Мадэрнізацыя знешняй палітыкі Беларусі: уключыць мазгі, праявіць палітычную волю

Кажучы пра неабходнасць рэформ, беларускія эксперты часцей за ўсё маюць на ўвазе эканамічную і палітычную сферы. Аднак паспяховая мадэрнізацыя краіны залежыць не толькі ад пакета прапанаваных рэформ, але і ад знешніх фактараў. Шмат у чым іх уплыў на мадэрнізацыю абумоўлены поспехамі ці праваламі знешняй палітыкі. Апошніх у афіцыйнага Мінска значна больш.
 



Яшчэ ў жніўні гэтага года Аляксандр Лукашэнка, калі прадстаўляў Уладзіміра Макея на пасадзе міністра замежных спраў, заявіў аб тым, што ў знешняй палітыцы Беларусь не дапусціла сур'ёзных правалаў і праколаў.

Сапраўды, за апошнія гады падпісана шмат дагавораў аб двухбаковым супрацоўніцтве і развіцці дыпламатычных адносін. Аднак на справе знешняя палітыка Беларусі заключалася ў спробе саскочыць са знешнепалітычных арэляў ЕС — Расія і знайсці трэцюю апору. Абяцанні беларускіх улад страцілі сваю каштоўнасць як для Бруселя, так і для Масквы. З аднаго і з другога боку ўсё больш настойліва сталі гучаць патрабаванні.

У спробе беларускіх улад выйсці з такой сітуацыі нараджаліся новыя знешнепалітычныя праекты з нафтавым прысмакам, а беларусы станавіліся братамі то для іранцаў, то для венесуэльцаў. Праектам, які зайшоў найболей далёка, стала беларуска-кітайская дружба, дваццацігоддзе якой прыпала на 2012 год.


Правал за правалам

Першыя спробы беларускіх улад знайсці новых знешнепалітычных партнёраў былі звязаны з гучным, добра зробленым піярам удзелу краіны ў Руху недалучэння. Партнёры знайшліся даволі хутка: спачатку ў гэтай ролі выступіў Іран, а затым і Венесуэла.

Рыторыка дружбы па першай пары падтрымлівалася наяўнасцю агульных ворагаў у асобе Злучаных Штатаў і сусветнага капіталізму, а таксама наяўнасцю ў абедзвюх дзяржаў нафты, доступ да якой спрабавала атрымаць Беларусь. Да таго ж лідары Ірана і Венесуэлы былі ментальна блізкія кіраўніку беларускай дзяржавы метадамі кіравання і схільнасцю да канцэнтрацыі ўлады ў сваіх руках.

Аднак аказалася, што сябры па Руху недалучэння аддзяляюць справы ад лозунгаў і ў двухбаковых адносінах прытрымліваюцца ўсё таго ж рыначнага прынцыпу: ты — мне, я — табе.

Так, спроба беларускіх улад пачаць распрацоўку нафтавага радовішча Джуфейр скончылася правалам, адной з прычын якога сталі банальны недахоп фінансавання і адсутнасць цікавасці ў іранскага боку. Падобная сітуацыя назіраецца і ў сферы інвестыцый: праект па зборцы легкавых аўтамабіляў "Саманд" не апраўдаў сябе, а мізэрны аб'ём вытворчасці падтрымліваецца за кошт дзяржзакупак.

Не дапамог Іран і крэдытамі. У складаным для Беларусі 2011 годзе Нацбанк разглядаў магчымасць прыцягнення іранскіх крэдытаў на 400 млн. долараў. Але крэдыты так і не былі выдзелены.

Не апраўдаліся надзеі і на праект беларуска-венесуэльскіх адносін. Пастаўкі сяброўскай нафты аказаліся нерэнтабельнымі і на нішто сышлі летам гэтага года, хоць па дамоўленасцях павінны былі працягвацца як мінімум да 2014 года, прычым у каласальных маштабах.

Цяпер беларуска-венесуэльскія адносіны ратуюць выкананнем плана па экспарце будаўнічых паслуг, у той час як у Беларусі адчуваецца востры недахоп будаўнікоў.

Адной з амбіцыйных спроб паляпшэння знешняй палітыкі з'яўляецца план прыцягнення Кітая ў Беларусь. За дваццацігадовую гісторыю адносін не было ні гандлёвых войнаў, ні палітычных канфліктаў, да таго ж Пекін з'яўляецца буйным гульцом на міжнароднай арэне. Чым не стратэгічны партнёр?

