Грэцыя: любы адказ патрабуе грошай (абноўлена)

Сёння грэкі вырашылі на рэферэндуме, што не згодныя з патрабаваннямі крэдытораў (68,5 працэнта). Ад гэтага адказу, магчыма, залежыць будучыня ўсяго Еўрапейскага Саюза. Але ці так гэта?

 



Увесь апошні тыдзень усе міжнародныя аналітыкі прысвяцілі грэчаскаму рэферэндуму. Рабіліся прагнозы наконт будучыні, як самой Грэцыі, так і ўсяго ЕС.

Які вынік мы атрымалі? Па папярэдніх дадзеных толькі 31,5 працэнтаў грэкаў, якія прыйшлі на рэферэндум падтрымалі патрабаванні крэдытораў. Хаця напярэдадні, усе апытанні і дынаміка змены меркавання на працягу апошняга тыдня, сведчылі пра адваротнае. З кожным днём, які грэкі правялі ў чэргах ля банкаматаў, здвалася, колькасць прыхільнікаў фігі для ЕС скарачалася.

Тым больш, што падзеі, якія адбываліся ў Грэцыі пасля адмовы прэм’ера Алексіса Цыпраса прыняць умовы крэдытораў, яскрава дэманстравалі, што папулізм і ганарлівасць — нішто без грошай і моцнай эканомікі.

Здавалася, можна было не сумнявацца, што больш за 50 працэнтаў грэкаў выкажуцца на рэферэндуме за прыняцце ўмоваў крэдытораў. То бок Цыпрасу трэба будзе ці сысці ў адстаўку, ці перастаць станавіцца ў позу. Маўляў, і навошта тады наогул было марнаваць і без таго дэфіцытныя сродкі на рэферэндум? На што разлічваў Цыпрас? Нашто наогул разлічвалі тыя, хто галасаваў за яго партыю? На тое, што можна будзе нічога не рабіць, а жыць усё лепей і лепей. Што іншыя краіны заплацяць за жаданне грэкаў ні ў чым сабе не адмаўляць. Што ўсё абяцанае Цыпрасам і яго паплечнікамі чароўным чынам стане рэчаіснасцю ў той жа момант.

Тым не менш, грэкі вырашылі, што патрабаванні крэдытораў несправядлівыя. Што умовы, пры якіх яны могуць даць грошы непрымальныя. Дарэчы пра грошы. Больш за 80 працэнтаў грэкаў не хочуць выходзіць з зоны еўра. Хаця яшчэ тыдзень таму такіх было на 20 працэнтаў менш.

А што ЕС? Як лічыць венгерскі эксперт па абароне і бяспецы Ота Кала: “Любы адказ, на рэферэндуме, запатрабуе ад ЕС каласальнага фінансавання. Аднак у выпадку станоўчага адказу на рэферэндуме шансаў на тое, каб грошы ўкладзеныя ў Грэцыю вярнуліся на працягу наступных 35 гадоў істотна ўзрастаюць. Вельмі важна тое, як павядзе сябе Германія — адзін з найбуйнейшых крэдытораў Грэцыі. Дарэчы, паводле апошніх апытанняў, больш за 90% немцаў хацелі б, каб Грэцыя пакінула еўразону. Я б гэтага не хацеў! Без Грэцыі ідэя Еўропы нежыццяздольная. Нават само сваё імя Еўропа атрымала ад грэкаў. Дэмакратыя і салідарнасць ішлі рука аб руку ў нашай гісторыі, трэба, каб так было і ў далейшым. Заходнееўрапейскія краіны павінны ўзяць на сябе адказнасць за зробленыя раней памылкі ў дачыненні да Грэцыі. Такім чынам, добрага рашэння няма ні для Грэцыі, ні для ключавых еўрапейскіх краін. Грошы будуць убухіваць у Грэцыю як і раней”.

Не магу пагадзіцца з экспертам. Прынамсі ў той частцы, дзе ён кажа пра адказнасць заходнееўрапейскіх краін. Бо адказнасць павінна быць двухбаковай. У свой час Грэцыя не праводзіла рэферэндум па пытанню, ці браць ёй грошы падаткаплацельшчыкаў іншых еўрапейскіх краін. Таксама не лічыла неабходным прытрымлівацца патрабаванням ЕС ў эканоміцы і крэдытнай палітыцы. Яны проста праядалі грошы, якія давалі Германія і іншыя буйныя крэдыторы. А калі прыйшоў час разлічвацца, вырашылі паразмаўляць пра справядлівасць.

Таму зараз самы час для крэдытораў зрабіць умовы будучага пагаднення з Грэцыяй больш жорсткімі. І гэта будзе добрым урокам для чарговых патэнцыйных неплацельшчыкаў, такіх як Іспанія і Партугалія

Каментаваць