Лукашэнку пераможа падобны

Кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў прапанаваў сваім калегам-супернікам па прэзідэнцкай выбарчай кампаніі супольна сысці з дыстанцыі. Станоўчага адказу на гэтую прапанову не было, а некаторыя кандыдаты гаварылі, што пра такую ідэю даведаліся са СМІ, а не ад Уладзіміра Пракопавіча ці прадстаўнікоў яго перадвыбарчага штабу. Згоды ў шэрагах кандыдатаў як не было, так і няма. Ментальныя і рэальныя слабіны апазіцыйных кандыдатаў у прэзідэнты ацэньвае кандыдат філасофскіх навук Уладзімір Падгол.



Кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў прапанаваў сваім калегам-супернікам па прэзідэнцкай выбарчай кампаніі супольна сысці з дыстанцыі. Станоўчага адказу на гэтую прапанову не было, а некаторыя кандыдаты гаварылі, што пра такую ідэю даведаліся са СМІ, а не ад Уладзіміра Пракопавіча ці прадстаўнікоў яго перадвыбарчага штабу. Згоды ў шэрагах кандыдатаў як не было, так і няма. Ментальныя і рэальныя слабіны апазіцыйных кандыдатаў у прэзідэнты ацэньвае кандыдат філасофскіх навук Уладзімір Падгол.

— Ці была эфектыўнай прапанова Уладзімера Някляева ўсім альтэрнатыўным кандыдатам зняцца з выбараў?


— Гэта быў палітычны блеф, падобны на дэмарш Някляева, калі ён сышоў з тэледэбатаў. Сыход з дыстанцыі ўсіх альтэрнатыўных кандыдатаў быў бы рацыянальным пасля першага дня датэрміновага галасавання. Як толькі назіральнікаў выведуць з участкаў, не дазволяць ім прысутнічаць там уначы, на наступны дзень трэба ўсім здымацца. Бо гэта сведчыць, што пачынаецца начное ўкідванне бюлетэняў, выбары скончыліся, пачалося палітычнае махлярства.

Сёлета падчас кампаніі не было гучных пераследаў актывістаў апазіцыі, але не трэба забывацца, што СМІ — гэта чацвёртая ўлада, таму ў час выбараў непрапарцыйнага падзелу эфірнага часу не можа быць. Кандыдаты атрымалі гадзіну для выступаў і гадзіну для дэбатаў на БТ, у той жа час Аляксандр Лукашэнка толькі на Усебеларускім сходзе выступае ў прамым эфіры тры гадзіны. Вялікая хіба апазіцыйных кандыдатаў, што яны не засяродзілі ўвагу грамадскасці на гэтым факце. Калі вы вылучаецеся ў прэзідэнты, то змагайцеся па ўсіх правілах бітвы.

— Што вы разумееце пад бітвай?

— Расійскі тэлеканал НТВ паказвае серыял «Хросны бацька». Пасля першай серыі актывісты апазіцыі выйшлі да Акадэміі навук з партрэтамі зніклых палітыкаў. Тэледэбаты. Я ўключаю тэлевізар з чаканнем, што на тумбе перад Яраславам Раманчуком, Андрэем Саннікавым (а ён быццам бы арганізуе штомесячныя акцыі «Мы памятаем»), Уладзімірам Някляевым, які ўзяўся гаварыць праўду, будуць стаяць фотаздымкі зніклых палітыкаў. Кожны з кандыдатаў меў магчымасць пераўзысці Аляксандра Казуліна па вастрыні ўзнятай праблемы. Чаму не паказалі партрэты гэтых людзей, не працытавалі Лукашэнку, які гаварыў генпракурору Бажэлку: «Ты давёў мяне да знемажэння. Я начамі не сплю, глытаю жменямі таблеткі. А ты капаеш, капаеш пад мяне! Кіньце шукаць Захаранку і Ганчара. Вам што, трэба каб апазіцыя насіла труны з іх целамі па Мінску?» Кандыдаты мусілі заклікаць Аляксандра Лукашэнку аддаць родзічам целы, даць пахаваць гэтых людзей. Не адбылося гэтага. Прамаўчалі, партрэты не выставілі, баязліўцы. Для мяне кампанія амаль скончылася пасля гэтых тэледэбатаў.

