Лукашэнку запрасілі на саміт АБСЕ

На гэтым тыдні Беларусь з афіцыйным візітам наведаў дзейны старшыня АБСЕ, дзяржаўны сакратар — міністр замежных спраў Казахстана Канат Саудабаеў. Дыпламат сустракаўся з прадстаўнікамі афіцыйнага Мінска, а таксама апазіцыі. І ў выніку прыйшоў да высноў, што ў Беларусі «даволі добрая сітуацыя», калі апаненты могуць вольна ўдзельнічаць у дыскусіі. Праўда, не ўлічыў, што магчымасці для такога абмену думкамі з’яўляюцца ў асноўным толькі з падачы Захаду, а не мясцовых уладаў.



На гэтым тыдні Беларусь з афіцыйным візітам наведаў дзейны старшыня АБСЕ, дзяржаўны сакратар — міністр замежных спраў Казахстана Канат Саудабаеў. Дыпламат сустракаўся з прадстаўнікамі афіцыйнага Мінска, а таксама апазіцыі. І ў выніку прыйшоў да высноў, што ў Беларусі «даволі добрая сітуацыя», калі апаненты могуць вольна ўдзельнічаць у дыскусіі. Праўда, не ўлічыў, што магчымасці для такога абмену думкамі з’яўляюцца ў асноўным толькі з падачы Захаду, а не мясцовых уладаў.

Падчас сустрэчы з апазіцыйнымі палітыкамі прагучала прапанова аднавіць пляцоўку АБСЕ для правядзення дыялогу ўнутры Беларусі, як гэта было напрыканцы 90-х гадоў. Нагадаю, што ў 1999 годзе пад эгідай АБСЕ быў арганізаваны дыялог паміж партыямі і прадстаўнікамі адміністрацыі прэзідэнта. На разнастайныя мерапрыемствы па яго забеспячэнню Еўропа, па некаторых падліках, выдаткавала каля 1,5 мільёна долараў. Аднак добрыя намеры нічым не скончыліся. Улады не выканалі ні адну з умоў, якія ставіла апазіцыя. Сёлета новы кіраўнік Офіса АБСЕ ў Мінску пасол Бенедыкт Халер у адным са сваіх інтэрв’ю заявіў, што адной з задач Офіса з’яўляецца «падтрыманне раўнавагі» і ўраду ў вядзенні дыялогу з грамадскімі структурамі. Праўда, яго папярэднік на гэтай пасадзе меў нямала крытыкі за лаяльнасць да беларускага рэжыму.

Як расказаў лідэр аргкамітэта па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалай Статкевіч, тэма сустрэчы з Канатам Саудабаевым не была выразна акрэсленая, і ў выніку ўсё звялося да правядзення ў Беларусі выбараў. Да слова, назіральнікі ад АБСЕ не будуць запрошаныя на мясцовыя выбары ў красавіку гэтага года. Па выніках парламенцкіх выбараў 2008 года АБСЕ зрабіла заключэнне, што яны не адпавядалі стандартам арганізацыі. Тады кіраўніца назіральнай місіі БДІПЧ АБСЕ Ан-Мары Лізен адзначыла некаторыя паляпшэнні ў выбарчым працэсе, але падкрэсліла, што некалькіх пазітыўных зрухаў недастаткова, каб цалкам адпавядаць стандартам АБСЕ.

 Паколькі ў сустрэчы на гэтым тыдні ўдзельнічалі не толькі прадстаўнікі апазіцыі, але і праўладных структур, то дыпламат меў магчымасць выслухаць усе бакі, і ў выніку прыйшоў да высновы, што «ў Беларусі даволі добрая сітуацыя, калі адбываецца вострая дыскусія прадстаўнікоў розных апазіцыйных і праўладных структур», — цытуе Статкевіча БелаПАН. І пасля падыходу да прэсы кіраўнік АБСЕ не зрабіў сенсацыйных заяў. Візіт меў на мэце зандаж глебы, а не прад’яўленне ўмоў Мінску для далейшай супрацы з Еўрапейскім саюзам. Што не пашкодзіла запрасіць кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку на саміт нефармальнай сустрэчы Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе, які адбудзецца летам у Казахстане, падчас якой плануецца разгледзець тэматыку і арганізацыйныя аспекты правядзення саміту кіраўнікоў дзяржаў АБСЕ, што таксама прызначаны на лета ў Казахстане.

Апроч таго, падчас візіту ў Беларусь Каната Саудабаева беларускія праваабаронцы звярнуліся ў Офіс АБСЕ да Бенедыкта Халера з заявай па справе Мікалая Аўтуховіча і Уладзіміра Асіпенкі, крымінальны працэс над якімі праходзіць у Вярхоўным судзе Беларусі. Цяпер ідзе допыт сведак па справе, і многія з іх адмаўляюцца ад ранейшых паказанняў, матывуючы гэта ціскам следства. Беларускія праваабаронцы лічаць, што Аўтуховіч і Асіпенка беспадстаўна абвінавачаныя ў падрыхтоўцы замаху на былога губернатара Гродзенскай вобласці, і доказаў іх віны няма. Абвінавачваным пагражае вышэйшая мера пакарання — пажыццёвае зняволенне або смяротная кара. На знак пратэсту супраць пазапраўнага арышту Мікалай Аўтуховчі летась больш за 90 дзён трымаў галадоўку ў следчым ізалятары, што моцна падарвала яго здароўе.
 

Каментаваць