Людзі на камянях і людзі на балоце

Заявы пра «ворагаў народа» ў асяродку апазіцыі даўно ўжо не здзіўляюць. Навіна ліпеня — прысутнасць шкоднікаў ва ўрадзе. Эфектыўнасць кіравання залежыць ад умення разглядаць нядбайных падначаленых як шкоднікаў.



Мая пляменніца жыве ў Японіі. У яе двое дзяцей. Малодшая скончыла пачатковую школу, але пераход у сярэднюю — гэта галаўны боль для бацькоў. Зразумела, гаворка ідзе пра бацькоў, неабыякавых да будучыні сваіх дзяцей. А такіх бацькоў у Японіі большасць.

Праілюструю сказанае фрагментам перапіскі з пляменніцай па скайпе: «Цяпер трэба ўшчыльную заняцца выбарам школы для Надзі. Суцэльныя сходы, адкрытыя і пробныя ўрокі і г.д. і да т.п. Экзамены ўжо ў студзені. А яна пакуль не вызначылася з канкрэтнай школай. Трэба ездзіць, глядзець».

Уяўляеце? «Экзамены ўжо ў студзені»! Час падціскае. Так і праляцець можна. Калі памылішся з выбарам сярэдняй школы, не здасі ўступныя экзамены, то ў 11 гадоў можна будзе ставіць крыж на будучай кар’еры дзіцяці. Японія — не Амерыка, у якой вучыцца ніколі не позна. Сястра маёй першай жонкі, напрыклад, скончыла Гарвард у 50 гадоў, а мая старэйшая дачка сумясціла святкаванне свайго 40-годдзя з атрыманнем дыплома магістра ўніверсітэта штата Дэлавер.

За ўсё ў гэтым жыцці даводзіцца плаціць. Сярод эканамічна развітых краін Японія з’яўляецца адным з лідараў па колькасці самагубстваў на 100 тысяч чалавек — 18,5 у 2012 годзе. Але інакш трэцюю эканоміку свету на камяністых выспах, пазбаўленых карысных выкапняў, не пабудаваць.

У 150 разоў вышэй

Японскі вопыт — не ўнікальны. Рэкамендую чытачам НЧ паглядзець артыкул карэязнаўцы, прафесара ўніверсітэта Кукмін (Сеул) Андрэя Ланькова «У Карэі людзі вучацца як праклятыя», размешчаны на polit.ru.

Карэя (зразумела, Паўднёвая Карэя) — класічны прыклад «развіцця, што даганяе». Дзесяцігоддзямі яна развівалася за кошт запазычання заходніх тэхналогій. Пытанне пра ўласныя навуковыя распрацоўкі пры гэтым было не актуальным. Але рост узроўню жыцця (сярэдняя зарплата па Сеулу цяпер каля 2–2,5 тысяч долараў) панізіў яе канкурэнтаздольнасць адносна Кітая. Вось і давялося ўраду «штурхаць нагамі» прафесараў, каб яны займаліся навукай.

Вынік «штуршкоў» фіксуюць, у прыватнасці, справаздачы Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці. У 2013 годзе Карэя падала 11,2 тысячы заявак па працэдуры PCT (дагавор аб патэнтнай кааперацыі), Беларусь — 15. З дапамогай калькулятара нескладана падлічыць, што ў разліку на 100 тысяч жыхароў эфектыўнасць карэйскіх навукоўцаў у 2013 годзе апынулася ў 150 разоў вышэй, чым беларускіх калег.

Такая праўда жыцця. Заклікамі і лозунгамі яе не выправіць. Але і таго, і іншага ў Беларусі хапае. Дастаткова звярнуцца да выступлення адзінага палітыка (АП) на ўрачыстым сходзе, прысвечаным Дню Незалежнасці: «Будучыня — за навукаёмістымі галінамі. <...> Не аспрэчваючы важнасць інвестыцый у вытворчасць, хачу падкрэсліць, што найважнейшым для нас з’яўляецца інтэлектуальны рэсурс. Менавіта ён ляжыць у аснове новай эканомікі. Не выпадкова мы плануем звязаць развіццё яе сектараў і галін з прыкладнымі і фундаментальнымі даследаваннямі, дзяржаўнымі навукова-тэхнічнымі праграмамі».

Пакуль у Беларусі ўлада сваю энергію выдаткоўвае на лозунгі, у Карэі фармуецца культ адукацыі з апорай на традыцыі. У краінах канфуцыянскай сістэмы менавіта адукацыя была важным маркерам сацыяльнага поспеху. Тысячагоддзямі ўдасканальвалася сістэма экзаменаў, якая забяспечвае прасоўванне чыноўнікаў па кар’ернай лесвіцы.

Але вернемся ў сучаснасць. «Карэйскі падлетак ведае, — падкрэслівае Ланько, — што ўвесь яго лёс больш-менш будзе вызначацца тым, наколькі добра ён будзе вучыцца ў школе. Разважанні накшталт: «Вядома, я — разгільдзяй, але я вельмі добра гуляю ў баскетбол, і таму мяне прымуць у любую ВНУ» або «Я — круты, усім даю па мордзе, потым пайду ў бандыты», — зусім не практыкуюцца».

Ад лацінскага «redistributio» — «пераразмяркоўваць»

Згодна з амерыканскім эканамістам Джонам Гелбрайтам, існуюць тры базавыя спосабы прымусу чалавека да пэўных паводзінаў: ідэальнае і матэрыяльнае ўзнагароджанне і пакаранне. У залежнасці ад перавагі таго ці іншага спосабу ўсе культуры можна падзяліць на рэпрэсіўныя і культуры заахвочвання. Прапаную чытачам самастойна вызначыць, да якой з іх належыць беларуская культура.

Вышэй ужо адзначалася, што ўраду Карэі давялося «штурхаць нагамі» сваіх прафесараў. Самым эфектыўным «штуршком» апынулася аплата і прасоўванне па кар’ернай лесвіцы ў залежнасці ад колькасці публікацый у рэйтынгавых навуковых часопісах,  пераважна — замежных. Прыярытэт замежных часопісаў над карэйскімі дазволіў звесці да мінімуму прынцып «ты мне — я табе». У краіне з векавымі традыцыямі персанальных сувязяў апошняе патрабаванне адыграла вырашальную ролю.

Чым і як «штурхаюць» беларускіх вучоных, мне не вядома. Але ўрадаўцам і дырэктарам прадпрыемстваў не пазайздросціш. Зноў працытую выступ АП на ўрачыстым сходзе 2 ліпеня: «Напярэдадні свята быў прыняты шэраг рашэнняў наконт вываду прадпрыемстваў з крызісу. І адразу папярэджваю і ўрад, і кіраўніцтва гэтых прадпрыемстваў: калі запланаванае на гэтую падтрымку не будзе выканана, гэта будзе разглядацца як шкодніцтва».

Пра якія рашэнні ідзе гаворка? У першую чаргу, пра «выпрацоўку новых механізмаў падтрымкі». Распрацоўка і ўкараненне такіх механізмаў у Беларусі пастаўлены на канвеер. Каб у гэтым пераканацца, дастаткова перыядычна праглядаць стужкі навін: «Дзяржава выкупіць у беларускіх банкаў так званыя актывы прадпрыемстваў дрэваапрацоўкі з іх наступнай перадачай на баланс Банка развіцця». «Кіраўнік дзяржавы падпісаў шэраг указаў аб стабілізацыі фінансавага становішча буйных прамысловых прадпрыемстваў краіны»...

Для разумення прыроды такіх навінаў мне давядзецца звярнуцца да паняцця «рэдыстрыбуцыя» (ад лац. «redistributio» — «пераразмяркоўваць»). У самым агульным выглядзе рэдыстрыбуцыю можна вызначыць як збіранне разам большай ці меншай часткі прадукту, часцей за ўсё яго канцэнтрацыю ў руках кіраўніка групы, з наступным размеркаваннем.

Гістарычна першасныя формы дзяржаўнасці грунтаваліся менавіта на рэдыстрыбуцыі. У цэнтры самых старажытных гарадоў археолагі пры раскопках знаходзяць, як правіла, рэшткі храма, які выконваў адначасова і функцыю грамадскага складу. Цэнтралізаванае пераразмеркаванне рэсурсаў патрабавала саслоўнай структуры грамадства. Вылучу два асноўных саслоўя — бяспраўныя вытворцы і размеркавальнікі выгод (носьбіты функцыі кіравання і правоў распараджэння маёмасцю).

Такія сацыяльныя сістэмы характарызаваліся высокім узроўнем гвалту. Вось як гэта тлумачыць культуролаг Ігар Якавенка: «Усталяваўшы аднойчы апісаны парадак рэчаў, дзяржава павінна была прымусіць чалавека, па-першае, пакорліва здавольвацца выдзеленай пайкай, і, па-другое, працаваць добрасумленна, па-за якой бы там ні было эканамічнай зацікаўленасцю ў выніках сваёй працы. У стратэгічным плане гэтыя задачы прынцыпова не выканальныя. На ўзроўні тактычным іх можна неяк вырашаць, абапіраючыся на пастаянны кантроль і рэпрэсіі».

