Маналогам па дыялогу

Спробы сфармаваць нацыянальную культуру за «жалезнай заслонай» яшчэ нідзе не прыводзілі да станоўчых вынікаў.



Пра што б я пісаў, калі б «Советская Белоруссия» не падкідвала мне тэмы? На жаль, такія масцітыя аўтары, як акадэмік Анатоль Рубінаў або філосаф Вячаслаў Оргіш, нячаста ажыўляюць сваімі аналітычнымі артыкуламі самую салідную газету краіны. Але жыццё не стаіць на месцы. Падрастае новае пакаленне арыгінальных мысляроў. Журналіст Барыс Лепяшко — адзін з іх.

«Дыялог і маналог культур». Так называецца яго артыкул, апублікаваны ў адным з нумароў «СБ». Паспрабую коратка выкласці яго змест.

Для развіцця беларускай нацыянальнай самасвядомасці маналагічныя працэсы важней за дыялагічныя. Чаму? Усё вельмі проста. Дыялог патрабуе роўнасці бакоў, і прадуктыўным ён можа быць выключна «ў рамках стабільнай сітуацыі ў культурным асяроддзі, а не ў сітуацыі, калі маюцца прынцыповыя рознагалоссі, што раз’ядаюць душу і плоць нацыі».

Такім чынам, да дыялогу культур нацыянальнай культуры трэба будзе яшчэ дарасці, для чаго трэба навесці парадак ва ўласным доме, сфармаваць пачуццё нацыянальнай годнасці, а ўжо потым распачаць узаемаўзбагачальнае ўзаемадзеянне з іншымі культурамі.

У якасці прыкладу журналіст спасылаецца на досвед культурнага будаўніцтва ў Расіі. Да Чаадаева, Пушкіна, Гогаля і Лермантава дыялог быў немагчымы, бо з расійскага боку суб’ект дыялогу адсутнічаў. Пасля з’яўлення пералічаных вышэй аўтараў сфармавалася нацыянальная культура, яна «заявіла пра сябе ў поўны голас» і «засталася ў гісторыі і сучаснасці ў якасці культуры Сярэбранага веку» (Барыс Лепяшко пераблытаў Сярэбраны век рускай паэзіі з залатым векам, але прапаную заплюшчыць вочы на гэткую дробязь).

Як бы апраўдваючыся за арыгінальнасць сваіх поглядаў, журналіст тлумачыць: «Гэта не значыць, вядома, што фармаванне нацыянальнай культуры магчыма толькі ў нацыянальным асяроддзі і толькі на аснове нацыянальнага матэрыялу. Гэта значыць, што па-за нацыянальным кантэкстам любыя «дыялогі» асуджаныя або на касмапалітызм, або культуры, якія толькі фармуюцца ці афармляюцца, зведаюць ціск культур, якія склаліся».

Але ідзем далей. Нацыянальная культура — аснова ідэйнай кансалідацыі. Таму замест «перацягвання культурнай коўдры» ўдзельнікам працэсу варта засяродзіцца на стварэнні «асновы ўзаемнага разумення». Перашкаджае разуменню «барыкаднае» мысленне. Дзеля яго пераадолення і варта звярнуцца «да маналогу беларускай культуры», і весці гэты маналог трэба ў кансалідуючым асяроддзі, «у рамках якога нацыянальнае развіццё прыме агульнаўзгодненыя формы».

Вы што-небудзь зразумелі? Я зразумеў, але мне дзеля гэтага спатрэбілася некалькі разоў перачытаць артыкул.


Імпартазамяшчэнне не спрацоўвае


«Сябар мой, — пісаў Пушкін у сваім французскім лісце да Чаадаева ў ліпені 1831 года, — я буду гаварыць з вамі на мове Еўропы», і робіць тут жа нечаканае прызнанне: «яна мне больш звыклая за нашую». Вось такі вопыт будаўніцтва нацыянальнай культуры ў Расіі — не выдуманы журналістам, а рэальны.

