Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Лінас Лінкявічус: Астравецкая АЭС — гэта эканамічная «бомба»

Беларусь увесь час балансуе паміж Расейскай Федэрацыяй і Еўразвязам. Але гэта не можа адбывацца да бясконцасці, неяк усё гэта павінна закончыцца, перакананы Лінас Лінкявічус.

Кіраўнік МЗС Літвы даў эксклюзіўнае інтэрв'ю сайту Charter97.org.

Міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус адказаў на пытанні галоўнай рэдактаркі Charter97.org Наталлі Радзінай.

— Спадар міністр, ужо трэці год Літва жыве з еўра. Пры гэтым частка постсацыялістычных краін не перайшла на агульную еўрапейскую валюту. Польшча катэгарычна не хоча гэта рабіць. Пераход на еўра — гэта палітычная, якая закранула кожнага жыхара Літвы. Як вы ацэньваеце ўвядзенне ў Літве еўра, і як гэта адбілася на эканамічным развіцці краіны?

— Калі коратка, то ў кожнай краіны свая сітуацыя. Па-першае, практычна ўсе партыі Літвы пагадзіліся, што ўваходжанне ў зону еўра таксама з'яўляецца нашым палітычным выбарам, і мы гэта ўспрымаем як складовую частку еўрапейскай інтэграцыі. Па-другое, гэта не толькі палітычная пастанова, але і фіскальная, бо нашая валюта доўгі час была прывязаная да еўра. Так што мы дэ-факта былі ў зоне еўра, але дэ-юрэ не маглі ўдзельнічаць ні ў якіх іншых механізмах як чальцы Еўрагрупы.

Вядома, шчыра кажучы, калі паглядзець сацыялагічныя даследаванні, заўсёды ёсць насцярожанасць і недавер, калі змяняецца валюта. Гэта было і ў Эстоніі, і ў Латвіі, і ў нас. Але агулам людзі падтрымалі ўвядзенне еўра, бо яны заўважылі, што стала менш бюракратычных перашкод. Лягчэй і зручней стала ездзіць у краіны Еўразвязу, для бізнэсу гэта таксама больш камфортна. Фактычна, на розных валютах зараблялі толькі банкі, бо абмен валют для іх быў яшчэ адной крыніцай прыбытку. Але ў астатнім усе заўважылі, што гэта больш практычна, тым больш, паўтаруся, мы ўжо дэ-факта былі ў еўразоне. Хоць, вядома, у тых, хто мае самастойную манетарную палітыку, могуць быць нейкія іншыя аргументы.

Так, быў крызіс у зоне еўра, але разам з моцнымі эканомікамі ЕЗ выйсці з крызісу нашмат лягчэй, чым паасобку. Так што, зыходзячы з усяго гэтага, больш аргументаў ўсё ж «за», чым «супраць». Скептычныя настроі людзей з часам зніклі.

— Міжнародныя вайсковыя эксперты мяркуюць, што апошнія расейскія вайсковыя вучэнні былі накіраваныя супраць ўсёй рэгіянальнай бяспекі, але найперш супраць Літвы. Літва фактычна была ўзятая «ў абцугі»: праходзілі вучэнні ў Калінінградзе, дзе размешчаны ракеты «Іскандэр», у Беларусі — «Захад–2017», вучэнні Балтфлота Расеі з удзелам найбуйнейшых расейскіх ракетаносцаў. Якую мэту пераследавала Расея? Гэтая была падрыхтоўка да захопу Літвы?

— Я б не сказаў, што наўпрост ішла падрыхтоўка да захопу Літвы. Мы ўвесь час гаворым, што праводзіць вучэнні можна, тым больш, калі гэта прадказальна (вучэнні «Захад» праходзяць кожныя 4 гады). Апошні раз яны былі ў 2013 годзе, але з тых часоў Расея пачала дзве вайны і анексавала Крым. Таму ўсе мерапрыемствы, дзе задзейнічаны расейскія вайскоўцы, заслугоўваюць большай увагі.

Чым былі гэтыя вучэнні? Гэта была дэманстрацыя сілы. Гэта была не толькі, скажам, праверка здольнасці ўзаемадзеяння ўзброеных сіл Расеі ды Беларусі. Бо Расея апошнім часам выкарыстоўвае вайсковую сілу ў замежнай палітыцы, таму, вядома, гэтыя вучэнні заслугоўваюць асаблівай увагі.

