Масква вырашыць усё сама

18 ліпеня ў рамках пасяджэння ўрада Саюзнай дзяржавы адбылася сустрэча прэм’ер-міністра Расіі Дзмітрыя Мядзведзева і прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіла Мясніковіча.
 

Перад прыездам высокага госця з Масквы сталіцу «зачысцілі ад непажаданых элементаў» — некалькі актывістаў апазіцыі адправілі на «суткі», а Аляксандр Лукашэнка прэвентыўна вёў размовы пра тое, што «Беларуськалій» прадаваць не плануецца.

У дзень візіту Дзмітрыя Мя­дзведзева быў падпісаны генеральны кантракт на будаўніцтва беларускай атамнай электрастанцыі. На пабудову двух блокаў атамнай станцыі магутнасцю да 2 400 МВт Расія выдзяляе крэдыт у 10 мільярдаў долараў. Будаўніча-мантажныя працы на першым блоку прадугледжваецца завяршыць у 2017 годзе, увод у эксплуатацыю плануецца ў 2017 годзе.

У гэты ж дзень прадстаўнікі беларускага экалагічнага руху былі затрыманыя і пакараныя быццам бы за адміністратыўныя правапарушэнні. Старшыню праўлення грамадскага аб’яднання «Экадом» Ірыну Сухій аштрафавалі на 15 базавых велічынь, каардынатара маніторынгавай групы Цэнтра прававой трансфармацыі Міхаіла Мацкевіча адправілі на трое сутак арышту. Сухій збіралася ісці ў расійскую амбасаду, каб перадаць адкрыты зварот супраць падпісання генеральнага кантракта на будаўніцтва беларускай АЭС. Мацкевіч накіроўваўся ва УУС Ленінскага раёна, дзе, як меркавалі, знаходзіліся затрыманыя раней каардынатар беларускай антыядзернай кампаніі Таццяна Новікава і расійскі фізік-ядзершчык Андрэй Ажароўскі.

 У гэты ж дзень таксама было падпісанае пагадненне аб супрацоўніцтве і сумеснай дзейнасці паміж беларускай страхавой кампаній «Белэксімгарант» і расійскім агенцтвам па экспартным страхаванні «Эксар». «Беларусь будзе рада бачыць расійскія кампаніі ў ліку акцыянераў, уласнікаў нашай нерухомасці, а таксама будзе рада рэалізацыі расійскімі кампаніямі інфраструктурных сеткавых праектаў», — адзначыў на пасяджэнні Міхаіл Мясніковіч.

Беларускі прэм’ер нагадаў пра ўступленне Расіі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю і падкрэсліў: у бліжэйшы час камісія ЕўрАзЭС разгледзіць пытанні пра стварэнне неабходных умоў для Беларусі. «Каб не дапусціць страты эканомікі Беларусі», — растлумачыў ён. Гэтыя пытанні, па словах Мясніковіча, трэба вырашыць у трэцім квартале.

Са свайго боку, Дзмітрый Мядзведзеў падкрэсліў, што эканамічныя адносіны Беларусі і Расіі на ўздыме, сведчаннем чаго з’яўляецца рэкордны ў гісторыі дзвюх краін тавараабарот. Гэта, па словах Мядзведзева, з’яўляецца вынікам двухбаковай працы, а таксама стварэння Мытнага саюза і АЭП. «Задача — гэтыя станоўчыя пазіцыі ў эканамічнай сферы замацаваць. Для гэтага на доўгатэрміновай аснове нам трэба выйсці на рэалізацыю шэрагу сумесных інтэграцыйных праектаў», — цытуе расійскага прэм’ера БелаПАН.

Адным з такіх праектаў ён назваў будаўніцтва беларускай АЭС. «Спадзяюся, мы зможам рэалізаваць і іншыя праекты ў розных напрамках», — дадаў Мядзведзеў. Паводле яго слоў, калі гэта атрымаецца зрабіць, Беларусь і Расія не будуць залежаць ад коштаў на нафту, газ і іншыя рэсурсы.

