Ліберальнасць малымі дозамі

Завяршылася фармаванне тэрытарыяльных выбарчых камісій. Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына лічыць, што патрабаванне выбарчага кодэкса аб тым, каб прадстаўнікі палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў складалі не менш за адну траціну ў камісіях, цалкам выканана. Аднак у апазіцыйных партыях з пазіцыяй ЦВК не пагаджаюцца, і нават былі спробы адстаяць сваю пазіцыю праз суд.



Завяршылася фармаванне тэрытарыяльных выбарчых камісій. Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына лічыць, што патрабаванне выбарчага кодэкса аб тым, каб прадстаўнікі палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў складалі не менш за адну траціну ў камісіях, цалкам выканана. Аднак у апазіцыйных партыях з пазіцыяй ЦВК не пагаджаюцца, і нават былі спробы адстаяць сваю пазіцыю праз суд.

Партыя БНФ падавала скаргу ў суд на рашэнне па фармаванню Мінскай гарадской тэрытарыяльнай выбарчай камісіі. Аднак рашэнне суда — не на карысць партыйцаў. Агулам партыя БНФ вылучала шэсць прадстаўнікоў у склад тэрытарыяльных выбарчых камісій, і ніводзін з іх не прайшоў быццам бы з-за дапушчаных памылак пры вылучэнні. Намеснік старшыні Мінскай гарадской арганізацыі Партыі БНФ Вадзім Канапацкі лічыць, што неўключэнне сябраў партыі ў склад тэрытарыяльных камісій «ставіць пад сумненне гатоўнасць уладаў правесці сумленную выбарчую кампанію». Паводле інфармацыі прэс-службы партыі БНФ, зафіксаваны выпадкі ціску на людзей, прозвішчы якіх былі пададзеныя ў райвыканкам у якасці патэнцыйных сябраў участковых выбарчых камісіяў. Агулам толькі па Мінску партыя вылучыла 150 чалавек у якасці сябраў участковых камісій.

У сваіх прэтэнзіях Партыя БНФ не самотная. Прадстаўнікі Руху «За свабоду» таксама не прайшлі ў тэрытарыяльную выбарчую камісію, але ў Баранавічах. Адкрытага абмеркавання і галасавання па кандыдатурах у склад выбарчай камісіі не было. Супрацоўнікі гарвыканкама і гарсавета зацвердзілі загадзя падрыхтаваны спіс Баранавіцкай гарадской выбарчай камісіі ў складзе 13 асоб. У яго трапілі прадстаўнікі КПБ і партыі «Справядлівы свет», грамадскіх арганізацый «Беларускі саюз жанчын», «Белая Русь», БРСМ, Саюза ветэранаў, Беларускага саюза афіцэраў, прафсаюза дзяржаўных устаноў, а таксама асобы, якіх вылучалі ад працоўных калектываў і шляхам збору подпісаў.

У пачатку лютага, пад завесу прызыўной кампаніі, у войска забралі і актывіста Руху «За Свабоду» Алега Пронскага, якога вылучалі ў склад Гродзенскай абласной выбарчай камісіі.

Агулам, па інфармацыі Цэнтрвыбаркама, заяўкі палітычных партый пры фарміраванні тэрытарыяльных выбарчых камісій былі задаволеныя на 90 працэнтаў. Найбольш у камісіі патрапіла сябраў КПБ — 75 чалавек, ад «Справядлівага свету» — 9 чалавек, з 14-ці сябраў АГП — 4, з васьмі сябраў БСДГ два. Ніводны прадстаўнік з шасці заяўленых ад партыі БНФ у выбаркамы не прайшоў.

Затое прадстаўнічасць праўладных арганізацый у камісіях, па традыцыі, высокая. З 4024 прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў сябраў «Белай Русі» — 517, БРСМ — 527, Беларускага саюзу жанчын — 489, Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў — 303, Федэрацыі прафсаюзаў — 1 882.

Бліжэйшым часам будуць створаныя выбарчыя акругі і акруговыя выбаркамы. Вылучэнне кандыдатаў пачнецца ад 14 лютага. Пасля гэтага можна будзе рэгістраваць ініцыятыўную групу кандыдатаў у дэпутаты і пачынаць збіраць подпісы. Таксама да 14 лютага выканкамы павінны прыняць рашэнне, у якіх месцах нельга арганізоўваць пікеты па зборы подпісаў. Калі такое рашэнне не будзе прынятае, то пікеты можна праводзіць усюды.

Кандыдаты ў дэпутаты абласнога савету атрымаюць з дзяржбюджэту па 280 тысяч рублёў на друк улётак, памяшканне для сустрэчаў і час у эфіры радыё будуць прадастаўленыя бясплатна.

У апазіцыйных колах лічаць, што гэта выбарчая кампанія істотна ад папярэдніх не адрозніваецца. Папраўкі ў выбарчае заканадаўства прадугледжваюць, што траціну складу выбарчых камісій павінны заняць прадстаўнікі палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў. Гэтыя месцы запоўнілі прадстаўнікі праўладных «Белай Русі», ФПБ, БРСМ ды іншых, хаця варта адзначыць, што і апазіцыя не вылучылася вялікай актыўнасцю на стадыі фарміравання тэрытарыяльных выбаркамаў. Наступныя этапы, калі будуць створаныя акруговыя выбаркамы і пачнецца рэгістрацыя кандыдатаў, пакажа, наколькі далёка гатовыя зайсці ўлады ў дэманстрацыі ліберальнасці выбарчай кампаніі. Але прапусканне праз сіта нават таго мізэру прадстаўнікоў апазіцыі, якія вылучаліся ў выбаркамы, гаворыць, што «дабрыня» Цэнтрвыбаркама будзе не бязмежнай, а дазаванай і бяспечнай для адладжанай за гады сістэмы выбараў.

Каментаваць