Практыка паказала, што вучэнні «Захад–2017» насілі не абарончы, а наступальны характар. Тым больш, калі казаць пра колькасць вайскоўцаў. Афіцыйна было абвешчана, што іх было 12700, гэта адмыслова столькі, каб было менш за 13 000 і было менш патрабаванняў ад назірання паводле Венскага дакумента. Але мы ведаем, што колькасць вайскоўцаў, якія ўдзельнічалі ў вучэннях, дакладна не вядомая, трэба яшчэ супаставіць усё, але ў кожным выпадку заяўленая колькасць — далёка-далёка ад праўды. Тым больш, што тэрыторыяй вучэнняў была не толькі Расея і Беларусь, вучэнні праходзілі ад Кольскай паўвыспы да мяжы з Украінай.

Так што трэба мець на ўвазе і колькасць вайскоўцаў, і задзейнічаныя палігоны. Калі пра Беларусь можна казаць, што гэтыя палігоны былі вызначаныя правільна, як і было заяўлена да вучэнняў, то ў Калінінградскай вобласці мы ведаем, што іх было больш, чым было абвешчана. Да таго ж празрыстасць вучэнняў, як абяцалася, не выконвалася.

— Цяпер ужо МЗС Украіны заяўляе, што частка расейскіх вайскоўцаў засталася ў Беларусі. Чым гэта можа пагражаць Літве?

— Гэта пагражае і Беларусі. Мы гаварылі, яшчэ да вучэнняў, і мы спадзяемся, што тыя вайскоўцы, якія ў вялікіх колькасцях былі завезеныя ў Беларусь, там вельмі вялікая колькасць... Але МЗС Расеі афіцыйна абвясціла, што яны ўсе будуць вывезеныя да канца верасня. Трэба правяраць. Калі ўкраінскі бок гаворыць аб гэтым, напэўна, ёсць нейкія факты. Мы не ведаем дакладна, але ўсё магчыма.

Калі будзе назапашванне большай вайсковай сілы Расейскай Федэрацыі побач з нашай мяжой, то гэта, вядома, пагроза. Даверу гэта не дадасць, дадасць напружанасці. Я спадзяюся, што войскі ўсё ж будуць выведзеныя.

— Апошнім часам Літва адыгрывае прыкметную ролю ў фармаванні палітыкі Балта-Чарнаморскага рэгіёну. Была інфармацыя, што Літва лабіюе «План Маршала» для Украіны, Літва займае сёння прынцыповую і паслядоўную пазіцыю ў дачыненні да беларускага рэжыму. Ці магчымыя найбліжэйшым часам нейкія эканамічныя праекты на восі Поўнач-Поўдзень з удзелам Літвы, Беларусі і Украіны? Ці вы ўсё ж будзеце ўдзельнічаць у стварэнні транспартнага калідора ўздоўж усходняй мяжы ЕЗ, абмінаючы Беларусь і Украіну?

— Наконт транспартнага калідора, напэўна, рана абмяркоўваць штосьці канкрэтнае, а наконт актыўнасці ў рэгіёне, аб якой вы кажаце, мы спрабуем выкарыстоўваць тыя вагары, якія ёсць.

Возьмем краіны, якія з'яўляюцца чальцамі праграмы «Усходняга партнёрства». Мы вельмі хочам, каб быў увасоблены ў жыццё прынцып дыферэнцыяцыі, бо ўсе гэтыя краіны вельмі розныя, тым больш у пяці з шасці краін праходзяць замарожаныя або актыўныя канфлікты. Дарэчы, выключэнне тут Беларусь, але ў вас унутраная сітуацыя, як мы ведаем, таксама з'яўляецца вельмі няпростай.

Мы, вядома, будзем спрабаваць больш актыўна дзейнічаць у гэтым кірунку, каб не быць толькі назіральнікамі. Напрыклад, ва Украіне праходзяць вайсковыя дзеянні, мае месца расейская агрэсія. Мы разумеем, што недастаткова падтрымліваць Украіну толькі ў плане бяспекі, але трэба падтрымаць краіну і ў эканоміцы. Украіне патрэбная эканамічная дапамога, у тым ліку фінансавыя механізмы Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, Еўрапейскага Інвестыцыйнага Банка, Міжнароднага Валютнага Фонду. Выкарыстанне гэтых сродкаў, вядома, павінна кантралявацца, бо мы ведаем, што ёсць праблемы з карупцыяй і бюракратыяй.