Аднак і тут адбылася аказія: замест шматмільярдных інвестыцый былі прапанаваны звязаныя крэдыты. У выніку Беларусь мае за мінулы год адмоўнае сальда гандлёвага балансу з Кітаем у 1,55 млрд. долараў. У той жа час калі ў 2010 годзе аб'ём прамых замежных інвестыцый з Кітая склаў 15,5 млн. долараў, то ў 2011 годзе — 9,4 млн. долараў, у першым квартале 2012 года — 3,98 млн. долараў. Аб прарыве гаварыць не прыходзіцца.

Прыведзеныя прыклады паказваюць, што нават пры адсутнасці палітычных патрабаванняў да Мінска, на што так часта скардзіцца беларускі прэзідэнт, знешняя палітыка краіны не працуе.

У адносінах са сваімі асноўнымі знешнепалітычнымі партнёрамі — Расіяй і Еўрапейскім саюзам — Беларусь трапіла ў пастку, ход у адзін ці другі бок пагражае шахам і матам.

ЕС выстаўляе выразныя палітычныя патрабаванні, Расія патрабуе выканання інтэграцыйных і эканамічных абавязацельстваў. Але ні тыя, ні другія патрабаванні не прымальныя для беларускіх улад.

У выніку краіна будзе і далей спрабаваць працягваць палітыку абяцанняў, рухаў ад Расіі да ЕС, толькі належнага выніку яна ўжо не дасць.

А вынікам знешняй палітыкі Беларусі апошняга дзесяцігоддзя стала ператварэнне краіны ў свайго роду помпавую станцыю, якая прапампоўвае нафту і газ з энергарэсурснай імперыі ў краіны трубаправоднай дэмакратыі.


Патэнцыял аналітыкаў, мадэрнізацыя самой улады

У межах ініцыятывы ЕС "Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі з Беларуссю" важна разгледзець магчымасці пераходу краіны на новыя рэйкі знешняй палітыкі, бо без гэтага рэальная мадэрнізацыя, хай і ў будучыні, можа быць пастаўлена пад пагрозу. Пакуль жа беларускія ўлады ва ўпор не бачаць сваіх памылак.

Для выхаду з такой сітуацыі Беларусі трэба звярнуцца да сусветнага вопыту вырашэння праблем у знешняй палітыцы. Так, міністэрствы замежных спраў шматлікіх краін у сваёй працы выкарыстоўваюць даныя аналітычных цэнтраў і мясцовых фабрыкаў думкі (think tank). Для прыкладу можна звярнуцца да вопыту Злучаных Штатаў, дзе незалежныя аналітычныя цэнтры і кансалтынгавыя кампаніі актыўна ўцягнуты ў працэс пабудовы знешняй палітыкі краіны.

Падобная сітуацыя назіраецца ў Кітаі. Нягледзячы на тое што КНР з'яўляецца аўтарытарнай дзяржавай, а працэс прыняцця рашэнняў закрыты ад пабочных асоб, кампартыя актыўна прыцягвае незалежных экспертаў для правядзення знешняй палітыкі.

У адрозненне ад Беларусі, Кітай пачынаючы з 1990-х гадоў мэтанакіравана развіваў мазгавыя цэнтры пры ўніверсітэтах з мэтай стварэння даследчых інстытутаў. Гэты працэс дазваляе кампартыі атрымліваць інфармацыю і ацэнку сітуацыі экспертамі напрамую, а не праз фільтр структур дзяржаўнага кіравання. Вынік такой палітыкі ў наяўнасці: знешняя палітыка Кітая лічыцца адной з самых эфектыўных і прадуманых у свеце.

Страчанае ў гэтым кірунку спрабуе нагнаць і Расійская Федэрацыя. Яе ўрад актыўна развівае сістэму дзяржаўных закупак даследаванняў у незалежных аналітычных цэнтраў і фабрык думкі.

У аснову працэсу пакладзены конкурс, і нягледзячы на тое што і цяпер існуе шмат праблем, сістэма пачала працаваць. Сярод выканаўцаў дзяржаўнай замовы на даследаванні можна знайсці як кансалтынгавыя кампаніі, так і інфармацыйныя цэнтры. Сярод іх РІА Новости, Цэнтр гуманітарнага супрацоўніцтва, ТАА "Аналітычны холдынг".

Зрэшты, мадэрнізацыя знешняй палітыкі немагчыма без мадэрнізацыі самога палітычнага рэжыму. У іншым выпадку не выратуюць і самыя светлыя галовы з think tank. 

Каментаваць