Макей: Мы вельмі зацікаўленыя ў нармалізацыі адносінаў з Еўрасаюзам

Пра гэта заявіў Уладзімір Макей па выніках сустрэчы з федэральным міністрам замежных спраў ФРГ Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам.



mfa.gov.by


Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей разлічвае на поўнае зняцце Еўрасаюзам санкцый з Беларусі. Аб гэтым ён заявіў па выніках сустрэчы з федэральным міністрам замежных спраў ФРГ Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам, якая адбылася напярэдадні ў Берліне.

Макей адзначыў, што на сустрэчы адбылося абмеркаванне перспектыў развіцця дыялогу паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам, удзелу Беларусі ў працэсах еўразійскай інтэграцыі, яе ўзаемадзеяння з Германіяй у міжнародных арганізацыях, асабліва з улікам старшынства Германіі ў АБСЕ ў 2016 годзе, шэрагу актуальных праблем міжнароднай палітыкі. «Я спадзяюся, што ў абмеркаванні ўсіх праблем мы дасягнулі ўзаемаразумення», — цытуе Макея БЕЛТА.

Па словах Макея, ён прасіў нямецкага калегу, каб на фоне міжнароднага крызісу  “тэма Беларусі не згубілася”.

“Мы вельмі зацікаўленыя ў нармалізацыі адносінаў з Еўрасаюзам. Мы хочам нармальных эканамічных адносінаў з Еўрапейскім саюзам і асобнымі еўрапейскімі краінамі. Гэта дапаможа нам сілу і ў палітычным плане”,  адзначыў Макей.

“Мы спакойна глядзім у будучыню, і, я думаю, мы глядзім у адным і тым жа кірунку. Гэта вельмі важна, таму што ў мінулым многае мела месца. Быў перыяд санкцый, якія не ўнеслі пазітыўнага ўкладу ў развіцце нашай краіны. Я спадзяюся, што ў будучыні гэтыя санкцыі будуць знятыя, і гэта дапаможа нам працягнуць развіцце краіны па ўсіх кірунках  палітычнаму, эканамічнаму, у галіне правоў чалавека і іншым, ужо названым намі з спадаром Федэральным міністрам. Самае галоўнае, што абодва бакі зацікаўленыя ў тым, каб Беларусь падтрымлівала нармальныя адносіны з Еўрасаюзам. І я думаю, што сённяшняя сустрэча вельмі важная для нашай будучыні”,  цытуе Макея прэс-служба беларускага МЗС.

На пытанне, ці не звязаная асцярожная пазіцыя Мінска з пагрозай для Беларусі быць завязанай толькі на пуцінскую Расію, асабліва на фоне ўкраінскага крызісу, У. Макей адказаў:

Крызіс  ва Украіне ўяўляе рэальную пагрозу для бяспекі ўсяго рэгіёну. Наша стаўленне да ўкраінскага крызісу было з самага пачатку ясным і выразным, наш прэзідэнт шмат разоў гаварыў пра гэта. Мы зацікаўленыя ў тым, каб мір ва Украіне быў адноўлены як мага хутчэй. Мы заўседы выступалі за адзінства, за захаванне Украіны як адзінай дзяржавы.

Мы  тры славянскія народы: украінцы, рускія і беларусы. Калі два браты або сёстры сварацца, трэці павінен быць гатовы дапамагчы памірыць іх. Мы заўсёды рабілі ўсё магчымае, каб аднавіць мір на ўкраінскай зямлі. Вы ведаеце, што мы далі згоду на тое, каб кантактная група АБСЕ працавала ў Мінску, і яна рэгулярна праводзіць свае пасяджэнні. Мы цесна кантактуем і з расійцамі, і з украінцамі, і імкнемся зрабіць усё магчымае на афіцыйным і неафіцыйным узроўні для аднаўлення стабільнасці і спакою ў Украіне.

Абмеркаванне:

  • Вольф
  • 2015-11-20 18:06:53
Я больш чым упэўнены, што ўсе ўдзельнікі літаратурна-шахматнага конкурсу памяці Караткевіча: http://brestchess.ucoz.ru/index/novosti/0-18 (запіс ад 19.11) зацікаўлены ў нармалізацыі адносінаў з
Еўрасаюзам!

Каментаваць