Лукашэнка гаварыў пра дэмакратыю, палітзняволеных, адмену смяротнага пакарання

21 чэрвеня падчас сустрэчы ў Мінску з еўракамісарам Ёханэсам Ханам Аляксандр Лукашэнка гаварыў пра дэмакратыю, палітзняволеных, адмену смяротнага пакарання. Ён згадаў нармалізацыю дачыненняў Беларусі і ЕС, якія набылі «нейкі ўзровень стабільнасці».
Аляксандр Лукашэнка і Ёханэс Хан. Фота: БЕЛТА

Аляксандр Лукашэнка і Ёханэс Хан. Фота: БЕЛТА

"Мы не прасіліся ў Еўрасаюз, але мы хацелі б, каб у нас з ЕС былі такія адносіны, якім, магчыма, зайздросцілі нават члены ЕС, — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА. — І калі Еўрапейскі саюз на гэта гатовы, мы свой шлях гатовы прайсці".

Гаворка на сустрэчы ішла пра падрыхітоўку да падпісання дакументаў аб партнёрстве нашай краіны і ЕС. Лукашэнка выказаў меркаванне, на чым павінны грунтавацца дачыненні Мінска і Бруселя. "Размовы пра дэмакратыю, свабоду слова, палітзняволеных, адмену смяротнага пакарання — гэта само сабой зразумела, мы не здымаем гэта з парадку дня, мы смела і адкрыта пра гэта гаворым, — гаварыў беларускі кіраўнік. — Але асновай з'яўляюцца нашы гандлёва-эканамічныя, фінансавыя дачыненні".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што якраз у плане гандлёва-эканамічных і фінансавых дачыненняў Беларусь не атрымала ад Еўрасаюза тое, на што спадзявалася. "Мы будзем настойваць на тым, каб Еўрапейскі саюз дакладна таксама адкрываўся для нас, як мы адкрытыя для вас", — сказаў ён Хану.

У выпадку, калі ў гэтым пытанні ЕС зменіць сваю палітыку, улады Беларусі гатовыя больш смела ісці "на трансфармацыю, рэфармаванне нашага палітычнага ладу". У адваротным выпадку, лічыць Аляксандр Лукашэнка, калі "не бачыць эканоміку", людзей, а пачаць ламаць палітычную сістэму, Беларусь можа паўтарыць лёс СССР.

"Калі трансфармаваць, то трансфармаваць трэба ўсё: паступова, планава, не забываючы пра эканоміку і жыццё людзей", — падсумаваў усё сказанае Лукашэнка.



Паводле euroradio.fm

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць