Літва ўручыла Беларусі ноту з нагоды парушэння паветранай прасторы

Міністэрства замежных спраў Літвы ўручыла ноту часовай паверанай у справах Беларусі ў краіне Людміле Татарыновіч "з нагоды паветранага судна неўстаноўленага тыпу, якое 11 жніўня 2016 года парушыла дзяржаўную мяжу Літоўскай Рэспублікі ў паветранай прасторы з боку Рэспублікі Беларусь". Паведамленне аб гэтым размешчана на сайце літоўскага знешнепалітычнага ведамства.
Фота © Flickr/ Mr.TinDC

Фота © Flickr/ Mr.TinDC



"Службы назірання за паветранай прасторай зафіксавалі, што 11 жніўня 2016 года ў 10 гадзін 37 хвілін (па часе Літоўскай Рэспублікі) паветранае судна неўстаноўленага тыпу, якое прыляцела з Рэспублікі Беларусь, два разы парушыла дзяржаўную мяжу Літоўскай Рэспублікі ў паветранай прасторы каля самакіравання Лаздзіяйскага раёна. Парушэнне паветранай прасторы Літоўскай Рэспублікі працягвалася да 10 гадзін 47 хвілін", — сказана ў паведамленні.

Міністэрства замежных спраў Літвы запатрабавала ад Беларусі "як мага хутчэй падаць тлумачальную з нагоды вышэйзгаданага інцыдэнту", а таксама заклікала прыняць усе неабходныя меры, каб у будучыні такія інцыдэнты не паўтараліся.

У прэс-службе Мінабароны Беларусі факт парушэння паветранай прасторы Літвы БелаПАН не пацвердзілі.

 БелаПАН

Каментаваць