Марк Твэн і беларуская мадэль

На жаль, адным АП колькасць беларусаў, якія жывуць сённяшнім днём, не абмяжоўваецца. Ці дасягнутая крытычная маса такіх індывідаў? Адказу на гэтае пытанне ў мяне няма. Але калі адказ станоўчы, то разам з гэтым можа знікнуць і Беларусь.



Грамадства, якое жыве толькі сённяшнім днём, можа разам з ім і знікнуць.

У паэме Барыса Пастэрнака пра Леніна «Высокая хвароба» ёсць выдатны радок: «Он управлял теченьем мысли и только потому страной». Г.зн. правадыр сусветнай рэвалюцыі кіраваў не рэальнымі падзеямі, а іх адлюстраваннем у галовах людзей.

А цяпер перанясемся з рэвалюцыйнага савецкага мінулага ў сучасную Беларусь. Ці здольны адзіны палітык (АП) кіраваць рэальнымі падзеямі? Возьмем канкрэтны прыклад: згадаем вынікі мадэрнізацыі прадпрыемстваў дрэваапрацоўчай галіны, і дапаможа нам у гэтым прэс-рэліз нарады ад 22 кастрычніка. Абмяжуюся толькі адной цытатай: «Спадзяюся, на гэтым узроўні такая размова апошняя. Мы ўклалі немалыя сродкі. І які вынік? І што будзем рабіць далей?»

Адказ на першае пытанне можна знайсці ў афіцыйнай статыстыцы: за студзень-жнівень гэтага года да аналагічнага перыяду 2014-га вытворчасць вырабаў з дрэва скарацілася на 3,5%. Адказ на другое пытанне прыведзены ў прэс-рэлізе на сайце АП: «Па выніках нарады прэзідэнт прыняў рашэнне аб перадачы актываў базавых прадпрыемстваў дрэваапрацоўкі Банку развіцця». У перакладзе з эзопавай мовы на побытавую гэта азначае, што страты мадэрнізаваных прадпрыемстваў вырашана пагасіць за кошт падаткаплацельшчыкаў.

Што тычыцца кіравання «теченьем мысли», то за АП можна не хвалявацца. Вынікі выбарчай кампаніі наглядна прадэманстравалі гатоўнасць беларускай «большасці» дэфіцыт хлеба кампенсаваць празмернасцю відовішчаў. Таму не варта здзіўляцца росту электаральнага рэйтынгу АП з 38,6% у чэрвені да 45,7% у верасні (НІСЭПД).

Каго ратуе выратавальнік?

Нямецкі філосаф Фрыдрых Ніцшэ вызначаў тры тыпы гісторыі. Ёсць манументальная гісторыя, якая ганарыцца дзеямі продкаў. Ёсць антыкварная гісторыя, якая вывучае пятліцы на палкавой форме. І ёсць крытычная гісторыя, якая займаецца ўчынкамі людзей і іх вынікамі.

Нескладана здагадацца, якога тыпу гісторыі аддае перавагу АП. Беларусь, згодна з узаконенай ім версіяй, — краіна з гераічным мінулым, і гэта мінулае замяняе нам будучыню. Не выпадкова свята беларускай дзяржаўнасці прымеркавана да дня вызвалення Мінска.

Беларускае грамадства і палітычная эліта не гатовыя глядзець уперад. Яны баяцца будучыні, таму сацыяльная энергія сыходзіць на вырашэнне задач выжывання. На выбудоўванне стратэгій развіцця ні часу, ні сіл не застаецца. Уся надзея на тое, што «нешта будзе», трэба толькі перачакаць цяжкія часы.

Галоўнай умовай свайго палітычнага выжывання на працягу амаль двух дзесяцігоддзяў АП лічыў рост сярэдняй зарплаты ў доларавым эквіваленце. У 1994 годзе ён стартаваў у вялікую палітыку з 20 «зялёных», а праз 19 гадоў, у жніўні 2013-га, быў зафіксаваны гістарычны максімум — 622 долара. Але да верасня бягучага года сярэдняя зарплата спікіравала да 388 долараў, перакрэсліўшы гады ўпартай працы. Такі прамежкавы вынік функцыянавання беларускай мадэлі.

