Лянотнае прамыванне мозгу

Аляксандр Рыгоравіч у чарговы раз даў прэс-канферэнцыю для расійскіх журналістаў. Шчыра кажучы, яна пакінула «ніякаватае» ўражанне. Каб не было Баўмгертнера, дык увогуле з кіраўніком Беларусі размаўляць не было б пра што.



Шчыра кажучы, здзівіла пазіцыя расійскіх журналістаў. Большасць з іх была на такім прэс-туры ўжо не ў першы раз. Здавалася б, зразумела, што іх правязуць па не самых благіх прадпрыемствах і пакажуць не недахопы, а дасягненні. Можна было б для пачатку хаця б па публікацыях вывучыць сітуацыю ў краіне.
 
 
Аднак некаторыя пытанні — альбо тыя ж самыя, што на мінулых прэс-канферэнцыях, альбо ўзнёслае ўсхваленне «беларускай эканамічнай мадэлі». Ну, скажыце, каму цікава ў стотысячны раз чуць пра тое, што ў Мінску можна выйсці пагуляць ўначы? Альбо чаму ў Беларусі шмат канфесій і нацыянальнасцяў ужываюцца мірна? Альбо якое значэнне ў Беларусі надаецца барацьбе з карупцыяй?
 
 
Гэтыя пытанні задавалі ўжо сто разоў, і сто разоў атрымлівалі аднолькавыя адказы. Аляксандру Рыгоравічу прыйшлося паўтарацца. І доўга ўзгадваць традыцыйныя рэчы: як яго абіралі, як за яго галасавалі інваліды і бязногія, як ён быў сакратаром камсамола, як ён змагаўся з карупцыяй… Ну і гэтак далей. Карацей, з пяці гадзінаў прэс-канферэнцыі палову можна было б выкінуць. Альбо перапісаць з мінулых прэс-канферэнцый.
 
 

Праблемы

 
 
Першае, што было новае: Аляксандр Лукашэнка прызнаў: ёсць у Беларусі праблемы. «Нам не проста цяпер», — прызнаў Лукашэнка, характарызуючы бягучую сітуацыю ў эканоміцы РБ. Ён адзначыў, што Беларусь не багатая на падарункі ад «Госпада Бога», як Расія, маючы на ўвазе карысныя выкапні. «Таму ўся наша краіна з’яўляецца рэальным сектарам эканомікі. Усё, што тут вырабляецца, ствараецца розумам і рукамі беларусаў», — сказаў Лукашэнка.
 
 
 

Прыватызацыя

 
 
А паколькі ў нас не проста, і ўсё завязана на рэальным сектары эканомікі, то прыватызацыя, здаецца, не плануецца. Напрыклад, «БелАЗ мы нікому не аддаем, бо гэта 30% міравога рынка». Альбо «Трыццаць мільярдаў каштуе «Беларуськалій». Калі я агучыў гэтую лічбу ў першы раз, усе рагаталі. Але праз пару месяцаў Блумберг публікуе, што «Беларуськалій» каштуе больш. Была нават прапанова, прапаноўвалі: давай 10 млрд долараў дзяржаве, а 5 млрд — табе. Не праходзяць такія прапановы», — падкрэсліў Лукашэнка.
 
 
Нават такія прапановы Расіі, як стварэнне холдынгаў абяцаных, напрыклад, МАЗа і КамАЗа, прэзідэнту не цікавыя. «Мне казалі: мы хочам інвеставаць і ўдзельнічаць у развіцці МАЗа. Пуцін, Мядзведзеў і розныя іншыя. Але ёсць жа класіка, ёсць тры пытання, і я іх задаў. Якія грошы ўкладаюцца ў прадпрыемства? Якія новыя тэхналогіі будуць прыцягнутыя? Якія новыя рынкі збыту? Нічога новага. Дык што пры гэтым зменіцца? Грошай няма, тэхналогіі на КАМАЗе горш, чым на МАЗе, таму што наша прадпрыемства мы мадэрнізавалі. А ці не атрымаецца так, што вы прадпрыемства забярэце за бесцань, шляхам так званай перадачы акцый, усіх гэтых махінацый, а потым МАЗ будзе выпускаць толькі дыскі для аўтамабіляў, а мы страцім вытворчасць?» — сказаў Лукашэнка.
 
