, інфармацыі не паступіла.

Пра тое, што ідэалагічная вертыкаль у Беларусі далёка не віртуальная, шмат хто з суайчыннікаў ведае з сацыяльнай рэальнасці, што даецца ім непасрэдна ў адчуваннях. Выбарчая кампанія шанцы атрымаць падобныя адчуванні істотна павялічыла. Паведамленні кшталту: «пачасціліся выклікі сваякоў прэтэндэнтаў у выканаўчыя камітэты да начальнікаў ідэалагічных упраўленняў або да намеснікаў дырэктараў па ідэалагічнай працы на прадпрыемствах» нікога ўжо не дзівяць.

Як адзначыў у свой час АБП: «идеологические работники — «исключительно штучный товар». З гэтым, сапраўды, не паспрачаешся. Больш таго, за права і магчымасць «штучного товара» кантраляваць нашу добранадзейнасць, дзяржава расплачваецца з нашай кішэні.

На свой страх і рызыку

Цырк дзяржаўнай ідэалогіі паехаў, а ідэалагічныя клоуны засталіся. Яны ўсе пры справе. Няма, мабыць, такой праблемы, за рашэнне якой не ўзялася б бюракратыя. Загадаюць саджаць кукурузу квадратна-гнездавым спосабам — яны адразу ж шпарка возьмуцца за рэалізацыю. Загадаюць несці дзяржаўную ідэалогію ў масы — аналагічна. Але канчатковым вынікам іх высілкаў нязменна будзе новая бюракратычная структура, якая самім фактам свайго існавання пачне спараджаць дадатковыя праблемы. Для іх вырашэння будуць створаны дадатковыя бюракратычныя структуры. Так запускаецца бюракратычнае «кола агляду». Ці варта пасля гэтага дзівіцца, што ў краіне 57 кантрольных і наглядных інстанцый і 139-е месца ў свеце па Індэксу ўспрымання карупцыі.

Вось зусім свежая інфармацыя. Следчыя КДК і МУС выявілі беспрэцэдэнтныя махінацыі з дзяржаўнымі датацыямі, прызначанымі для падтрымкі аграпрамысловага комплексу Беларусі. Лік ідзе на дзесяткі мільярдаў рублёў. Калі ад рублёў перайсці да тон збожжа, на закупку якога гэтыя самыя мільярды сышлі, то атрымліваецца каля 1,5 мільёна тон. Нагадаю, беларускі каравай у 2009 годзе важыў 8,5 мільёна тон!

Сакавік — месяц ідэалагічны. На днях у Мінску завяршыўся рэспубліканскі семінар прадстаўнікоў «штучного товара». Здавалася б, пасля прызнанняў Зімоўскага, падмацаваных спасылкамі на АБП, пытанне пра наяўнасць/адсутнасць у Беларусі дзяржаўнай ідэалогіі павінна было апынуцца ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў семінара. Але, калі меркаваць па «Советской Белоруссии», гэтага не здарылася. Маё тлумачэнне такога парадоксу заключаецца ў наступным: нягледзячы на рытуальныя заявы пра адзінства нацыі, улада выдатна ведае, што не карыстаецца падтрымкай прыкладна 1/3 грамадства. Уздзейнічаць праз дзяржаўныя СМІ на апазіцыйна настроеных грамадзян яна не ў стане, а таму і быў распрацаваны абыходны манеўр.

Звернемся да першакрыніцы: «Ратуе пакуль сістэму той факт, што змянілася скіраванасць апазіцыйнасці як звонку, так і ўсярэдзіне. Заўважце, сёння ўжо ніхто не патрабуе змены рэжыму і ўлады — гэта выключна ідэалагічная апазіцыйнасць. Пры гэтым і я, і мае апаненты сыходзімся ў тым, што прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Г. Лукашэнка — геній. Засталося прыпрэгчы тэму захавання ўлады да лібералізацыі. Вось гэтым я на свой страх і рызыку і займаюся».

Дык вось куды паехаў цырк дзяржаўнай ідэалогіі! Ён паехаў у недзяржаўныя СМІ. Для таго, каб «прыпрэгчы тэму захавання ўлады да лібералізацыі», ад шараговых прадстаўнікоў «штучного товара» карысці няма ніякай. Іх задача — дзяліць беларусаў на добранадзейных і нядобранадзейных. А для працы з недзяржаўнымі СМІ патрабуюцца ідэолагі з цалкам іншым IQ, і такія, мяркуючы па ўсім, у дзяржавы ёсць.

Каментаваць