Таму ў гэтым плане пакуль абраная Украіна, я не магу сказаць што-небудзь канкрэтнае пра іншыя краіны, але дзверы адчыненыя, і яны таксама павінны пра гэта думаць. Наколькі гэта магчыма, наколькі гэтыя краіны гатовыя да гэтага? Навязвацца мы, вядома, не збіраемся, але калі краіны гатовыя, мы маглі б разглядаць розныя варыянты.

— Дыктатура ў Беларусі перашкаджае развіццю такога супрацоўніцтва?

— Сапраўды, ёсць розныя нюансы. Беларусь увесь час балансуе паміж Расейскай Федэрацыяй і Еўразвязам. Але гэта не можа адбывацца да бясконцасці, неяк усё гэта павінна закончыцца.

Вядома, мы не будзем рабіць рэформы за краіну. Тут ужо справа за самімі беларусамі.

— А як вы можаце пракаментаваць сітуацыю з будаўніцтвам Астравецкай АЭС? Магчыма, у вас ёсць нейкая новая інфармацыя?

— На жаль, у мяне няма новай інфармацыі. Усё рухаецца старым рэчышчам. Мы паўтараем свае аргументы, спрабуем пазбягаць якіх-небудзь эмоцый, падаем канкрэтныя факты і патрабаванні і ўвесь час узнімаем гэтае пытанне на міжнароднай арэне, у Еўракамісіі ды ў суседніх дзяржавах. Ёсць пэўныя вынікі.

Я перакананы, што чым даўжэй гэта доўжыцца, тым больш зразумела, што гэты праект ніякім чынам не абгрунтаваны эканамічна. Гэта можа быць нейкім палітычным праектам пэўных дзяржаў, мець нейкую іншую каштоўнасць.

Тут трэба, дарэчы, звяртаць увагу не толькі на пытанні бяспекі, бо ў нас, вядома, «галава баліць», але, я думаю, у беларусаў таксама павінна. Гэта таксама эканамічная «бомба», бо крэдыты, якія даюцца на будаўніцтва, трэба будзе вяртаць. А калі ў будучыні не будзе самаакупнасці, то завінавачанасці вырастуць яшчэ больш, залежнасць Беларусі ад Расеі ўзрасце. Тут, аб'ектыўна кажучы, мы мала на што можам паўплываць. Мы можам толькі даваць сваю ацэнку, казаць пра гэта на міжнароднай арэне, што і збіраемся рабіць у будучыні, і патрабаваць, каб усё ж былі выкананыя стандарты і прынцыпы бяспекі такіх аб'ектаў, як атамная станцыя.

— Літва і Польшча адмовіліся купляць энэргію з Беларускай АЭС. Гэта робіць існаванне БелАЭС не толькі бессэнсоўным, але і небяспечным. На што разлічваюць беларускія ўлады?

— Гэта акурат і ёсць той чыннік, пра які я казаў, што самаакупнасць пад вялікім пытаннем. Я не магу ведаць на што разлічваюць беларускія ўлады. Трэба спытаць у саміх уладаў. Але я думаю, не толькі яны разлічваюць, але і Расейская Федэрацыя разлічвае. Упэўнены, што гэта геапалітычны праект Расеі на тэрыторыі Беларусі, таму і мэты іншыя, не эканамічныя. Скажам, спыніць нашу сінхранізацыю з заходнімі электрасеткамі. Могуць быць і такія мэты таксама.

— Цяпер цывілізаваны свет зразумеў, наколькі небяспечная інфармацыйная вайна, якую вядзе Расея. Гэта частка гібрыднай вайны.

— Яшчэ не зразумеў, але пачынае разумець.

— Ва ўсякім выпадку, актыўна абмяркоўваецца неабходнасць процідзеяння інфармацыйнай вайне Пуціна. Што Літва робіць у гэтым кірунку?

— Літва актыўна падымае гэтае пытанне. Створаны стратэгічны праект, група стратэгічных камунікацый у службе замежнапалітычных сувязяў Еўразвязу — гэта таксама нашая ініцыятыва. Так што мы робім усё магчымае, зыходзячы са свайго досведу і назіранняў. І мы бачым, што сапраўды зрух у гэтым плане ёсць, але ён яшчэ недастатковы.

Ёсць разуменне, што трэба казаць пра уразлівасць Усходняй Еўропы, але я ўпэўнены, што Заходняя Еўропа ў гэтым плане не менш ўразлівая. Праблема Усходняй Еўропы з'яўляецца праблемай і Заходняй Еўропы, усёй Еўропы наогул.

charter97.org

Каментаваць