Лідары — на прэс-канферэнцыю, людзі — да Дому ўраду

У той час, пакуль лідары апазіцыі рыхтуюцца да прэс-канферэнцыі, некалькі соцень чалавек на Кастрычніцкай плошчы вырашылі рухацца да Дому ўраду.



Фота "Радыё Свабода"


Каля 200 чалавек разам з журналістамі і назіральнікамі пасля амаль гадзіны стаяння на Кастрычніцкай плошчы па закліку актывістаў вырашылі пайсці на плошчу Незалежнасці. Міліцыя  і людзі ў цывільным, якіх нямала было на Кастрычніцкай плошчы, пакуль ніяк не перашкаджаюць.

Яшчэ з самага пачатку збору людзей на Кастрычніцкай плошчы спецмашына з гукаўзмацняльнай апаратурай папярэджвала мітынгоўцаў на рускай і беларускай мовах, што можа быць прымененая сіла.

Людзі падышлі да плошчы Незалежнасці, рухаліся па ходніках і пераходах, імкнуліся не парушаць правілы дарожнага руху. Калону суправаджаюць назіральнікі ад праваабарончых арганізацый і АБСЕ.

Грамада сабралася каля Чырвонага касцёла і разважалі, ці не пайсці да ЦВК.

Мітынгоўцы памаліліся за зніклых лідараў апазіцыі, праспявалі "Магутны Божа" і адзначылі, што народ будзе адзіны, калі будзе адзінай апазіцыя.

Пратэстоўцы паступова разыходзяцца, на плошчы засталося каля сотні чалавек і мноства журналістаў. Бачны толькі адзін бел-чырвона-белы сцяг у хлопца з Мінска.

Затрымалі пакуль аднаго чалавека — 17-гадовага школьніка Ягора Скрабнеўскага, які трымаў сцяг. Міліцыянты павялі хлопца з плошчы і пасадзілі ў мікрааўтобус. У выніку Ягора ўсё ж адпусцілі, пратакол ён не падпісаў.

Каментаваць