Справа Алесіна: «Гайдукоў нумар два»?

Аглядальніка і эксперта Аляксандра Алесіна выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Тым не менш, справа ў адносінах да яго не закрытая, і ён па-ранейшаму абвінавачаны па шпіёнскім артыкуле.



Аглядальніка і эксперта Аляксандра Алесіна выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Тым не менш, справа ў адносінах да яго не закрытая, і ён па-ранейшаму абвінавачаны па шпіёнскім артыкуле.

У сітуацыі з затрыманнем журналіста КДБ быў у звыклым рэпертуары: ніякай інфармацыі людзям, і як мага больш «туману» тым, каму інфармацыі не даць нельга — родным затрыманага. Пра тое, што Алесіна арыштавалі, грамадскасць даведалася са спазненнем у 10 дзён. Затрымалі яго 25 лістапада, у прэсу ж гэта прасачылася 5 снежня.

Як стала вядома, Алесіна затрымлівалі ў кавярні, разам з нейкім дыпламатам немаведама якой краіны. У размовах з ягонымі роднымі прадстаўнікі КДБ запэўнівалі, што сам Алесін для ведамства не цікавы, як яны казалі, «не з’яўляецца асноўным фігурантам справы», ім цікавы дыпламат, з якім той сустракаўся. Але дыпламат мае імунітэт, і таму не быў затрыманы. Наймаць Алесіну адваката ў КДБ не раілі, «бо, магчыма, яго вызваляць пад падпіску аб нявыездзе па стане здароўя».

Шкада, што родныя журналіста купіліся на казуістыку КДБ. Алесін, можа быць, і не асноўны фігурант справы, але ў тым выпадку, калі іншы яе фігурант мае дыпламатычны імунітэт, ён папросту адзіная кандыдатура ў абвінавачаныя.

Дзяцей Алесіна заблыталі і фармулёўкамі Крымінальнага кодэкса. Яны паведамілі, што ў дачыненні да журналіста распачата справа па артыкуле 356 «Здрада дзяржаве» і артыкуле 356 ч.1 «Выдача дзяржаўнай таямніцы замежнай дзяржаве, замежнай арганізацыі ці прадстаўніку, альбо шпіянаж».

Між тым, гэта не два розных абвінавачванні, а адно. Так, артыкул 356 называецца «Здрада дзяржаве», а тое, што дзеці працытавалі ў якасці другога абвінавачвання, — пачатак першай часткі гэтага ж артыкула. Па ёй прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ад 7 да 15 гадоў. «Шпіянаж» сюды не ўпісваецца, бо гэта артыкул 358 КК РБ, і тычыцца ён толькі замежных грамадзян альбо асобаў без грамадзянства. Ёсць яшчэ «артыкул Гайдукова» — 356–1: усталяванне супрацоўніцтва са спецслужбай замежнай дзяржавы пры адсутнасці прыкмет здрады дзяржаве. Санкцыя па ім — ад 6 месяцаў арышту да двух гадоў пазбаўлення волі.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч, каментуючы гэтую блытаніну, зазначыў: артыкул 356–1 выключае прад’яўленне абвінавачвання па артыкуле 356, паколькі гэта артыкул прадугледжвае адказнасць за ўсталяванне супрацоўніцтва з замежнай выведкай без прыкмет здрады. Калі абвінавачванне прад’яўлена па 356–1, то Алесіна не могуць трымаць пад вартай, бо прадугледжанае пакаранне — менш за тры гады, і ён павінен быць вызвалены пад падпіску аб нявыездзе.

У гэтай сітуацыі маўчанне — зусім не золата, а хутчэй наадварот. Пакуль калегі не ведалі пра затрыманне, Алесін сядзеў у СІЗА КДБ. Як толькі ўзняўся розгалас, яго хутка вызвалілі.

«Мяне толькі што выпусцілі. Перакваліфікавалі артыкул — і вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе і аб невыдаванні інфармацыі. Абвінавачваюць у супрацоўніцтве з замежнай спецслужбай. Больш падрабязнасцяў пакуль расказаць не магу, каб не было ўскладненняў. Сітуацыя пакуль яшчэ досыць складаная, дзеянні яшчэ не завершаныя, таму я павінен пакуль захоўваць маўчанне», — сказаў Алесін у кароткім каментары з нагоды свайго вызвалення.

Гэта значыць, што спачатку эксперту сапраўды шылі артыкул «здрада дзяржаве». А потым яго перакваліфікавалі на 356–1: «Усталяванне супрацоўніцтва са спецыяльнай службай, органам бяспекі або разведвальным органам замежнай дзяржавы» — той, пра які казаў Стэфановіч.

Справа Алесіна адзін у адзін паўтарае справу Андрэя Гайдукова. Таму таксама спачатку прад’явілі абвінавачванне ў здрадзе дзяржаве, а потым перакваліфікавалі артыкул і асудзілі на паўтара гады зняволення.

Артыкул 356–1 — вельмі зручны для КДБ, па ім можна абвінаваціць любога чалавека.

Чаму шпіёнскія справы па артыкуле «здрада дзяржаве» амаль заўсёды развальваліся? Таму што, паводле гэтага артыкула, выдача дзяржтаямніцы альбо шпіянаж павінны быць здзейсненыя грамадзянінам Беларусі свядома і «наўмысна», з мэтаю нанесці шкоду дзяржаве. Артыкул жа 356–1 амаль ніякіх доказаў не патрабуе. Ён прадугледжвае адказнасць за сам факт усталявання сувязі з замежнымі спецслужбамі, разведкамі альбо органамі бяспекі на канфідэнцыйнай аснове, прычым не ўдакладняецца, што лічыць, напрыклад, «органам бяспекі» замежнай дзяржавы.

У самым прымітыўным выпадку: едзеце вы, напрыклад, на машыне па тэрыторыі Расіі, Украіны, Польшчы альбо Літвы. Вас спыняе паліцэйскі за перавышэнне хуткасці і выпісвае штраф. Вы яго аплачваеце — і забываецеся пра гэта да таго часу, пакуль паперы пра вашае затрыманне не прыходзяць у Беларусь. І вось вам два гады калоніі. За што?

З паліцэйскім размаўлялі? Значыць, усталявалі кантакт з «органам бяспекі замежнай дзяржавы». Пра штраф не расказалі? Значыць, канфідэнцыйна. І нават у фінансавыя стасункі ўступілі з замежным органам бяспекі, што пацвярджаецца вашай квітанцыяй аб аплаце штрафу.

Зараз, не ведаючы абставінаў абвінавачвання, цяжка сказаць, чым скончыцца «справа Алесіна», і ці паўторыць ён лёс Гайдукова. Ёсць і іншыя прыклады заканчэння такіх спраў — напрыклад, справа ксяндза Лазара, якую закрылі «за адсутнасцю доказаў». Канешне, Лазар паўгады правёў у СІЗА КДБ, але ж не даганяў потым свой тэрмін у калоніі.

Каментаваць