Лукашэнка ўзнагародзіў Сі Цзіньпіна дзіўным ордэнам

Лукашэнка ўзнагародзіў старшыню Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпіна ордэнам «За ўмацаванне міру і дружбы». Аднак у пераліку дзяржаўных узнагарод Беларусі такога ордэну няма.

«Беларускі партызан» адзначае, што на сайце прэзідэнта, дзе пералічаныя ўсе магчымыя ўзнагароды, якія існуюць у Рэспубліцы Беларусь, ордэн «За ўмацаванне міру і дружбы» там наогул не значыцца.

Ёсць ордэн «Дружбы народаў». Ён носіцца на сіняй шыйнай стужцы, выкананы са срэбра з пазалотай і прадугледжаны якраз для вялікіх сяброў нашай краіны. Напрыклад, ім узнагароджаны лідар расійскіх камуністаў Генадзь Зюганаў, які нават не хавае, што бачыць Беларусь і Расію ў адной дзяржаве.



А вось ордэна «За ўмацавання міру і дружбы» ў пераліку ўзнагарод на прэзідэнцкім сайце няма (прынамсі, на вечар 2 кастрычніка, гэта значыць, праз два дні пасля цырымоніі ўзнагароджання, усё яшчэ не было).

І калі верыць Нацыянальнаму рэестру прававой інфармацыі, змены ў закон аб дзяржаўных узнагародах апошні раз уносіліся ў мінулым годзе. Але гаворка ішла аб званнях «Народны лекар», «Народны настаўнік», медалі «За выратаванне жыцця». Адкуль жа раптам узяўся ордэн, якім Лукашэнка ўзнагародзіў Сі Цзіньпіна?

Між тым, БелТА паведаміла пра ўзнагароджанне Сі Цзіньпіна ордэнам "За ўмацаванне міру і дружбы" за "вялікі асабісты ўклад у развіццё гандлёва-эканамічных, навукова-тэхнічных, гуманітарных сувязей паміж Беларуссю і Кітаем, выключныя заслугі ва ўмацаванні дружалюбных адносін і супрацоўніцтва паміж дзяржавамі".

Няўжо афіцыйны Мінск спешна прыдумаў узнагароду спецыяльна для кітайскага лідара і ўручыў яе пад нумарам адзін?

У выніку на гэты момант ніхто не можа сказаць, чым узнагародзілі Сі Цзіньпіна, якое месца гэты ордэн займае ў нашай узнагароднай іерархіі, і чым павінны адрознівацца заслугі тых, каго Беларусь узнагароджвае ордэнам «Дружбы народаў», ад заслуг тых, каму будзем уручаць «Ордэн міру і дружбы».


Каментаваць