Прыгожа? Прыгожа!

Але не варта наіўна меркаваць, што «гістарычна першасныя формы дзяржаўнасці» засталіся ў далёкім мінулым. Савецкі Саюз з яго Дзяржпланам і Дзяржснабам — класічны прыклад дыстрыбутыўнай дзяржавы. Адначасова Савецкі Саюз — класічны прыклад рэпрэсіўнай дзяржавы.

Усё лагічна, бо адно без другога «не ходзіць». Аб’ектыўны сэнс савецкага этапу гісторыі — фарміраванне з архаічнага селяніна чалавека масавага грамадства, здольнага адгукацца на мабілізацыйныя заклікі партыі. Нагадаю, у 1913 годзе ў гарадах пражывала толькі 16% насельніцтва імперыі.

«Найвялікшая катастрофа XX стагоддзя» дыстрыбутыўную прыроду арганізацыі жыцця не адмяніла. Такім чынам, па-ранейшаму застаецца актуальнай патрэба ў рэпрэсіях. Колькасць «людзей у пагонах» у сучаснай Беларусі з’яўляецца дзяржаўнай таямніцай. Аднак у інтэрнэце я без асаблівай складанасці адшукаў, што «ў Беларускім фізкультурна-спартыўным таварыстве «Дынама» налічваецца 498 калектываў фізічнай культуры, якія аб’ядноўваюць звыш 83,5 тысячы «дынамаўцаў» — супрацоўнікаў і ваенных органаў правапарадку і бяспекі».

Зразумела, беларуская мадэль не з’яўляецца стоадсоткава дыстрыбутыўнай, як не з’яўлялася такой і савецкая мадэль. Не варта забываць пра так званую ценявую эканоміку, якая складала пад канец 80-х гадоў каля 20% ад афіцыйнага ВУП.

«Галоўнае пытанне — гэта эканоміка, функцыянаванне эканамічнай сістэмы дзяржавы». Такі лозунг дня. Праблемы, з якімі сёння сутыкнулася беларуская мадэль, на вяршыні ўладнай «вертыкалі» ўяўляюцца выключна эканамічнымі. У сувязі з прасяданнем расійскага рынка вырашаць іх мяркуецца за кошт збалансаванай геаграфіі экспарту: «Траціна прадукцыі павінна адпраўляцца на рынкі Еўразійскага эканамічнага саюза, траціна — у краіны Еўрасаюза, яшчэ траціна — у краіны «далёкай дугі».

Прыгожа? Прыгожа! Таму што сіметрычна. Але які шанец у беларускай прадукцыі замацавацца на міжнародных рынках? АП упэўнены, што «канкурэнтаздольнасць прадпрыемстваў вызначаецца эфектыўнасцю кіравання гэтымі прадпрыемствамі». У сваю чаргу, эфектыўнасць кіравання залежыць ад умення кіраўнікоў разглядаць нядбайных падначаленых як шкоднікаў. Прынамсі, я так зразумеў, чытаючы і перачытваючы выступы АП.

Японцы, як гэта вынікае з перапіскі з пляменніцай, праблему канкурэнцыі на знешніх рынках вырашаюць за кошт арганізацыі канкурэнцыі ўнутранай. І жыць у рэжыме ўнутранай канкурэнцыі абавязаныя ўсё: ад школьнікаў да палітыкаў нацыянальнага ўзроўню.

Там, дзе ёсць рэальная канкурэнцыя, там ёсць і тыя, хто прайграе. 18,5 суіцыдаў на 100 тысяч жыхароў таму пацверджанне. Але Беларусь з паказчыкам 18,3 ідзе следам за Японіяй. Каля 60% самагубстваў здзяйсняюцца ў «краіне пад белымі крыламі» ў стане алкагольнага ап’янення.

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2015-07-15 17:33:42
"Японцы, як гэта вынікае з перапіскі з пляменніцай, праблему канкурэнцыі на знешніх рынках вырашаюць..." Як гэта міла - будаваць далёкасяжныя высновы на падставе ліставання з
пляменніцай! Не бяда, што гэткая будоўля супярэчыць няхітраму аўтарскаму пасланню "вучыцца, вучыцца і вучыцца, каб стаць добрым спецыялістам". Ну ёсць жа ў Беларусі
спецыялісты-японазнаўцы, можна было ў іх пра Японію запытацца...

Каментаваць