 — Вам не падаецца, што такі падыход мог бы адштурхнуць выбарцаў, бо і так нямала негатыву агучвалася з вуснаў кандыдатаў?

— Адна справа, як Статкевіч стварае вобраз тэрмінатара, а іншая — па-чалавечы сказаць: «Лукашэнка прызнаецца, што вінны ў знікненні людзей, як ён можа кіраваць краінай!» Казулін у 2006 годзе скарыстаўся тым жа прынцыпам, працытаваўшы Лукашэнку. У выніку апошні на Усебеларускім сходзе заявіў, што калі не будзе мець свайго дома, то пойдзе па краіне, і людзі па чарзе будуць даваць яму пераначаваць: «Ім (лідарам апазіцыі) пляваць на мой лёс. На нейкі лёс аднаго чалавека. Хай нават прэзідэнта. Бог ты мой! Яму трэба асабняк там нейкі пабудаваць, мільён у кішэню пакласці. Ды я выжыву, па добрых людзях пайду, яны мяне на кожную ноч прымуць, пераначую і так сваё жыццё пражыву да ста гадоў!» Тады свой выступ ён фактычна прысвяціў завочнай палеміцы з Казуліным, бо вымушаны быў апраўдвацца.



— То бок цяпер немагчыма сыграць на эканамічных пытаннях, як спрабавалі зрабіць кандыдаты?

— Польская «Салідарнасць» выбухнула, калі рэзка падвысілі кошты на мяса. У 1990-я гады на Мінскім трактарным заводзе прафсаюзны лідар зарабіў сабе вядомасць, калі прыкаваўся кайданкамі да станку на знак пратэсту, што перасталі рабочым выдаваць мыла. Цяпер падобнай падставы для сацыяльнага выбуху няма, хаця кошты на хлеб растуць няўмольна. Толькі што ўлады гэта робяць пакрысе, а пад выбары яшчэ прыкармілі падвышэннем заробкаў, бясплатным праездам для школьнікаў.

— Гэта неразуменне сітуацыі ці проста слабасць кандыдатаў, іх каманды?


— Пытанне не да мяне, а да кандыдатаў.

— Якія тэмы, апроч зніклых людзей, мусілі ўзняць палітычныя апаненты Лукашэнкі, але не зрабілі гэтага?

— Існуе дамова пра стварэнне Саюзнай дзяржавы, што, на маю думку, антыканстытуцыйна, бо частка суверэнітэту дэлегуецца Саюзнай дзяржаве. АДКБ — паліцэйскія войскі хуткага рэагавання. Чаму маўчанне? Трэба сказаць, што яны супраць мытнага саюзу, адзінай эканамічнай прасторы з Расіяй. Агульная хіба кандыдатаў, акрамя Рыгора Кастусёва, што ніхто з іх не гаворыць пра выхад з гэтых дамоваў, пра тое, што забіраюць наш суверэнітэт. Нямногія ведаюць, што на 19 снежня запланаваная сустрэча кіраўнікоў Беларусі і Расіі, каб стварыць Адзіную Эканамічную Прастору. Мытны хаўрус з Расіяй і АЭП — гэта страта нашай эканамічнай незалежнасці. Гэта пакрокавае паглынанне Беларусі Расіяй.

А Лукашэнка цяпер выйграе: едзе ў Маскву, зноў свеціцца на экранах тэлебачання, падпісвае дамову аб адзінай эканамічнай прасторы, размова ідзе аб нафце, мытах. Людзі не разбіраюцца і думаюць, што ўсё будзе па-старому. Атрымліваецца, кандыдаты не выйшлі на агульнадзяржаўны ўзровень, не той маштаб.

