Курманбек Бакіеў не ведае, колькі застанецца ў Беларусі

Сустракацца з журналістамі ў Мінску, відаць, робіцца добрай традыцыяй скінутага прэзідэнта Кыргызстану Курманбека Бакіева: 23 красавіка ў Нацыянальным прэс-цэнтры Беларусі адбылася прэс-канферэнцыя былога (цяпер гэта можна з упэўненасцю сказаць) галавы былой савецкай рэспублікі. Двумя днямі раней Бакіеў ужо даваў брыфінг для СМІ, але ў будынку Выканкаму Садружнасці Незалежных Дзяржаў.



Сустракацца з журналістамі ў Мінску, відаць, робіцца добрай традыцыяй скінутага прэзідэнта Кыргызстану Курманбека Бакіева: 23 красавіка ў Нацыянальным прэс-цэнтры Беларусі адбылася прэс-канферэнцыя былога (цяпер гэта можна з упэўненасцю сказаць) галавы былой савецкай рэспублікі. Двумя днямі раней Бакіеў ужо даваў брыфінг для СМІ, але ў будынку Выканкаму Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

Гэтым разам выступ Курманбека Бакіева перад журналістамі можна назваць альбо “споведдзю на зададзеную тэму, альбо “красавіцкімі тэзісамі былога прэзідэнта.

На пачатку Курманбек Бакіеў паведаміў, чаму напісаў заяву аб адстаўцы з пасады кіраўніка дзяржавы і чаму потым быў змушаны ў вербальнай форме яе дэзавуаліраваць. Паводле яго слоў, падпісанне адмовы ад прэзідэнцкай пасады адбылося пасля тэлефонных размоў з кіраўніком Казахстану Нурсултанам Назарбаевым і прэм’ер-міністрам Расіі Уладзімірам Пуціным.

“Выключна для таго, каб не дапусціць развалу дзяржавы, я тады сказаў: добра, я гатовы пакінуць Кыргызстан і напішу заяву аб складанні паўнамоцтваў, але калі будуць выкананы пэўныя ўмовы -  калі ў краіне будзе парадак, калі не будзе пераследу маіх калег, паплечнікаў, маіх сваякоў і блізкіх. Мне гэта паабяцалі, але да сённяшняга дня ўсё зусім наадварот, - сказаў Бакіеў.

Паводле былога галавы краіны, ён не мае намеру вярнуцца ў Кыргыстан у якасці прэзідэнта: “Я не трымаюся за фатэль прэзідэнта, тым больш пасля ўсяго таго, што адбылося… Але я не прызнаю сваю адстаўку, бо яшчэ ёсць магчымасць вярнуцца ў прававое поле. Бакіеў прапанаваў часоваму ўраду вярнуць да працы распушчаны парламент, каб легітымізаваць новую ўладу, каб вярнуцца ў канстытуцыйнае рэчышча. “Сёння ў краіне працягваюцца рабаўніцтвы, забойствы, гвалт, марадзёрства. Часовы ўрад распусціў парламент, канстытуцыйны суд, іншыя інстытуты легітымнае ўлады, і існуе небяспека, што новая ўлада не прызнае дзеянні цяперашняга часовага ўраду адпаведнымі закону і легітымнымі, - падкрэсліў Курманбек Бакіеў. 

Былы прэзідэнт звярнуў увагу на той факт, што ў апошні час стаўленне Расіі да Кыргыстану значна пагоршылася. Напрыклад, істотным ударам для краіны стала ўвядзенне Расіяй мытаў на паліва-змазачныя матэрыялы, што прывяло да росту коштаў на транспарт, прадукты харчавання, тавары народнага спажывання, на ўсю вырабляемую прадукцыю. “Мы былі ў шоку, калі Расія прыняла такое рашэнне. Я сказаў: ну, як гэта так? Мы ж чальцы ЕўрАзЭС. Там ёсць палажэнне, што любыя эканамічныя санкцыі перад тым, як іх уводзіць, падлягаюць узгадненню. Гэта было зроблена без усялякага ўзгаднення і выклікала незадавальненне, - адзначыў Курманбек Бакіеў.

Апроч эканамічнага звергнуты прэзідэнт назваў яшчэ і палітычны бок пытання: справа ў тым, што расійскаму кіраўніцтву вельмі недаспадобы знаходжанне ў Манасе амерыканскай ваеннай базы, хаця ў Канце, таксама непадалёк ад Бішкеку, месціцца і вайсковая база Расійскай Федэрацыі: “Трэба прама сказаць, што кіраўніцтва Расіі наяўнасць амерыканскай ваеннай базы ў Кыргызстане не задавальняла, раздражняла, і вось гэты чыннік таксама адыграў пэўную ролю.