«Русская мысль» (чытай, руская высокая культура), — тлумачыць акадэмік Юрый Півавараў, — «прачынаецца» ў пралогу XIX стагоддзя. Мінула стагоддзе запазычанняў, вучнёўства, пераймальніцтва. Яна гатовая да спелай творчасці. Карабель Асветы пацярпеў крушэнне ў штормах Французскай рэвалюцыі. Напалеонаўскія войны, рамантызм, гістарычная школа права, нямецкая філасофія, кансерватызм (Шатабрыян), лібералізм (Бенжамен Канстан), сацыялізм і г.д. — на ўсё гэта неабходна было даць адказ. Якая эпоха сыходзіла! І якая ўступала ў свае правы!»

У тэрміналогіі Б. Лепяшко, усё пералічанае — гэта ціск культур, якія склаліся, на культуры, што толькі фармуецца. Аднак вынік ціску добра вядомы — гэта вялікая руская культура XIX стагоддзя. Не апошнюю ролю ў яе фармаванні адыграў «француз» (мянушка Пушкіна ў ліцэі).

Фразеалагізм «нацыянальная культура» журналіст шчодра рассыпаў па ўсім артыкуле. Але прыгледзімся да яго больш уважліва. Любая нацыянальная культура распадаецца на «высокую» і «народную». Першая, у адрозненне ад другой, звязаная з адукацыяй. Таму ў саслоўным грамадстве яна развіваецца вышэйшымі саслоўямі. Акрамя таго, «высокая» культура, як правіла, індывідуалізаваная (прызначаная індывіду), а «народная», у асноўным, калектывісцкая.

Без «высокай» культуры нацыі не пабудаваць. Як сведчыць еўрапейскі вопыт, для фармавання нацыянальнага культурнага ядра патрэбныя два кампаненты: 1) нацыянальная гісторыя, якая задае ідэю народа; 2) высокая свецкая індывідуалізаваная нацыянальная літаратура, якая задае ўзоры паводзінаў у розных жыццёвых сітуацыях, а таксама выхоўвае пачуццё патрыятызму.

Як немагчыма пабудаваць эфектыўную эканоміку, абапіраючыся на прынцып імпартазамяшчэння, так немагчыма стварыць за «жалезнай заслонай» і «высокую» нацыянальную культуру. Але менавіта гэта і прапануе журналіст «СБ», што не адрознівае «высокай» культуры ад «народнай».


Быць большым каталіком за Папу Рымскага


Паўтару ключавую думку артыкула: «Дзеля развіцця беларускай нацыянальнай самасвядомасці маналагічныя працэсы больш важныя за дыялагічныя». Тут варта падкрэсліць, што аўтар аддае прыярытэт маналогу не толькі пры ўзаемадзеянні беларускай культуры з культурамі іншых народаў, але і разглядае маналог у якасці асноўнага інструмента ідэйнай кансалідацыі беларускага грамадства!

Але хто ў такім выпадку надзяляецца правам «прамаўляць» маналог? Само грамадства? Але беларускае грамадства, паводле прызнання адзінага палітыка (АП), складаецца з большасці і меншасці. Для тых, хто забыўся, я нагадаю: «Свае віншаванні я таксама адрасую нашай меншасці. Вы павінны ведаць: вас успрымаю як неад’емную частку нашага грамадства, са сваімі мэтамі, поглядамі і імкненнямі. Вы маеце свой пункт гледжання, асаблівае разуменне светаўладкавання і развіцця нашай краіны. Гэта ваша права, якое забраць у вас ніхто не можа» (глядзі навагодні зварот АП ад 31.12.2010).

Мне могуць запярэчыць, што на адно публічнае прызнанне меншасці з яе правам на ўласны пункт гледжання прыпадаюць дзясяткі разваг АП на тэму адзінства і згуртаванасці беларускага народа. Гэта сапраўды так. Навагодняе прызнанне было зроблена праз некалькі дзён пасля разгону Плошчы. Ніякіх наступстваў яно не мела.

Адмову меншасці ў праве на існаванне рэгулярна пацвярджаюць і выбары ўсіх узроўняў. Па прыклады далёка хадзіць не трэба. У верасні беларусам трэба будзе выбіраць так званых дэпутатаў так званага парламента. Колькі прадстаўнікоў меншасці атрымаюць мандаты? Наіўнае пытанне.