— Хто з кандыдатаў для вас найбольш моцны?


— Ніхто. Ніхто з іх не змог кінуць выклік Лукашэнку. У Міколы Статкевіча дваравая рыторыка: «Эй, ты, подлый трус, выходи!» Вось такую агрэсію выбарцы ўспрымаюць адмоўна. Спачатку трэба паказаць дзяржаўнасць, а пасля зваць на барыкады. Нават Дзмітрый Ус, які мае праблемы з маўленнем, выглядаў больш прывабна як канкрэтны палітычны бізнэсовец з канкрэтнаю мэтай: «Я прыйшоў на прэзідэнцкія выбары, каб змяніць заканадаўства».

Да слова, за час выбарчай кампаніі былі рэпрэсіі, хаця нам і паказваюць яе як ліберальную. У Віцебску быў затрыманы Барыс Хамайда за пікет у падтрымку байкоту, прыязджалі назіральнікі з АБСЕ, і Хамайду вызвалілі. Дык вось пытанне да Някляева, чаму ён не паехаў у Віцебск, ніяк не адрэагаваў на затрыманне Хамайды, які выступіў з ідэяй Някляева? Атрымліваецца, што лідар кампаніі «Гавары праўду» маўчыць, калі яму тое нязручна. А пасля абураецца, што яго не падтрымалі, калі агучыў сваю прапанову. Гэта імітацыя праўды. У Някляева ёсць сродкі, але няма спраў. Ідэя «Гавары праўду» папросту дыскрэдытаваная. Прыклад з Барысам Хамайдам не адзінкавы. Каб зараз я станоўча ацаніў дзейнасць Уладзіміра Някляева, то ён мусіў не хлусіць ніводнага разу.

Прэзідэнцкія выбары ва ўмовах таталітарызму можа выйграць той чалавек, які выйграе іх маральна да афіцыйнага аб’яўлення выбараў. Бо што б ты ні зрабіў пасля афіцыйнага старту кампаніі, прапаганда скажа, што твае дзеянні толькі дзеля выбараў. Выйграваць выбары Някляеву трэба было за пяць год. Народ мог паверыць у шчырую дзею, дзеля абароны інтарэсаў многіх людзей, у нешта самаахвярнае, шчырае.

Калі ставіць мэту перамагчы Аляксандра Лукашэнку, то трэба мець разуменне, чаму яго падтрымліваюць, чаму ён выклікае давер і нават любоў у некаторых. У Аляксандра Лукашэнкі моцны архетып, архетып Перуна, які, паводле міфалогіі, мае здольнасць заганяць злыя сілы назад у свае сховішчы, і таму непераможны. Адпаведна, мусіць з’явіцца чалавек з няменшай энергетыкай, які зможа яму супрацьстаяць. Да таго ж у Лукашэнкі феномен сацыяльнага ідала, якім ён стаў у 1993 годзе, калі прачытаў даклад пра карупцыю.

Феномен сацыяльнага ідала мае некалькі аспектаў. Першае: людзі на ірацыянальным узроўні імкнуцца зліцца з ідалам, хочуць яго чуць і бачыць. Новыя пакаленні таксама ментальна абіраюць Лукашэнку. Існуе ідэалагема — скарочаны сказ, які адлюстроўвае стан ментальнасці. У нас прапаганда апелюе да стабільнасці, што нам не патрэбны рэвалюцыі, перамены, якія прыносяць кепскі вынік.

Як перашыбіць сацыяльнага ідала? Гэтую сцяну можна прабіць толькі тады, калі з’явіцца суперідал, які выцесніць з мазгоў людзей Лукашэнку. Паглядзіце, яшчэ няма заробку ў 500 долараў, а ўжо ў галовы ўбітае абяцанне на тысячу долараў.
 

Каментаваць