Мілінкевіч — у Брусель, Козік — на плошчу

Кіраўнік руху “За свабоду Аляксандр Мілінкевіч заявіў, што гатовы ўдзельнічаць у наступных прэзідэнцкіх выбарах. Рашэнне было агучана падчас Беларускага еўрапейскага форума, які адбыўся ў Мінску.

(На здымку: Злева направа: амбасадар Польшчы ў Беларусі Генрык Літвін, кіраўнік Дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Яцэк Пратасевіч, Іна Кулей, Аляксандар Мілінкевіч)



Кіраўнік руху “За свабоду Аляксандр Мілінкевіч заявіў, што гатовы ўдзельнічаць у наступных прэзідэнцкіх выбарах. Рашэнне было агучана падчас Беларускага еўрапейскага форума, які адбыўся ў Мінску.

(На здымку: Злева направа: амбасадар Польшчы ў Беларусі Генрык Літвін, кіраўнік Дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Яцэк Пратасевіч, Іна Кулей, Аляксандар Мілінкевіч)


“Мне не цікава гуляць у палітыку, мне не патрэбен яшчэ адзін запіс у працоўную кніжку, што я быў кандыдатам у прэзідэнты. Я сапраўды хачу перамагаць і веру, што шанец ёсць — так круціцца кола гісторыі, сітуацыя на нашу карысць, — сказаў Аляксандр Мілінкевіч.

Разам з тым палітык заўважыў, што Беларускі еўрапейскі форум адмыслова не ствараўся як стартавая пляцоўка пад яго выбарчую кампанію. “Я не лічу, што гэта пачатак кампаніі. У кампанію варта і можна пайсці, калі цябе не толькі ў залі падтрымалі і былі апладысменты, а калі ты сабраў вялікую колькасць грамадзянскай супольнасці, калі ў рэгіёнах большасць цябе падтрымае, — патлумачыў лідэр руху “За свабоду. — Калі мы пойдзем многімі калонамі хаця б ад нацыянальна-дэмакратычнай часткі, то я не думаю, што варта ісці.

Ці будзе вылучаны Мілінкевіч у якасці адзінага кандыдата ад нядаўна створанага Беларускага незалежніцкага блоку, пакуль не вядома, бо ў яго ўваходзяць асобыя, якія маюць свае амбіцыі на прэзідэнцкую кампанію. Але той факт, што на форуме прысутнічалі прадстаўнікі блоку, паказвае падтрымку кандыдатуры Мілінкевіча.

Што тычыцца самога Беларускага еўрапейскага форума, то ён прадэманстраваў палітычным сілам у Беларусі і Еўропе ступень падтрымкі і прыхільнасці да Мілінкевіча, а таксама еўрапейскага вектару развіцця Беларусі: у мерапрыемстве прынялі ўдзел 809 чалавек, 98 ганаровых гасцей, 7 кіраўнікоў дыпламатычных місій.

Пасля вялікага сходу прыхільнікаў еўрапейскага вектару група апазіцыйных палітыкаў, у тым ліку і Аляксандр Мілінкевіч, накіравалася з візітам у Брусель, каб “абмеркаваць прынятую на Беларускім еўрапейскім форуме праграму дзеянняў. Беларускія палітыкі мелі сустрэчы са старшынёй Еўрапарламента Ежы Бузэкам і кіраўніком парламенцкай дэлегацыі па сувязях з Беларуссю Яцэкам Пратасевічам, а таксама з прадстаўнікамі Еўракамісіі.

Паралельна ў Бруселі праходзіў Форум грамадзянскай супольнасці ў межах ініцыятывы ЕС “Усходняе партнёрства, у працы якога ўзялі ўдзел прадстаўнікі 27 няўрадавых арганізацый Беларусі. Ад Беларусі ў форуме ўдзельнічаюць прадстаўнікі моладзевай арганізацыі “Малады фронт, Асамблеі недзяржаўных дэмакратычных аб’яднанняў, Беларускага Хельсінскага камітэту, экалагічных арганізацый, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ды шэрагу іншых.

Незарэгістраваны ў Беларусі “Малады Фронт на Форуме грамадзянскай супольнасці прадстаўляла студэнтка БДУ Таццяна Шапуцька. У дзень адкрыцця форума аднакурснікі паведамілі, што яе могуць адлічыць з юрыдычнага факультэта. “Дэканат факультэта паставіў на асаблівы ўлік усю групу, у якой вучыцца Таццяна. Саму ж Таццяну дэканат выклікаў на спецыяльнае пасяджэнне, якое павінна прайсці ў чацвер, 19 лістапада, — цытуе словы Зміцера Дашкевіча БелаПАН. У Бруселі кіраўнік Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леанід Козік паабяцаў персанальна арганізаваць мітынг у цэнтры Мінска ў падтрымку Шапуцькі, калі яе адлічаць за гэты міжнародны візіт.

Форум грамадзянскай супольнасці абраў прадстаўніка Беларусі Сяргея Мацкевіча ў якасці дэлегата на міжміністэрскі саміт, які адбудзецца 8 снежня ў Стакгольме, каб агучыць выпрацаваную пазіцыю форума. Асноўная мэта мерапрыемства — спрасціць дыялог і супрацоўніцтва паміж арганізацыямі грамадзянскай супольнасці і ўрадамі краін-удзельніц “Усходняга партнёрства, садзейнічаць рэалізацыі праграмы.

Каментаваць