 

Баўмгертнер і іншыя

 
 
Самыя цікавыя пытанні, якія задаваліся прэзідэнту, былі пра сітуацыю з Баўмгертнерам. І Аляксандр Лукашэнка, як заўсёды, расказаў пра ўсё шчыра.
 
 
«Мы не гатовыя працаваць на жулікаў. Я тады зрабіў незалежную кампанію, якая будзе прадаваць калій. Да мяне тады прыехаў Рыбалоўлеў, які перад гэтым паўгады адседзеў, на яго ціснулі, абвінавачванне так і не прад’явілі. Кажа, давайце аб’яднаемся. Я тыдзень прапрацаваў пытанне, але згадзіўся. Толькі кампанія не ў Маскве, ці Швейцарыі, а ў Беларусі. Быў час, калі цана дайшла да 900 даляраў. Залатыя часы! Потым Рыбалоўлеў са слязамі на вачах прыйшоў, сказаў, што больш працаваць не будзе. На яго наехалі, прымусілі аддаць акцыі, калі не, то пасадзяць, ці галаву адкруцяць. Я яго не абяляю, ён кватэру нядаўна на Манхэтане купіў за 75 мільёнаў, але ён парадачны быў. Прыйшоў да мяне Керымаў. Мне казалі, што ён заўсёды спекуляваў. Кляўся, што ўсё будзе прыстойна паводзіць сябе», — распавядаў Лукашэнка
 
 
Лукашэнка панаракаў, што «Уралкалій» прадаваў сваю прадукцыю ў абыход БКК, ствараў перашкоды БКК на калійным рынку. Не дапамагло нават умяшальніцтва пасрэдніка — Міхаіла Гуцырыева, аднаго з сябраў — гэта Лукашэнка назваў яго сябрам. Толькі пасля гэтага Аляксандр Лукашэнка прызнаў: менавіта ён загадаў узбудзіць крымінальную справу супраць Баўмгертнера і падаць дакументы ў Інтэрпол на росшук Керымава.
 
 
Дарэчы, Баўмгертнеру перапрад’яўлена абвінавачанне. Зараз яго абвінавачваюць не толькі ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі, але і ў крадзяжы.
 
 

Рай на зямлі

 
 
 
Яшчэ адзін цікавы момант, які тычыцца больш эканомікі. Аляксандр Лукашэнка панаракаў, што Расія ў якасці вывазной пошліны за нафту забірае з краіны 4 млрд. долараў. «Каб не гэта, я б тут, напэўна, Арабскія Эміраты пабудаваў!» — заявіў Лукашэнка.
 
 
І ў той жа час паведаміў: Беларусь з 1 студзеня 2014 года не будзе пералічваць у расійскі бюджэт гэтыя экспартныя пошліны. «З 2014 года ўжо не будзе ніякіх выключэнняў і пералічэнняў. Мы дамовіліся з Пуціным», — заявіў , панізіўшы голас, Лукашэнка. Паводле яго слоў, усе гэтыя абмежаванні і абавязацельствы, у тым ліку абавязацельства па пераліку экспартных пошлін на нафтапрадукты ў расійскі бюджэт, будуць адмененыя і для Беларусі, і для Казахстана. Гэта адбылося пасля таго, калі Беларусь і Казахстан запыталіся ў Расіі: «Мы ствараем АЭП ці не?». А калі ствараем — то пошлін быць не павінна.
 
 
Калі Аляксандр Рыгоравіч не выдае, як звычайна, пажаданае за дзейснае, то праз два гады чакаем жыцця, як у Арабскіх Эміратах. Прынамсі, бясплатны ці па сімвалічных коштах бензін.
 
