Лепшая чытанка ў Дзень дурня

Красавік — цікавы месяц. Пачынаецца ён Днём дурня, адразу за ім адкрываецца чарговая сесія Палаты прадстаўнікоў. Зноў будзе шмат выходных, і надыдзе цікавая дата — палова чарговага тэрміна Аляксандра Рыгоравіча.

Нядаўна журналісты падлічылі, што абяцанню беларускага кіраўніка пра заробак кожнаму «па пяцьсот» споўнілася 10 гадоў. А таму пад 1 красавіка самы час перачытаць апошнюю перадвыбарчую праграму «пераканаўча перамогшага» кандыдата ў прэзідэнты.

Перадвыбарчая праграма Аляксандра Рыгоравіча і сёння чытаецца як сапраўдная навуковая фантастыка. Прычым, савецкая фантастыка — утапічная, дзе ўсе жывуць у згодзе, без канфліктаў, леў побач з ягнём, і гэтак далей. На такія малюнкі заўсёды глядзіш з замілаваннем.

Вось, напрыклад, тэзісы: «Даць кожнаму чалавеку магчымасць зарабляць на годнае жыццё сваёй працай — гэты прынцып першапачаткова быў пакладзены ў падмурак беларускай эканамічнай мадэлі». І надалей нам абяцалася, што «занятасць — гэта стабільнасць грамадства і дабрабыт людзей, магчымасць кожнаму зарабіць сабе на годнае жыццё сваёй працай».

Прыгожа ж! Так. Пры гэтым ніхто не тлумачыў, што такое «годнае жыццё», і не распавядаў, колькі для гэтага трэба «зарабляць сваёй працай». А таксама не казалася, адкуль пры такіх мэтах у нас узяліся 400 тысяч дармаедаў і колькі ў нас насамрэч беспрацоўных.

Дарэчы, дзеля забеспячэння гэтага «годнага жыцця» нам абяцалі змагацца з інфляцыяй і ростам цэнаў. Наконт інфляцыі — не ведаю, але адным з метадаў барацьбы з ростам цэнаў называлася «рашучая барацьба з манапалізмам з мэтай забеспячэння сумленнай канкурэнцыі на рынку і зніжэння цэнаў».

Чуеце, прыватныя перавозчыкі? Рашучая барацьба з манапалізмам! Забеспячэнне сумленнай канкурэнцыі! Зніжэнне цэнаў! Барацьба з манапалізмам, «Белтэлекам», і зніжэнне коштаў, а не павышэнне іх!

Дарэчы, у гэтым жа раздзеле абяцалася скарачэнне знешняга дзяржаўнага доўгу. «Мы не павінны перакладаць нашы даўгі на будучыя пакаленні», — пафасна заклікаў Аляксандр Рыгоравіч. У выніку рэалізацыі гэтага пункта перадвыбарчай праграмы знешні доўг Беларусі ў 2017 годзе дасягнуў гістарычнага максімуму ў $16,6 мільярда, а ўвогуле дзярждоўг краіны зараз складае 38% ад ВУП з тэндэнцыяй да павелічэння ў 44,5% ад таго ж ВУП ужо ў гэтым годзе. Прычым, паводле падлікаў Мінфіна, крытычная стаўка дзярждоўгу — 45% ад ВУП.

Але каму цікавыя лічбы? Давайце яшчэ больш пра вясёлае. Напрыклад, пра развіццё дзелавой ініцыятывы. Так, Аляксандр Рыгоравіч нават адпаведны дэкрэт падпісаў — бачна, у выкананне сваіх абяцанняў. Але ў перадвыбарчай праграме таксама дэкларавалася «забарона на павышэнне старых і ўвядзенне новых падаткаў на працягу пяці гадоў. Любыя змены падаткаў — толькі ў бок змяншэння і спрашчэння».

Як добра! З 1 красавіка ў Беларусі ўзрастае базавая арэндная велічыня — да 16 рублёў 11 капеек. Ад гэтай велічыні разлічваюць стаўкі арэнды розных памяшканняў. Не падатак, канешне, але ўсё ж. З 1 студзеня ў Беларусі запрацаваў так званы «падатак на Гугл» — зараз ПДВ у памеры 20% абкладаюцца паслугі, якія аказваюцца беларускім фізічным асобам замежнымі кампаніямі. А ўлады задумаліся пра «падатак на пакеты» — бо поліэтылен цяжка перапрацоўваць, і ён шко­дзіць навакольнаму асяроддзю. Вытворцы пакетаў ужо плацяць экалагічны падатак, зараз ім плануюць абкласці і карыстальнікаў тары, то бок грамадзян.

А памятаеце такі цікавы пункт перадвыбарчай праграмы, як «у будучай пяцігодцы наша медыцына па ўсіх параметрах стане ў адзін шэраг з медыцынай развітых дзяржаў»? І, адначасова дэкларавалася захаванне даступнасці якаснай медыцыны і адукацыі для кожнага грамадзяніна Беларусі?

Наконт кожнага — не ведаю, але новую «лечкамісію» для чыноўнікаў за 100 мільёнаў долараў пабудавалі. Што ж да даступнасці якаснай медыцыны — то яна, зразумела, даступная. За грошы, але даступная. Кажуць, некаторым грамадзянам у гэтым будынку ўжо зрабілі аперацыі. Бясплатна ці за грошы — пры гэтым не паведамляецца.

У тым жа раздзеле з клопатам пра людзей анансавалася «стварэнне сучаснай сістэмы даступнага іпатэчнага крэдытавання. У кожнай беларускай сям'і, што рэальна мае патрэбу ў новым жыллі, будзе магчымасць пабудаваць сабе дом або кватэру».

Прайшлі два з паловай гады. Наконт сістэмы іпатэчнага крэдытавання пакуль — маўчанне. Па-ранейшаму дзяржава нясе на сабе цяжар «падтрымкі маладых сем’яў» і іншых катэгорый грамадзян, якія маюць права на льготнае будаўніцтва.

Праўда, пра іпатэку размовы ходзяць яшчэ з тых часоў, калі Лукашэнка ўвогуле прэзідэнтам не быў. То бок, чвэрць стагоддзя. Ужо новае пакаленне «маючых патрэбу ў жытле» вырасла, а размовы ўсё яшчэ ходзяць…

Ну і любімы мой пункт — абяцанне запусціць у Беларусі ўжо ў гэтай пяцігодцы (палова з якой прайшла) сувязь па тэхналогіі 5G. Дзе «пяцёрачка»? Нідзе.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • фцф
  • 2018-04-01 12:51:54
Ужо мінула палова? Дык засталося яшчэ 24 гады. Я магу і не дачакацца ...

Каментаваць