Мае права на існаванне

Згодна з заканадаўствам, Статкевіч не можа быць зарэгістраваным у якасці кандыдата ў прэзідэнты. Але гэта зусім не азначае, што не мае права на існаванне ініцыятыўная група па ягоным вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты.



Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына катэгарычна адмовіла магчымасць рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Мікалая Віктаравіча. У інтэрв’ю "Радыё Свабода" яна паведаміла: «Пакуль ён асуджаны, мы не маем юрыдычнага права аформіць яго як кандыдата ў прэзідэнты. Больш за тое, мы нават не маем права зарэгістраваць яго ініцыятыўную групу. А калі не будзе зарэгістраваная ініцыятыўная група — хто ж тады будзе збіраць подпісы ў яго падтрымку? Такія акцыі, калі яны і будуць праходзіць, адразу становяцца нелегітымнымі», — заявіла Ярмошына.

Лідзія Міхайлаўна, як заўжды, паблытала боб з гарохам, то бок рэгістрацыю ініцыятыўнай групы і рэгістрацыю кандыдата ў прэзідэнты. Канешне, Статкевіч знаходзіцца ў месцах зняволення, але гэта не ёсць, паводле літары закона, падставай для нерэгістрацыі ягонай ініцыятыўнай групы.

Згодна выбарчаму кодэксу, «прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь па нараджэнні, не маладзейшы за 35 гадоў, які валодае выбарчым правам і пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусь не менш дзесяці гадоў непасрэдна перад выбарамі». Паколькі Статкевіч у турме, ён пазбаўлены выбарчага права. Але гэта тычыцца толькі самога Статкевіча.

Што ж да ініцыятыўнай групы, то закон высоўвае да яе толькі адно патрабаванне — не менш за сто чалавек.

Ініцыятыўная група Статкевіча можа быць зарэгістраваная дзякуючы выбарам 2010 года. Тады дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі падаў не ён сам персанальна, як было прапісана ў заканадаўстве, а ягоны прадстаўнік Аляксандр Радзькоў. Пасля гэтага ў ВК былі ўнесеныя змены: падаваць спісы ініцыятыўнай групы дазволілі і «прадстаўніку асобы, што мае намер вылучыцца кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, які ажыццяўляе свае паўнамоцтвы на падставе натарыяльна засведчанай даверанасці».

Зараз нават пашпарт, якога ў Статкевіча, можа быць, і няма, пры рэгістрацыі групы не патрабуецца. Дастаткова «копіі старонак пашпарта, якія пацвярджаюць грамадзянства Рэспублікі Беларусь і рэгістрацыю на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь асобы, якая мае намер вылучыцца кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь».

Варта адзначыць і дзеянні актывістаў, якія ўвесь тэрмін знаходжання Статкевіча за кратамі змагаліся за ягоныя правы. Віцебскі дэмакрат Аляксей Гаўруцікаў на выбарах Палаты прадстаўнікоў у 2012 годзе таксама спрабаваў рэгістраваць ініцыятыўную групу Статкевіча па вылучэнні яго кандыдатам у дэпутаты. Гэтыя групы таксама імкнуліся незарэгістраваць, бо «Статкевіч жа ў турме». Гаўруцікаў пераконваў (і што самае дзіўнае — пераканаў) камісіі, што рэгістрацыя ініцыятыўнай групы — яшчэ не рэгістрацыя кандыдата. «Можна ўявіць сабе такую гіпатэтычную сітуацыю: праз два дні Лукашэнка выпускае Статкевіча з турмы, здымаюцца ўсе абмежаванні яго грамадзянскіх правоў. Што тады? Атрымліваецца, што Статкевіч ужо мае права балатавацца, але подпісы за яго вылучэнне збіраць нельга. Так што не трэба блытаць: тое, што Статкевіч у зняволенні, было б контраргументам на этапе рэгістрацыі кандыдата, але не яго ініцыятыўнай групы», — казаў Гаўруцікаў.

Па словах Гаўруцікава, пасля яго тлумачэнняў камісія Віцебскай-Чкалаўскай акругі №18 на некалькі хвілін здранцвела, абдумваючы пачутае. У рэгістрацыі было адмоўлена на падставе, якую падказаў сам Гаўруцікаў, — у яго не было даверанасці ад Статкевіча.

Але тое, чаго не было ў Гаўруцікава, ёсць у жонкі Статкевіча Марыны Адамовіч. «Мы прадумалі гэтае пытанне», — паведаміла яна.

У тую сітуацыю мусіла ўмешвацца сама Лідзія Ярмошына. З яе словаў, ініцыятыўныя групы Статкевіча не былі зарэгістраваныя, бо ён афіцыйна, праз адміністрацыю турмы, не перадаваў ніякіх лістоў у выбарчыя камісіі, а іншай магчымасці падпісаць дакументы аб рэгістрацыі сваёй ініцыятыўнай групы ў Статкевіча не было.

Звесткі адміністрацыі турмы — гэта наўрад ці дастатковая і законная падстава для нерэгістрацыі ініцыятыўнай групы. Статкевіч мог перадаць дакументы, напрыклад, праз адваката. Альбо на сустрэчы з роднымі.

Акрамя таго, стварэнне ініцыятыўнай групы — гэта не права Статкевіча вылучацца кандыдатам у прэзідэнты. Гэта права людзей вылучаць у прэзідэнты таго, хто ім падабаецца.

Каментаваць