Лешак Шарэпка: Становішча вяртаецца да нормы

Кіраўнік дыпламатычнай місіі Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка відавочна задаволены тым, што адбываецца ў стасунках паміж краінамі. Не хаваючы праблем, ён адзначае: адносіны паміж краінамі вяртаюцца да нармальных.



Лешак Шарэпка


Нармалізацыі адносінаў паміж дзвюмя краінамі паспрыяў шэраг фактараў. Найперш, канешне, гэта вайна ва Украіне і яе наступствы. Шарэпка адкрытым тэкстам пра гэта не казаў, але адзначыў, што менавіта «мінскія дамоўленасці» сталі адной з прычынаў візіту міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея ў Варшаву. «Мы вельмі цэнім тое, што пра гэтыя дамоўленасці мы атрымалі інфармацыю з першых вуснаў», — адзначыў пасол Польшчы.

Пад уплывам тых жа ўкраінскіх падзей афіцыйны Мінск крыху павярнуўся тварам да Захаду. Па словах Шарэпкі, «упершыню за чатыры-пяць год» адбыліся міжмідаўскія кансультацыі на ўзроўні намеснікаў міністраў, і ўзаемныя візіты ўрадоўцаў розных узроўняў: нашых — у Польшчу, польскіх — у Беларусь.

Але палітычная «размарозка» мала каго хвалюе, калі гэтае паляпшэнне не адчуваецца грамадзянамі, як кажуць, на «сваёй кішэні». І тут таксама ёсць чым пахваліцца.

Найперш, усіх, канешне, хвалюе пытанне візаў. Дык вось, з візамі справа ўсё лепш і лепш, і будзе яшчэ лепш, калі на гэта пагадзіцца беларуская дзяржава. Як адзначыў пан Шарэпка, Польшча застаецца адным з лідэраў па выдачы візаў беларусам. У мінулым годзе іх было выдадзена каля 350 тысячаў, а ўжо зараз, на 1 кастрычніка гэтага года — 325 тысяч. Калі спраўдзіцца прагноз пасла, то ў гэтым годзе колькасць выдадзеных візаў дасягне 380 тысячаў.

Лешак Шарэпка: Польшча застаецца адным з лідэраў краін ЕС у "візавым пытанні"

Гэтаму паспрыялі новаўвядзенні і маленькія рэформы, якія пасольства ажыццявіла ў гэтым годзе. Напрыклад, з’явілася магчымасць аплочваць візавы збор праз банк, што, адпаведна, вызваліла ад працы некаторых супрацоўнікаў консульства. Яны, адпаведна, заняліся іншымі справамі, і гэта дазволіла некалькі «вакенцаў» у консульстве дадаткова перанакіраваць на разгляд заявак па турыстычных і бізнес-візах: тых накірунках, у якіх пратэрмінаванне разглядаў адбіваецца больш балюча.

Складанасці ўзнікнуць з наступнага году, калі Еўрасаюз пачне ўводзіць біяметрычныя візы. Гэта значыць, што кожны грамадзянін, які прэтэндуе на «шэнген», будзе здаваць адбіткі пальцаў. Але і тут пасольства робіць усё мажлівае.

Увесну наступнага года Польшча мае намер адкрыць у Беларусі аж восем візавых цэнтраў: ва ўсіх абластных гарадах і ў двух найбольш буйных. Якіх — яшчэ невядома. Там таксама будзе ажыццяўляца выдача польскіх візаў. Аднак, зразумела, што за цэнтры трэба будзе плаціць арэнду, «камуналку» і іншыя выдаткі. Таму за афармленне візаў у гэтых цэнтрах будзе не бесплатнае.

Не бесплатнае, але, па словах пасла, разумнае. «Раней для таго, каб падаць дакументы на візу альбо атрымаць іх назад, грамадзяне з Гомеля альбо Магілева павінны былі альбо аплочваць паслугі турыстычных фірмаў-пасярэднікаў, альбо ездзіць у Мінск, выдаткоўваючы грошы на квіткі. Зразумела, з адкрыццём візавых цэнтраў, гэтыя выдаткі з іх здымаюцца. Так што, з аднаго боку, паслугі даражэюць, з іншага — грамадзяне ўсё роўна заплацяць менш», — лічыць Шарэпка.

Ёсць яшчэ адна магчымасцьпалепшыць візавую сітуацыю, і Польшча яе скарыстала. Гэта тое, што консульствы пачалі выдаваць не гадавывя, а двухгадавыя візы. То бок, зніжаецца колькасць зваротаў па візы.

