Макей: «Перамовы па Украіне можна перанесці хоць у Антарктыду»

Беларусь за лаўрамі міратворцы не гоніцца ў адрозненне ад іншых, сказаў кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей, каментуючы заяву прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева аб магчымым пераносе перамоў па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне з Мінска ў іншае месца.


Макей нагадаў, што "не Беларусь напрошвалася ў якасці пляцоўкі для правядзення перамоў па Украіне, а кіраўнікі краін "нармандскай чацвёркі" выказалі просьбу да прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі прыняць у сябе ўдзельнікаў сустрэч па ўрэгуляванні ўкраінскага канфлікту".

"У адрозненне ад іншых, Беларусь за лаўрамі міратворцы не гоніцца, — цытуе міністра прэс-служба МЗС. — Але гэта канфлікт у нашай сям'і, у нашым рэгіёне, і мы кроўна зацікаўленыя ў яго вырашэнні. Мы не ўдзельнікі перамоў, але прэзідэнт Рэспублікі Беларусь неаднаразова прапаноўваў розныя варыянты ўрэгулявання гэтага крызісу, у тым ліку гатоўнасць забяспечыць кантроль беларускімі міратворцамі ўкраінска-расійскай мяжы і лініі судакранання".

На думку Макея, "наўрад ці што-небудзь залежыць ад месца правядзення перамоў". "Перамовы па Украіне можна перанесці хоць у Антарктыду, калі будзе ўпэўненасць у іх поспеху", — заявіў міністр. "Але для з'яўлення гэтай упэўненасці трэба, каб усе ўцягнутыя ў гэты канфлікт бакі, а таксама нібыта "пабочныя", але вельмі зацікаўленыя дзяржавы былі шчыра нацэленыя на спыненне кровапраліцця", — дадаў Макей.

18 студзеня на прэс-канферэнцыі паводле вынікаў пасяджэння Савета бяспекі ААН у Нью-Ёрку Назарбаеў паведаміў, што прапанова перанесці перамовы з Мінска прагучала ад прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. "Мінск-1 застопарыўся, у тупіку", — сказаў Назарбаеў і дадаў, што "ўвогуле гэта першапачаткова павінна было быць у Казахстане". Дамовіліся, што ў гэтым напрамку будзем працаваць, дадаў Назарбаеў. Паводле яго слоў, адным з асноўных пытанняў можа стаць увядзенне "блакітных касак" у Данецк і Луганск.

Чарговыя, першыя ў 2018 годзе, перамовы трохбаковай кантактнай групы аб урэгуляванні сітуацыі ва Украіне адбыліся ў Мінску 18 студзеня. Паводле іх вынікаў спецпрадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ ў кантактнай групе Марцін Сайдзік паведаміў, што бакі канфлікту абмяркоўваюць перспектывы далейшага абмену палоннымі. Паводле яго слоў, першы за 15 месяцаў паспяховы абмен палоннымі, які адбыўся 27 снежня, кажа пра тое, што "пры наяўнасці палітычнай волі бакі канфлікту могуць прыйсці да згоды нават па самых складаных пытаннях". Сайдзік падкрэсліў, што з моманту апошняй сустрэчы кантактнай групы прайшоў амаль месяц, але праца ў гэты перыяд не спынялася.

БелаПАН


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць