«Матчын рух 328»: яднацца супраць несправядлівых прысудаў

Прадстаўнікі ініцыятывы «Матчын рух 328» і апазіцыйных партый вырашылі распачаць сумесныя дзеянні супраць несправядліва асуджаных па артыкуле «незаконны распаўсюд і ўжыванне наркатычных сродкаў».


Праблема злоўжыванняў міліцыі, звязаных з артыкулам 328 Крымінальнага кодэкса, вымусіла блізкіх асуджаных аб'яднацца. «Матчын рух 328» ставіць на мэце перагляд справаў па наркотыках, якія сфабрыкаваныя альбо не маюць пераканаўчых доказаў віны. Круглы стол з гэтай нагоды адбыўся ў Мінску, і разам са сваякамі ў ім удзельнічалі чальцы АГП, БХД і руху «За свабоду».

Падкідванне наркотыкаў, агаворы з боку замоўленых сведак, катаванні для дачы паказанняў, пераўтварэнне ўжывальнікаў наркотыкаў у распаўсюднікаў — той набор сродкаў, якімі карыстаецца міліцыя для фабрыкавання шэрагу спраў па наркотыках. Звароты ў праваахоўныя органы, суды, Палату прадстаўнікоў і Адміністрацыю прэзідэнта плёну не далі. Сваякі асуджаных вырашылі шукаць дапамогі з боку партый і грамадскіх рухаў.

«Канечне, ёсць і справядліва вынесеныя прысуды. І такія маці шукаюць у нас маральнай падтрымкі», — сказала кіраўнік «Матчынага руху 328» Ларыса Жыгар. Шмат сем'яў асуджаных, ад якіх адвярнуліся не толькі знаёмыя, але і сваякі. Спраўляцца з трагедыяй ім таксама лягчэй разам з людзьмі, якія апынуліся ў такой жа сітуацыі. Аднак улады адмовілі ў рэгістрацыі аб'яднання. «Усё падаецца так, быццам мы створаны, каб абараняць наркабаронаў. Мы супраць наркотыкаў», — адзначыла Ларыса Жыгар.

«Няхай яны будуць хоць тысячу разоў вінаватыя, але дакажыце, — прагучалі рэплікі ад іншых удзельнікаў круглага стала. — Створана сістэма, унутры якой дзейнічае кругавая парука. Міліцыя — пракуратура — суды: усе пакрываюць адзін аднаго. Але, адпраўляючы за краты невінаватых, яны самі становяцца злачынцамі».

«У нашым грамадстве, калі казаць пра прысуды па наркотыках, схільны верыць прапагандзе, а не разбірацца з кожнай справай асобна — вінаваты чалавек ці не. І каб змяніць стаўленне грамадства да праблемы, каб шукаць праўды і справядлівасці — трэба быць адкрытымі», — звярнуўся да сваякоў асуджаных сябра АГП Дзмітрый Кавалгін.

Павел Севярынец (БХД) заклікаў шукаць хаўруснікаў, якія таксама ў курсе гэтай праблемы. Напрыклад, ініцыятыва «Маці супраць наркотыкаў». Разам маці з дзвюх арганізацый маглі б, на думку Паўла Севярынца, аб'яднацца для вырашэння агульнанацыянальнай праблемы, якой стала наркаманія.

А прадстаўніца БХД Вольга Кавалькова прапанавала праблему «Матчынага руху» ўзняць на іншы ўзровень: «Канечне, ніхто да пары не думае, што праблема наркаманіі можа яго напаткаць. Як і ніхто не застрахаваны ад несправядлівых прысудаў. Людзей, якія сутыкаюцца з судовым бязмежжам, становіцца ўсё болей. Таму трэба прыцягнуць як мага больш людзей, каб вырашаць праблему наогул — справядлівасці суда».

Пачаць дзейнічаць арганізатары круглага стала вырашылі з правядзення канферэнцыі па праблемам распаўсюджвання наркотыкаў. А таксама прыцягнуць да супрацы юрыстаў і праваабаронцаў. У перспектыве БХД і іншыя арганізацыі маюць намер праводзіць грамадскія кампаніі за перагляд спраў незаконна асуджаных па артыкуле 328. «Аднак наша стратэгічная мэта — аб'яднаць усе несправядліва асуджаныя групы, якія пацярпелі ад рэжыму, каб спыняць бязмежжа, якое чыніць праваахоўная сістэма», — заявіў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

Каментаваць