Адзіная праблема: рашэнне пра выдачу альбо адмову візаў прымае консул. Значыць, стаіць задача павялічыць колькасць консулаў у Беларусі. Польшча, па словах Шарэпкі, можа прадставіць для гэтага столькі консулаў, колькі патрэбна. Складанасці толькі ў тым, колькі консулаў пагадзіцца прыняць беларускі бок? Над гэтым працуюць беларускія і польскія дыпламаты.

Прыкладна такая ж праблема: непаваротлівасць беларускага боку — адбываецца з малым памежным руху паміж Польшчай і Беларуссю. Шарэпка паўтарае тое, што казаў раней: была б ягоная воля, гэты памежны рух быў бы адкрыты хоць заўтра. Тым больш, што — ізноў паўтарыўся Шарэпка, — такі досвед ёсць. А менавіта час Польшчы «да Шэнгену», калі нашыя грамадзяне ездзілі ў заходнюю суседку без візаў. І нічога, спраўляліся.

Лешак Шарэпка: Ну быў жа час, калі беларусы ездзілі ў Польшчу без віз, і праблемаў не было!

Зараз жа беларускі бок кажа, што для малога памежнага руху патрэбна сфармаваць памежныя пераходы, правесці іхнае пераабсталяванне і гэтак далей: каб не было нейкіх нязручнасцяў. Шарэпка лічыць, што малы памежны рух трэба ўводзіць максімальна хутка, а потым мадэрнізаваць памежныя пераходы. Бо інакш мы дамагаемся ідэалу, каб зрабіць усё лепш, лепш і лепш, а ў выніку — зацягваем працэс да бясконцасці.

А вось што хвалюе спадара Шарэпку — дык тое ж самае, што хвалюе шэраг маладзёжных арганізацый Беларусі. А менавіта — рэформа сістэмы адукацыі. Калі будуць прынятыя змены ў адукацыйны Кодэкс, у школах, якія ў тым ліку вядуць навучанне па-польску, значна скароціцца колькасць прадметаў і навучальных гадзінаў, якія будуць выкладацца па-польску.

«Польская меншасць з’яўляецца другой па колькасці. Канешне, цяжка казаць, што першая — руская меншасць, таму што руская мова з’яўляецца дзяржаўнай у Беларусі. Змены ў адукацыйным заканадаўстве могуць паўплываць на тое, што колькасць польскай мовы ў школах паменшыцца, гэта паўплывае на якасць адукацыі і, можа быць, на ўзровень ведаў палякаў, якія тут жывуць. А па нашых дадзеных, тут 12% тых, хто лічыць сябе палякам», — адзначыў Шарэпка.

Тым н менш, у гэтым годзе Польшча і Беларусі парафіравалі пагадненне аб адукацыі, і чакаецца, што яно набудзе моц. Гэта вельмі важна для польскай адукацыі ў Беларусі.

І яшчэ адно ускосна «ўкраінскае пытанне», — гэта санкцыі Расіі ў адносінах да еўрапейскіх тавараў. «Расія ўвяла гэтыя санкцыі ў жніўні. Зараз лістапад. Статыстычныя дадзеныя прыходзяць са спазненнем, да таго ж, для ацэнкі трэба паўгады — год. Але па маім меркаванні, у выніку гэтага нічога не змянілася», — адзначыў Шарэпка.

Адзінае, што проста яскрава кідаецца ў вочы ў выніку гэтых санкцый — гэта павелічэнне беларуска-польскага таваразвароту і павелічэнне закупак малака ў Польшчы беларускімі прадпрыемствамі. За першыя восем месяцаў (да расійскага эмбарга) таваразварот паміж краінамі па польскіх дадзеных склаў 2,12 млрд. еўра. Канешне, у сувязі з расійскім эмбарга гэтая лічба да канца года ўзрасце.

Карацей, нам ёсць куды рухацца далей, але залежыць гэта, збольшага, ад нас — ад беларускага боку. «Размарозка адносінаў — гэта нармальная абстаноўка. Раней яна была ненармальнай. Мы — суседнія краіны, мы павінны размаўляць, нават калі ваш сусед не згодны з вамі. У нас агульны плот, і часам агульныя сцены. Мы размаўляем, мы павінны шчыра размаўляць, і шукаць нейкія агульныя магчымасці супрацоўніцтва. Канешне, мы ў нечым не згодныя, вы ў нечым не згодныя з намі — гэта нармальна. І я задаволены, што дыпламаты пачалі размаўляць. Таму што, не гавораць дыпламаты, гэта кепска сканчаецца. Паглядзіце на Украіну», — заключыў пасол.

Каментаваць