Лукашэнку далі другі шанец (фота)

Былы кандыдат у прэзідэнты і палітвязень Мікалай Статкевіч выканаў сваё абяцанне — зладзіў у Мінску сустрэчу з кандыдатам у прэзідэнты Аляксандрам Лукашэнкам. Лукашэнка прадказальна не прыйшоў.



Недзе каля ў 17.50 у скверыку на плошчы Свабоды вакол Статкевіча стаяла з паўсотні людзей — журналістаў, асобаў у цывільным і тых, хто прыйшоў на сустрэчу з Аляксандрам Рыгоравічам. Мікола Статкевіч размаўляў з прыйшоўшымі і казаў, што «чакае кандыдата ў прэзідэнты». Аднак дачакаўся ён толькі паплечнікаў па апазіцыі — Уладзіміра Някляева і Анатоля Лябедзьку. Да прызначанага часу — 18-ці гадзінаў, — народу паболела. Але кандыдат у прэзідэнты так і не з’явіўся.

Таму Статкевіч, ягоныя сябры і супрацоўнік міліцыі, які суправаджаў арганізатараў сустрэчы, разам з народам зайшлі па другі бок Ратушы — там, дзе большая пляцоўка для народа. Там і зладзілі імправізаваны мітынг.

Паколькі Аляксандр Рыгоравіч не з’явіўся, Статкевіч агучыў пяць ягоных пытанняў кандыдату ў прэзідэнты. Гэта пытанні пра зніклых палітыкаў, пытанні пра спробу здаць незалежнасць праз Саюзную дзяржаву, пра незаконны рэферэндум 1996-га года і разгон парламента, пра дыктатуру і беларускую мову. «Трэба паказаць яму: мы нічога не забыліся. Мы не верым у дэмакратызм, які з’явіўся праз 21 год, і патрыятызм. Мы гэтага чалавека лічым злачынцам, а месца злачынцы на лаве падсудных», — адзначыў Статкевіч.

«Некалі нам прыйдзецца гэтага чалавека адправіць у тое месца, якое ён заслугоўвае. Гэта прыйдзецца зрабіць, іншага выйсця няма. Нармальнага жыцця, нармальнага шчасця на гэтай зямлі пры гэтым чалавеку не можа быць. Людзі не мяняюцца ў такім узросце: дваццаць гадоў рабіў адно, а ў дваццаць другім ужо не стане. Прыйдзецца гэта зрабіць. Мы выбярэм момант, калі гэта зробім, і Беларусь будзе вольнай», — зазначыў Статкевіч.

Пасля Статкевіча выступіў Някляеў, які, ізноў жа, абвінаваціў кіраўніка дзяржавы ў тым, што ён працягвае гандляваць незалежнасцю краіны і ставіць яе пад пагрозу. У другой частцы прамовы Уладзімір Пракопавіч адказаў на пытанне, што рабіць, калі людзей прымусова запрашаюць на выбары. Калі ўжо людзям пагражаюць непрыемнасцямі на працы, казаў ён, то можна пайсці на выбарчы ўчастак, але трэба сапсаваць бюлетэнь — паставіць на ім крыж. Па меркаванні Някляева, гэта будзе крыж на ўсёй уладзе.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька таксама развенчваў народныя жахі. Маўляў, ва ўсіх існуе меркаванне, што, калі ты не прыйдзеш на выбары, то твой голас запішуць зразумела на карысць каго. Таму, нібыта, трэба прыйсці і прагаласаваць. Лухта гэта ўсё, сцвярджае Лябедзька, бо фальсіфікуюцца ў нас не галасы, а лічбы ў пратаколах.

Лепшае, па ягоных словах выйсце для народа — гэта прыйсці на выбарчы ўчастак, але прыйсці на яго ў якасці назіральніка. І самому паглядзець на тое, колькі народу прыйдзе галасаваць. А ўсім тым, хто на назіральніцтва не згодны, ён прапанаваў з’ездзіць да цешчы. Чым выклікаў неадназначную рэакцыю ў некаторых асобаў, якія, па ўсім бачна, не вельмі любяць цешчу.

Перад выступоўцамі ўвесь час круціўся міліцыянт, задаючы ім пытанні і збіраючы звесткі для адміністрацыйнага пратаколу. З ім ветліва размаўляў Някляеў. Тыя, хто былі побач і бачылі гэтую сцэну, прасілі супрацоўніка міліцыі не замінаць ім слухаць выступоўцаў. Некаторыя збіраліся міліцыянта адцягнуць убок і, магчыма, пабіць. Адкак далей за планы гэта не зайшло.

Напрыканцы сам Уладзімір Пракопавіч зазначыў: хай стаіць, паказвае, што міліцыя з народам.

Пасля таго, як гэтага супрацоўніка праваахоўных органаў ніхто не крануў і пальцам, я паверыў у абяцанкі Статкевіча забяспечыць фізічную недатыкальнасць нават Аляксандру Рыгоравічу. Калі ён з’явіцца наступным разам на такую сустрэчу з выбаршчыкамі.

Уладзімір Някляеў запрасіў прысутных на сход супраць расійскіх ваенных базаў, які павінен адбыцца ў гэтым жа месцы 4-га кастрычніка. А Мікалай Статкевіч напрыканцы сустрэчы заявіў, што «трэба даць чалавеку яшчэ адзін шанец». «Раптам ён прыйдзе сюды, падзе на калені, будзе прасіць у нас прабачэння», — паспадзяваўся Статкевіч. Насуперак сваім жа словам пра тое, што гэты чалавек — невыпраўляльны.

Таму ён яшчэ раз запрасіў Аляксандра Лукашэнку на сустрэчу з выбаршчыкамі напярэдадні дня галасавання — 10-га кастрычніка. На той жа плошчы Свабоды. А раптам з’явіцца?

Пасля сустрэчы не было нічога. Яе арганізатары размаўлялі з народам, і ніхто нікога не чапаў. А калі б чапалі, то не было б куды людзей падзець, таму што ў наваколлі не было бачна ніводнага «аўтазаку». Нават на звыклай для іх стаянцы за Палацам Рэспублікі.

Невядома, ці дамогся Статкевіч сваёй мэты — вярнуць народу вуліцу. Аднак варта зазначыць, што спроба была ўдалай. Нягледзячы на тое, што на гэтую сустрэчу прыйшлі дзяжурныя 300 чалавек разам з журналістамі, міжнароднымі назіральнікамі і міліцыянтамі.

Можа быць, на наступную сустрэчу прыйдзе болей.

Больш фота глядзі тут

Абмеркаванне:

  • Пятро
  • 2015-09-24 18:51:47
будем ждать, что Лукашенко воспользуется шансом на этот раз и придет ответить.

ведь ему вызов бросил сам Микола!
  • Павел
  • 2015-09-24 21:17:45
"...на гэтую сустрэчу прыйшлі дзяжурныя 300 чалавек разам з журналістамі, міжнароднымі назіральнікамі і міліцыянтамі"



Вот тут вы правильно отметили, что вместе со всеми человек 300 и набралось. А реальной то поддержки как не было у оппозиции, так и нет.

Каментаваць