Напярэдадні візіту ў Беларусь Мядзведзева Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што Беларусь не мае намеру прадаваць кантрольны пакет акцый ААТ «Беларуськалій», а таксама гаварыў пра магчымасць перагляду стасункаў з расійскім акцыянерам Беларускай калійнай кампаніі (БКК) — «Уралкаліем».

«Я не збіраўся і не збіраюся прадаваць» «Беларуськалій» «камусьці за бесцань. Калі нехта захоча — плаціце грошы, цана названая, ніхто яе памяншаць не будзе», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым Лукашэнка падкрэсліў, што размова ідзе аб магчымасці продажу толькі пэўных працэнтаў акцый, але не кантрольнага пакета. «Лічыў і лічу, што гэта пярліна Беларусі, якая належыць беларускаму народу. Зараз вельмі шмат размоў і нават ціску, і ціск ідзе з розных бакоў, нават з тых дзяржаў, ад якіх мы вельмі залежныя. І гэтаму ціску супрацьстаяць складана», — патлумачыў Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што раней даручаў правесці ацэнку прадпрыемства, і кошт склаў 30–32 мільярда долараў: «Ніжэй ніяк. Хочаце — калі ласка, мы вам прададзім не кантрольны пакет акцый, каб кіраванне не страціць. Давайце 10, 20, 25 працэнтаў, але плаціце», — сказаў Лукашэнка.

Паказальна, што падчас візіту ў Беларусь Мядзведзеў таксама закрануў тэму продажу «Беларуськалія». Ён нагадаў, што Беларусь і Расія рэалізуюць сумесны праект па стварэнні кампаніі «Союзкалий». Мядзведзеў падкрэсліў, што ў рамках гэтай кампаніі бакі плануюць сумесна працаваць над рэалізацыяй мінеральных угнаенняў на рынках. Пры гэтым Мядзведзеў заявіў, што любое пагадненне павінна грунтавацца на рэальных рынкавых падыходах.

«Найперш гэты візіт выконваў функцыю пацвярджэння, што праект Саюзнай дзяржавы дзейнічае, што маюць месца асаблівыя саюзніцкія адносіны, — каментуе візіт Мядзведзева ў Беларусь палітолаг Валер Карбалевіч. — Ён стаў працягам візіту Пуціна ў Мінск 31 мая, калі было засведчана, што Расія гатовая і надалей падтрымліваць Беларусь, аказваць прэферэнцыі. Другая функцыя прыезду ў Мінск Мядзведзева — пагаварыць пра праблемныя копкі ў адносінах. Адна з іх — прыватызацыя. Але, наколькі можна зразумець, размовы скончыліся нічым. Беларусь пакуль нічога не аддае, а Расія выдзяляе нам 10 мільярдаў долараў на будаўніцтва АЭС».

Чаму Беларусь так хітра абыходзіць Расію ды выцыганьвае ў яе грошы на свае патрэбы? Палітолаг бачыць прычыны найперш у псіхалогіі ўзаемаадносінаў. «Для Расіі Беларусь выконвае функцыю псіхалагічнага спакою, — перакананы Валер Карбалевіч. — І Лукашэнку добра ўдаецца гуляць на імперскім комплексе Расіі, на комплексе страчаных тэрыторый. Ён добра разумее сітуацыю і за гэта атрымлівае эканамічныя дывідэнды. Глядзіце, для Расіі цяпер важны праект Еўразійскага саюза, Беларусь яго падтрымлівае і за гэта атрымлівае нафту, газ па прымальных коштах».

«З афіцыйных паведамленняў вынікала, што галоўным было падпісанне пагаднення па АЭС. Аднак шэф «Расатама» не прыехаў у Беларусь. Так што, хутчэй за ўсё, нейкія пытанні засталіся не вырашанымі, — заўважае палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі. — На маю думку, паводзіны Мядзведзева, сам візіт сведчаць пра тое, што Масква будзе вырашаць усе пытанні сама, як ёй таго захочацца, без уліку інтарэсаў Мінска. Я б не надаваў гэтаму візіту эпахальных характарыстык. Зноў рэанімуюцца двухбаковыя адносіны, у якіх многа праблем. Хутчэй за ўсё, гэта чарговы раўнд палітычнай гульні».

Каментаваць