Па словах Бакіева, Кыргызстан заўсёды падтрымліваў усе міждзяржаўныя ўтварэнні на тэрыторыі былога Савецкага Саюза. У той жа час, адзначыў Курманбек Бакіеў, яго краіна менавіта сваім уласным рашэннем, без дадатковых узгадненняў звонку, прадаставіла тэрыторыю Кыргызстану для кааліцыйных сіл, што вядуць баявыя дзеянні ў Афганістане, які сёння “уяўляе вялікую небяспеку для цэнтральнаазіяцкага рэгіёну.

“Але гэты чыннік вельмі не спадабаўся Мядзведзеву і Пуціну. Абодва кіраўнікі былі літаральна раз’юшаны ад такіх дзеянняў Кыргызстану. Магчыма, як былі мы за Савецкім Саюзам, калі Масква вырашала ўсё за нас, так і дагэтуль, відаць, гэты сіндром захоўваецца. Хаця мы ўжо дваццаць год маем незалежнасць пасля развалу Савецкага Саюза, - сказаў прамоўца.

Курманбек Бакіеў закрануў таксама і пытанне рэакцыі на падзеі ў Кыргызстане з боку кіраўнікоў краін-удзельніц АДКБ - Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы (а, дакладней, адсутнасці гэтай рэакцыі).

“Рэакцыі АДКБ – ніякай. Разумею, калі я знаходзіўся на поўдні, калі за мной ганяліся бандыты са зброяй, я разумею, у іх не было магчымасці звязацца са мной. Але, выбачайце, я ўжо чацвёрты дзень у Беларусі… Ніводнага, хоць бы пасля таго, што здарылася, хаця б адзін калега выйшаў на сувязь, сказаў, хоць бы голас пачуць…, - пажаліўся Бакіеў. – Я хачу яшчэ раз выказаць вялікую ўдзячнасць прэзідэнту Беларусі Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку, які выявіў не толькі глыбокую прыстойнасць як чалавек, але і як мужны дзяржаўны дзяяч паступіў. Іншыя кіраўнікі, я так мяркую пра сябе, мы так часта размаўлялі на нефармальных самітах, адзін з адным гутарылі, я думаю, яны ў душы падтрымліваюць, але нешта ім перашкаджае адкрыта пра гэта сказаць. Хутчэй за ўсё, боязь апынуцца ў такой сітуацыі, у якой апынуўся я. Верагодна, мужнасці проста не хапае ім.

Курманбек Бакіеў абверг інфармацыю пра тое, што ён нібыта перад тым, як пакінуць Кыргызстан, пераправіў з краіны ў замежжа 200 мільёнаў долараў. Па словах Бакіева, для такой маленькай краіны, як Кыргызстан, гэта неверагодна вялікая сума: “Які банк за два дні пры такім бардаку, пры такім хаосе ў Кыргызстане закумулюе такую суму і зможа вывезці яе з краіны? Хто можа зрабіць гэта рэальна? Я ў гэта не веру.

Як адзначыў апальны прэзідэнт, нават знаходзячыся далёка па-за межамі сваёй краіны, ён мае намер выкарыстаць усе свае магчымасці, каб дабіцца аказання дапамогі Кыргызстану: “Я зараз рыхтую зварот да ААН, АБСЕ, да Вялікай Васьмёркі, да Еўрапейскага Савета, да СНД аб тым, каб яны найбліжэйшым часам аказалі падтрымку Кыргызстану. Да гэтага часу ёсць чаканне: а што будзе далей? Я лічу, што гэта няправільна.

Па словах Бакіева, ён пакуль не вызначыўся, як доўга будзе заставацца ў Беларусі. Да таго ж, звергнуты прэзідэнт Кыргызстану заявіў, што не збіраецца ні ў каго прасіць палітычнага прытулку. “Пытанне так не стаіць, - падкрэсліў Курманбек Бакіеў.    

Як і пад час брыфінгу ў штаб-кватэры СНД у мінулую сераду, парадак у Нацыянальным прэс-цэнтры ў пятніцу забяспечвала Служба бяспекі Аляксандра Лукашэнкі. Курманбека Бакіева па-ранейшаму ў Мінску  прымаюць як прэзідэнта Кыргызстану, нягледзячы на тое, што ад яго адвярнуліся як Расія, так і Захад, у тым ліку і Злучаныя Штаты…

 

Каментаваць