Лукашэнка адказаў на тры пытанні Анісім. Гэтага ў трансляцыі не было

Пасьля сённяшняга выступу перад Нацыянальным сходам Беларусі Аляксандар Лукашэнка адказваў на пытанні дэпутатаў. Трансляцыя гэтай часткі выступу не вялася ў агульным нацыянальным эфіры. Старшыня ТБМ дэпутатка Алена Анісім паведаміла Свабодзе, што ў яе былі тры пытанні да кіраўніка дзяржавы.

Пра беларускую мову

Першае пытанне тычылася беларускай мовы: дэпутатка прапанавала прыняць адмысловую праграму па пашырэнні яе ўжывання ў інфармацыйнай і адукацыйнай сферах на ўзроўні прэзідэнцкай адміністрацыі.

«Прывяла прыклады і станоўчыя, і адмоўныя. Таксама прапанавала прыняць прэзідэнцкі ўказ, каб усе заканадаўчыя і падзаконныя акты прымаліся адразу на дзвюх дзяржаўных мовах, прычым на ўсіх узроўнях — ад раённага да агульнабеларускага», — сказала дэпутатка.

Паводле Анісім, Лукашэнка падзякваў яе за пытанне і сказаў, што «спяшацца тут не будзем». Трэба ўсё грунтоўна абдумаць. Дэпутатка мяркуе, што плён ад яе пытання будзе.

Пра партыі і грамадскія арганізацыі

Алена Анісім таксама звярнула ўвагу на падвышэнне ролі партыяў і грамадскіх арганізацыяў у жыцці краіны.

«Я задала пытанне: можа, варта тым арганізацыям, якія афіцыйна зарэгістраваныя, працуюць болей за 10 год і маюць болей за 3000 чальцоў, надаць права вылучаць сваіх кандыдатаў на выбары ўсіх узроўняў, уключаючы прэзідэнцкія, без збору подпісаў? Гэта падвысіць іх ролю», — сказала Анісім.

На гэта Лукашэнка адказаў, што асабіста яму гэта ня вельмі падабаецца і ён лічыць, што актывістам трэба працаваць з народам, ісці зьбіраць подпісы, «нельга цурацца народу».


Пра рэфэрэндум і магчымыя змены ў Канстытуцыі

Трэцяе пытанне Алена Анісім падала ў пісьмовым выглядзе. Яно тычылася магчымых зменаў у Канстытуцыі праз рэферэндум.

«Адказ на яго я атрымала падчас выступу кіраўніка дзяржавы. Цяпер мне ўсё зразумела», — падсумавала дэпутатка.

Што тычыцца пытанняў яе калег, найбольшае ўражанне на Анісім пакінулі пытанні аб алкагалізацыі краіны і аб магчымым адміністратыўна-тэрытарыяльным падзеле Беларусі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • грамадзянін
  • 2018-04-24 16:40:17
А пра падзел ці нельга падрабязней ? Што яны там ужо удумалі ?
  • Anatol Starkou
  • 2018-04-24 17:14:08
Я чуў, што зменяць назву ВОБЛАСЦЬ на ВАЯВОДСТВА і на Беларусі адразу з'явіцца б-ч-б шчасце на белым кані з чырвонай грывай. Чытаюць дэпутаты і эліта Праграму Адраджэння Нацыі нашага Вялікага Духоўнага Адраджэнца. Не толькі чытаюць, а й напамяць вывучаюць.
  • электорат
  • 2018-04-25 14:49:39
знаете ли вы как стригут баранов?

Каментаваць