У якасці каментара прывяду фрагмент з апошняй перадвыбарнай праграмы АП: «Беларусь не застыне на месцы — яна энергічна пойдзе наперад». Залогам гэтага руху выступяць занятасць, экспарт, інвестыцыі. Чаму гэтае шаноўнае трыа ніяк не выявіла сябе ў чацвёртай пяцігодцы — перадвыбарчая праграма замоўчвае.

На першых прэзідэнцкіх выбарах большасць беларусаў успрыняла будучага АП у якасці выратавальніка, чым і варта растлумачыць яго пераканаўчую перамогу над кандыдатам ад улады. Але пасля прызнання Канстытуцыйным судом амаль двух дзясяткаў рашэнняў «выратавальніка» неканстытуцыйнымі, яму давялося накіраваць сваю кіпучую энергію на выратаванне не эканомікі, а ўласнай улады.

Тое, што спачатку здавалася часовым, у поўнай адпаведнасці з прыказкай, стала пастаянным. Але чалавек, які жыве толькі сучасным, сённяшнім днём, рызыкуе знікнуць разам з ім. Прыгожа сказана, пагадзіцеся. Шкада, не сам прыдумаў, а запазычыў гэтую думку ў іспанскага пісьменніка Хуана Гайтысола.

На жаль, адным АП колькасць беларусаў, якія жывуць сённяшнім днём, не абмяжоўваецца. Ці дасягнутая крытычная маса такіх індывідаў у рэспубліцы-партызанцы? Адказу на гэтае пытанне ў мяне няма. Але калі адказ станоўчы, то разам з гэтым можа знікнуць і Беларусь.

Урок не пайшоў на карысць

У канцы кастрычніка АП ва ўласцівай яму манеры выказаўся на адрас Святланы Алексіевіч: «Скажу зноў жа пра нашых асобных «творцаў», творчых асобаў, нават лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі, якія не паспелі яшчэ яе атрымаць, выехалі за межы краіны і пастараліся цэбар бруду выліць на сваю краіну».

У адказ пісьменніца заявіла, што ніколі не выступала з крытыкай у дачыненні да беларускага народа, а толькі каментавала палітычныя рашэнні кіраўніка дзяржавы.

Хто мае рацыю? Я мяркую, што кожны па-свойму. Беларусь — не Вялікабрытанія, у якой мірна суіснуюць Урад Яе Вялікасці і Апазіцыя Яе Вялікасці. У Беларусі любая нязгода з афіцыйнай лініяй разглядаецца як злачынства. Гэта не азначае, што такога кшталту злачынцаў адразу ж пацягнуць у вязніцу, але для апазіцыйна думаючых грамадзян дзейнічае негалосная «забарона на прафесіі», і спіс забароненых прафесій вялікі.

У нас любы замах на рэжым успрымаецца як замах на краіну. Пры гэтым неабходна памятаць, што беларускі рэжым належыць да так званых «персаналісцкіх рэжымаў». АП атаясамлівае сябе з дзяржавай і народам. Ён — адзіны выразнік яго інтарэсаў. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што яго асабістыя апаненты праходзяць у нас як «пятая калона» і «ворагі народа». Натуральна, крытыкуюць яны АП небескарысліва, а за «трыццаць срэбранікаў», якія ім на рэгулярнай аснове плацяць заходнія «гаспадары».

У чарговы раз адкрыем перадвыбарчую праграму АП. Гэта праграма чалавека з чорна-белым мысленнем. Пры ўсім багацці і разнастайнасці сучаснага жыцця яна прадугледжвае ўсяго два шляхі развіцця Беларусі: «Адзін шлях наперад — да захавання стабільнасці і парадку, свабоды і незалежнасці. Гэта шлях адзінства і згоды, развіцця і прагрэсу. Гэта шлях міру і стварэння. Іншы шлях назад — да смуты і хаосу «дзевяностых», бандыцкага капіталізму і падзелу ўласнасці, да паслаблення дзяржавы і страты незалежнасці. Гэта шлях рэвалюцыі, крыві і вайны».

Сярод апазіцыі сёння існуюць і прыхільнікі супрацоўніцтва з уладай. Прапаную ім уважліва перачытаць выказванне пра два шляхі і на гэтай тэарэтычнай аснове адшукаць прастору для сумеснай дзейнасці. Асабіста ў мяне не атрымалася, бо калі я прымаю першы шлях, дык у чым жа тады мая апазіцыйнасць? Калі другі — дык тут і каментаваць няма чаго.