20 снежня 2010 года на прэс-канферэнцыі для прадстаўнікоў айчынных і замежных СМІ АП прылічыў да меншасці кожнага пятага беларуса: «Але давайце будзем сумленныя: 20% ці выказаліся супраць, ці прагаласавалі за альтэрнатыўных кандыдатаў. Пагадзіцеся, што ёсць над чым падумаць» (25–30% паводле НІСЭПД).

Аднак прадстаўнікі афіцыйнай беларускай навукі імкнуцца быць большымі каталікамі, чым Папа Рымскі. Так, паводле меркавання палітолага, навуковага супрацоўніка Інстытута філасофіі НАН Аляксея Дзерманта, «ёсць, вядома, і частка грамадства (7–10%), якой блізкія радыкальныя апазіцыйны сілы» («СБ» ад 13.07.2016).

У якасці каментара прывяду фрагмент з кнігі Нобелеўскага лаўрэата Фрыдрыха Хайека «Дарога да рабства»: «Калі навука пастаўленая на службу не праўдзе, а інтарэсам класа, грамадства або дзяржавы, яе адзінай задачай становіцца абгрунтаванне і распаўсюджванне ўяўленняў, што скіроўваюць усё грамадскае жыццё. <...> Само слова «ісціна» губляе пры гэтым сваё першапачатковае значэнне. Калі раней яго выкарысталі для апісання таго, што трэба было знайсці, дык зараз гаворка ідзе пра нешта, што ўсталёўвае ўлада, у што трэба верыць у інтарэсах адзінства агульнай справы».


Было б што падсумоўваць


Існуюць два ўніверсальныя спосабы вызначаць інтарэсы «агульнай справы» і падтрымліваць адзінства ў грамадстве пры іх дасягненні (у тэрміналогіі журналіста «СБ» гэта маналагічны і дыялагічны працэсы).

Першы спосаб — просты і відавочны. Растлумачу на канкрэтным прыкладзе. На першых (яны ж і апошнія — гэта важна!) дэмакратычных прэзідэнцкіх выбарах абіраецца кіраўнік дзяржавы. Далей ён з дапамогай усенародных рэферэндумаў карэктуе Канстытуцыю, пакідаючы ад прынцыпу падзелу ўладаў рожкі ды ножкі.

Вось, уласна кажучы, і ўсё. Заканадаўчая база для правядзення маналагічнага працэсу гатовая. Маецца ў наяўнасці і адзіны суб’ект палітыкі. І зараз усе яго асабістыя інтарэсы можна смела абвяшчаць інтарэсамі нацыянальнымі. Дзеля чысціні працэсу актыўных нязгодных варта абвясціць «пятай калонай». Балазе, што гэты тып людзей мае схільнасць публічна мацюкацца і задавольваць малую патрэбу ў грамадскіх месцах. А ў жадаючых засведчыць гэткія адміністрацыйныя правапарушэнні рэспубліка-партызанка ніколі не мела недахопу. Што тычыцца неактыўных нязгодных, то іх можна проста не заўважаць, у тым ліку і пры падліку бюлетэняў.

Пры другім спосабе за кожным індывідам прызнаецца права на пераслед асабістых мэтаў, што на практыцы патрабуе акрэсліць выразныя рамкі, у межах якіх кожны можа распараджацца даступнымі яму сродкамі. Нацыянальныя ж інтарэсы ёсць ні што іншае, як выніковая асабістых інтарэсаў, і вызначаюцца яны з дапамогай ДЫЯЛОГУ. 

Пры гэтым неабходна памятаць, што інтарэсы нацыі і інтарэсы дзяржавы — гэта не тоесныя сутнасці. Бо што такое дзяржава? У нашай краіне — гэта бюракратыя. А інтарэсы бюракратыі і грамадства адрозніваюцца.

Аднак было б занадта наіўна паспрабаваць сфармаваць нацыянальныя інтарэсы простым падсумаваннем прыватных інтарэсаў. На практыцы можа апынуцца, што падсумоўваць і не будзе чаго, таму што далёка не кожны індывід здольны асэнсоўваць рэальнасць у катэгорыі інтарэсаў. Значна прасцей даручыць гэтую няпростую працу «ўсенароднаабранаму». А пры такім падыходзе паняцце нацыянальных інтарэсаў пазбаўленае сэнсу.



Каментаваць