"Малады фронт" 2 красавіка хоча зладзіць акцыю супраць расійскага шавінізму

"Малады фронт" падае грамадскую заяўку на правядзенне акцыі ля Расійскай амбасады 2 красавіка. Але звяртаецца не да ўлады, а да грамадства.

 



Акцыя "Маладога фронту" 2 красавіка 2014 года


"2 красавіка у Беларусі і Расіі адзначаецца г. зв. дзень яднання народаў Беларусі і Расіі, — нагадвае прэс-служба МФ. — Хаця што і яднала нас усю гісторыю, дык гэта войны, у якіх Беларусь адстойвала сваё права на незалежнасць ад Расейскай імперыі".

"Малады фронт" заклікае ўсіх патрыётаў выйсці 2 красавіка а 12 гадзіне да амбасады РФ у Мінску (Нававіленская 1А) пад лозунгамі: “Расія — гэта вайна!”, “Не —  расійскаму імперыялізму!”, “Расія, ідзі дамоў!” і любымі іншымі, якія удзельнікі напішуць на сваіх плакатах.

"Малады фронт" вырашыў дзейнічаць, як таго патрабуе беларускае заканадаўства, і загадзя паведамляе пра акцыю каля Расійскай амбасады 2 красавіка. Таму за 15 дзён да акцыі падае заяўку на мерапрыемства: "Але падаем яе публічна — грамадству, усім патрыётам, а не рэжыму, якая ўжо трэці дзясятак год гандлюе незалежнасцю нашай Бацькаўшчынай".

"Малады фронт" засяроджвае ўвагу, што акцыя каля Расійскай амбасады 2 красавіка плануецца мірная: "Разумеем, што расійская агрэсія абурыла ўсіх нас да глыбіні душы, але просім пакуль устрымацца ад кактэйляў і камянёў; бярыце з сабою толькі сцягі ды плакаты!"

Каментаваць