Самы час прыгадаць закон Эшбі (закон неабходнай разнастайнасці): «Адэкватнае кіраванне можа быць забяспечана толькі ў тым выпадку, калі разнастайнасць сродкаў кіраўніка як мінімум не меншая, чым разнастайнасць кіраванай ім сітуацыі».

Камуністы 70 гадоў спрабавалі даказаць яго безгрунтоў­насць, адказваючы на пастаяннае ўскладненне жыцця ўзмацненнем цэнтралізацыі, г. зн. спрашчэннем. Чым скончыліся іх намаганні — добра вядома. Але ўрок не пайшоў на ка­рысць. АП ужо два дзесяцігоддзі выступае ў ролі годнага прадаўжальніка справы сваіх папярэднікаў. Таму ў «беларускай мадэлі эканамічнага развіцця» (такая яе поўнае назва) з развіццём пастаянна ўзнікаюць праблемы, што і дазволіла Беларусі ўпэўнена замацавацца ў прызавой тройцы самых бедных краін Еўропы. Але яшчэ не вечар.

Выдатнае прызнанне

З чаго пачыналі практычна ўсе сусветныя лідары эканамічнага росту ў другой палове XX стагоддзя? З усведамлення сваёй адсталасці. «Без такога разумення мадэрнізацыя немагчымая, — адзначае эканаміст Уладзіслаў Іназемцаў. — Усе мадэрнізаваныя грамадствы — Паўднёвая Карэя пасля паразы ў вайне, Кітай пасля Культурнай рэвалюцыі, Бразілія пасля ваеннай дыктатуры — былі краінамі, якія спазналі гістарычны крах. У іх сітуацыі азірацца назад было жудасна. Мы ж ідзем наперад з павернутай назад галавой, шукаючы ўзоры гераізму ў мінулым, узоры ідэальнай будучыні — у савецкім часе і г. д. Такім чынам, мы самі сябе адразаем ад магчымасці прагрэсу».

На памылках вучацца. Дурні — на сваіх. Разумныя — на чужых. Але ёсць яшчэ трэцяя катэгорыя грамадзян, якая навучанню не падлягае ўжо хаця б таму, што не здольная адрозніваць правільныя рашэнні ад памылковых. Яны з упартасцю, вартай лепшага прымянення, спрабуюць атрымаць новы вынік за кошт паўтарэння адных і тых жа дзеянняў.

Беларуская мадэль, паводле прызнання яе галоўнага архітэктара, «нараджалася з жыцця, з нашага вопыту. Яе дыктавала народная мудрасць і здаровы сэнс».

Выдатнае прызнанне. Наш вопыт — гэта ў лепшым выпадку вопыт моцных савецкіх гаспадарнікаў. Веды пра рынкавыя адносіны яны маглі запазычыць хіба што з раманаў так званых «прагрэсіўных заходніх пісьменнікаў». Напрыклад, з трылогіі амерыканца Тэадора Драйзера «Фінансіст» — «Тытан» — «Геній» або апавяданняў Марка Твэна і Джэка Лондана.

АП падзяляе меркаванне тых беларусаў, якія «кажуць пра брэжнеўскія часы — гэта былі лепшыя часы Савецкага Саюза». Лепшай ілюстрацыяй народнай мудрасці і здаровага сэнсу, мабыць, і не прыдумаць. Цікава, калі брэжнеўскія часы вернуцца, сам АП будзе атаварвацца ў спецкрамах пры Палацы Незалежнасці або пасля працы ў шматгадзінных чэргах на агульных падставах? У апошняе мне нешта мала верыцца.

Беларуская мадэль не прапісаная ў падручніках. Так лічыць АП, акрамя таго, ён упэўнены, што гэтая мадэль «дазваляе абараніць простага чалавека не толькі ў спрыяльных, але і ў складаных эканамічных умовах». Таму «адступлення ад гэтай мадэлі не будзе».

Мадэлі, у якіх дзяржавы абвяшчаюць сябе абаронцам простага чалавека, у паліталогіі прынята называць патэрналісцкімі. Падручнікаў паліталогіі з падрабязным апісаннем патрэналісцкай дзяржавы і яе недахопаў у Беларусі дастаткова. Ёсць гэтыя кнігі і ў Прэзідэнцкай бібліятэцы. Тым, хто не ведае, дзе яна знаходзіцца, я магу падказаць адрас.

Каментаваць