 

Дрэнны народ

 
 
Адзінае, што можа перашкодзіць у гэтым Аляксандру Рыгоравічу, дык гэта — беларускі народ. Разбэшчаныя, аказваецца беларусы дзяржавай. Пасля дэвальвацыі 2011 года Аляксандр Лукашэнка даў загад давесці заробак да ранейшых 500 долараў. Замест гэтага давялі да больш чым 700 долараў. І гэта пры тым, прызнае Лукашэнка, што столькі грошай мы не зарабляем. «І гэта, у наступным, будзе для нас вялікай праблемай», — адзначыў ён.
 
 
То бок, Лукашэнка прыўкрасна разумее, што беларуская эканамічная мадэль не працягне доўга. Бо замест таго, каб развівацца, беларусы бягуць у абменнікі, скупляюць валюту, а потым захоўваюць яе «у кубышках». «У нас усё сядзяць і чакаюць: будзе ці не будзе дэвальвацыя. Я ім кажу, што калі вы будзеце бегаць і скупляць валюту, то будзе дэвальвацыя», — рэзюмаваў ён.
 
 

Навошта?

 
 
Здаецца, задаволеныя засталіся ўсе. І журналісты, якія дзякавалі Лукашэнку за шчаслівую вандроўку, і Лукашэнка, якому выказалі шмат розных словаў падзякі.
 
 
Пытанне застаецца адно: для каго было ўсё гэта зроблена?
 
 
Зразумела, расійскія журналісты павязуць у свае рэгіёны свае цёплыя ўражанні. Але гэтыя ўражанні не дабавяць анічога новага расійскім чытачам. Прынамсі, па стандартных адказах-пытаннях яны не на шмат новага даведаюцца пра Беларусь. Асабліва ўлічваючы тое, што многія з расійскіх СМІ тут не першы раз.
 
 
Прэс-канферэнцыя Лукашэнкі гэтым разам была разлічаная на «ўнутраны попыт». Гэта была, хутчэй, спроба растлумачыць пазіцыю дзяржавы ўнутранаму слухачу. Лукашэнка ў чарговы раз тлумачыў у першую чаргу беларускаму народу. Ну якому «маскаліку» цікавыя пытанні, ці будзе ў Беларусі дэнамінацыя (адказ — тэхнічнае пытанне, гэта не праблема, але правядзем, калі будзе нармальная сітуацыя на валютным рынку, новыя грошы ўжо надрукаваныя). Ці пытанне «выязной візы» (якая была толькі як прапанова, і над гэтым трэба будзе яшчэ думаць).
 
 
Але чаму гэта было зроблена пад відам адказаў на пытанні расійскіх журналістаў? Падаецца, што адказы на пытанні расійскім журналістам успрымаюцца як больш шчырыя і больш адказныя. Нібыта, сваім схлусіць яшчэ можна, замежнікам — ніколі.
 
 
Ёсць яшчэ і іншы аспект. На больш чым пяцігадзіннай прэс-канферэнцыі можна наўпрост «утапіць» цікавыя пытанні ў «традыцыйных». То бок, «замаскіраваць» тое, што прэзідэнт агучыць «ад сябе». Напрыклад, пра тое, што грошы да дэнамінацыі ўжо надрукаваныя.
 
 
Карацей, Аляксандр Лукашэнка на прэс-канферэнцыі для расійскіх журналістаў спрабаваў заспакоіць, перш за ўсё, сваё насельніцтва, беларусаў. Каб не беглі ў абменнікі. Каб не ўзгадвалі вучэнні «Захад-2013» з пункту гледжання «польскай занепакоенасці». Каб пра Баўмгертнера ведалі, што ён «жулік», і не ўзгадвалі б пра тое, што праз гэты скандал «Беларуськалій» напалову спыніў здабычу калію. Карацей, каб ведаў: можа, у Беларусі нешта і кепска, але ў Расіі, можа, яшчэ горш.
 
 
Іншае пытанне, наколькі такіх «заклінанняў» хопіць для беларускага народа. На дзень, на тыдзень, ці на пару гадзінаў. Напрыклад, да бліжэйшага паходу ў краму.

Каментаваць