Лібералізацыя скончаная?

А магчыма, лібералізацыя ў Беларусі і не пачыналася. Улады заўсёды знойдуць, на каго паляваць. Тым не менш, яны разумеюць, што для «закручвання гаек» зараз час вельмі неспрыяльны.



Малюнак #пагоняпобач


Улады заўсёды знойдуць, на каго паляваць. Гэтым разам, як, у прынцыпе, і заўсёды, пад раздачу трапіла патрыятычна скіраваная моладзь. А пачалося ўсё з гербу «Пагоня».

Адразу два выпадкі, звязаныя з гістарычнай сімволікай, нарабілі вэрхалу ў грамадстве. 12 кастрычніка ў Барысаве праходзіў футбольны матч паміж Беларуссю і Македоніяй. На ім былі затрыманыя пяць заўзятараў — за тое, што ў іх былі шалікі з гістарычным гербам Беларусі. Яшчэ большы розгалас набыла сітуацыя з кадэтамі Брэсцкай абласной кадэцкай вучэльні, якая знаходзіцца ў вёсцы Ястрэмбель пад Баранавічамі. Чацвёра хлопцаў выклалі ў сацыяльныя сеткі фота, дзе яны дэманструюць пад формай цішоткі з «Пагоняй».

Што да фанатаў, то ноч яны правялі ў Барысаўскім РАУСе. Больш складаная сітуацыя з кадэтамі: кіраўніцтва вучэльні нават выклікала міліцыю, каб разабрацца з нелаяльнымі маладзёнамі. Міліцыя разбірацца адмовілася, бо справа не вартая і звычайнага выкліку — проста парушэнне формы адзення. Аднак кадэтаў усё ж ідэнтыфікавалі і пачалі пагражаць ім адлічэннем.

У абарону кадэтаў — Нобелеўскі лаўрэат Святлана Алексіевіч. Яна назвала маладзёнаў «зорачкамі, што свецяць у цемры» і дадала, што «з іх вырастуць сапраўдныя беларускія афіцэры, якімі Беларусь можа ганарыцца». У інтэрнэце з’явіліся петыцыі ў падтрымку кадэтаў, пайшла акцыя «#пагоняпобач»… Карацей, грамадства ўсхвалявалася нежартоўна.

У выніку заўзятары атрымалі штрафы, а кадэты пакуль што застаюцца ў вучэльні. Акрамя хлопца, які выклаў гэтае фота ў сеціва. Яго забралі з інтэрнату бацькі і яшчэ думаюць, ці пакідаць дзіцёнка ў гэтай навучальнай установе наогул.

Апраўдвацца за «Пагоню» давялося міністру ўнутраных спраў Ігару Шуневічу. Ён паведаміў, што ў краіне не існуе адміністрацыйнай ці нейкай іншай адказнасці за выкарыстанне герба «Пагоня».

Так, канешне, якая можа быць адказнасць за зарэгістраваную сімволіку? У чарговы раз нагадаю, што «Пагоня» з’яўляецца менавіта зарэгістраванай, бо ўнесеная ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Тым не менш, усім вядома, што ёсць заканадаўства, а ёсць і правапрымяняльная практыка.

Так што, калі верыць спадару Шуневічу, то фанатаў затрымалі за лаянку. Але, гэта — калі верыць. Бо, па словах уладных чыноўнікаў, у нас і палітвязняў не было, усе выключна крымінальнікі.

Выключна хуліганамі былі і тыя, хто арганізаваў шэсце ў Мінску 10 кастрычніка, і тыя, хто 11-га пратэставаў супраць афіцыйных вынікаў выбараў. Зараз ім прыходзяць павесткі альбо ў РАУС, альбо адразу ў суд. Некаторыя атрымліваюць штрафы за «нецэнзурную лаянку», а некаторыя абмяжоўваюцца «прафілактычнай гутаркай» і дачай тлумачэнняў у міліцыі.

Зразумела, сённяшні ўзровень рэпрэсій не параўнаць з узроўнем 2010 года, калі пад адміністрацыйны арышт трапілі сотні людзей. Але пільная ўвага да «нязгодных», альбо проста іншадумцаў, як у выпадках з «Пагоняй», усё ж адчувальная.

Чаго нам чакаць далей? Ці будзе, як звычайна, «зацісканне гаек»?

Палітолаг Дзяніс Мельянцоў кажа, што для «закручвання гаек» зараз час вельмі неспрыяльны. Таму і заканчваюцца падобныя інцыдэнты адносна лёгка для іх удзельнікаў. «Калі мы параўнаем статыстыку затрыманняў і арыштаў пасля 2006 альбо пасля 2010 гадоў, можна сказаць, што рэпрэсіяў, «закручвання гаек» няма ўвогуле», — адзначае ён.

На гэта ёсць некалькі прычынаў, мяркуе Мельянцоў. Найперш — вонкавая. Улады зацікаўленыя ў «лібералізацыі» адносінаў з Еўропай. ЕС размаўляе пра прыпыненне санкцый адносна Беларусі і вышэйшых чыноўнікаў з перспектываю іх адмены. Вялікую ролю адыграла і Украіна: рэгулёўка гэтага канфлікту прывяла да таго, што заходнія дыпламаты сталі больш прыязна ставіцца да Беларусі. Разбураць з такой цяжкасцю заваяваны імідж «мірнай і стабільнай» краіны беларускай уладзе вельмі не хочацца. Эканамічная сітуацыя таксама вымагае заходніх крэдытаў, для чаго патрэбная пэўная стрыманасць у дачыненні да палітычных апанентаў. І, нарэшце, адзначае палітолаг, унутры краіны зараз слабыя пратэстныя настроі грамадства. Апазіцыя ў разабраным стане, з гэтага боку выкліку ўладам няма, што спрашчае задачу ўтрымання ад рэпрэсій.

Улады могуць пайсці на рэпрэсіі толькі ў адным выпадку: калі яны пачнуць прымаць непапулярныя захады, — а менавіта гэтых захадаў вымагае сітуацыя ў эканоміцы. І калі народ пойдзе на вуліцы, ізноў пачнуцца брутальныя разгоны і затрыманні. Як у 2011-м годзе, калі была жорсткая рэакцыя на «маўклівыя пратэсты».

Як мяркуе Мельянцоў, зараз «усё будзе па-іншаму». Калі рэпрэсіі і будуць, то, хутчэй, кропкавыя. А вось ці стрымаюць яны масавы пратэст — невядома. Праўда, Мельянцоў сумняецца і ў тым, што гэты масавы пратэст таксама будзе, але… Усё залежыць ад таго, наколькі далёка ўлады зойдуць у непапулярных мерах.

Каментаваць