Лукашэнка ў Малдове: Не трэба спрабаваць ставіць невялікія дзяржавы на калені

"Не трэба спрабаваць ставіць невялікія дзяржавы на калені і арыентаваць нас — або туды, або сюды. Дайце нам магчымасць вызначыцца, з кім нам быць і як нам дзейнічаць надалей", — заявіў Аляксандр Лукашэнка ў Кішынёве, куды прыбыў 18 красавіка з двухдзённым візітам па запрашэнні малдаўскага калегі Ігара Дадона.
Фота БЕЛТА

Фота БЕЛТА

"Я формулу прэзідэнта Малдовы прымаю "на ўра": мы павінны бачыць усё добрае і там, і там", — прыводзіць словы Лукашэнкі яго прэс-служба.

Паводле слоў беларускага кіраўніка, ёсць шмат размоў пра тое, што Малдова арыентуецца на Еўрапейскі саюз ці ж, наадварот, на Усход, і многія краіны не ведаюць, як развіваць супрацоўніцтва з ёй. "Трэба бачыць Беларусь такой, якая яна ёсць. Мы такім прынцыпам і кіруемся", — сказаў Лукашэнка. Зыходзячы з гэтага бакі выпрацавалі алгарытм супрацоўніцтва. Такое цеснае і канструктыўнае ўзаемадзеянне, лічыць ён, з'яўляецца прыкладам для іншых.

Актыўнаму развіццю супрацоўніцтва Беларусі і Малдовы нішто не перашкаджае, падкрэсліў афіцыйны беларускі лідар.

"Не буду пералічваць нашы праекты, мы нямала зрабілі ў былыя часы і асабліва цяпер. Вы для нас тое, што нам трэба ў гандлёва-эканамічных адносінах: вырабляеце усё тое, чаго няма ў Беларусі. Мы родныя людзі (я гэтага ніколі не забываю і не забуду), ды і вам, якія б у вас ні былі палітычныя перавагі, я разумею, што беларусы не чужыя людзі. У нас няма ніякіх геапалітычных, стратэгічных інтарэсаў тут, акрамя дружалюбных. Таму, улічваючы тое, што мы блізкія людзі, і тое, што вы вырабляеце ўсё, што нам трэба, мы купім у вас. А мы вырабляем ўсе тое, што трэба вам", — заявіў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што, наведваючы былыя рэспублікі Савецкага Саюза, нідзе не адчувае такой настальгіі, як у Малдове. "Праязджаючы па цэнтральнай вуліцы Кішынёва, я больш за ўсё хацеў бы прайсці па ёй пешшу, як калісьці было ў савецкія часы. Я прызнаюся шчыра (гэта не для піяру нейкага, таму што я ў Малдове): лепшай зямлі я не бачыў і не сустракаў. Тут добрыя людзі, зямля, вельмі добры клімат", — сказаў беларускі кіраўнік.

Ён падкрэсліў, што Беларусь гатова супрацоўнічаць з Малдовай па ўсіх напрамках, якія цікавыя гэтай краіне. "Хачу сказаць проста і даступна, хай нас пачуюць і ў Амерыцы, і ў Еўрасаюзе, і на Усходзе: у нас няма закрытых тэм для супрацоўніцтва. Мы гатовыя з вамі супрацоўнічаць, пачынаючы ад ВПК (калі вам гэта трэба) і заканчваючы любой грамадзянскай прадукцыяй, сельскай гаспадаркі, прадуктаў харчавання", — заявіў Лукашэнка і заклікаў не губляць час.

Пасля перамоў Аляксандр Лукашэнка ўсклаў вянок да помніка аднаму з кіраўнікоў Малдаўскага княства Штэфану Вялікаму ў Кішынёве.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць