Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Медыйная вайна спецслужбаў супраць дэмсілаў

Спецслужбы разгарнулі кампанію па дыскрэдытацыі дэмакратычных сілаў напярэдадні выбарчай кампаніі ў мясцовыя саветы. Хваля паклёпаў набірае моц.

Пра гэта на адмысловай прэс-канферэнцыі заявілі сустаршыні аргкамітэта Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец, Віталь Рымашэўскі і Дзяніс Садоўскі.

 Як паведаміў Павал Севярынец, колькасць правакацый з боку спецслужбаў, якія выяўляюцца ў паклёпніцкіх відэароліках, замоўных артыкулах у СМІ і допісаў сацыяльныя сеткі пасля сёлетніх вясновых пратэстаў, у арганізацыі якіх важную ролю адыгрывалі хрысціянскія дэмакраты,  прыкметна ўзрасла. Кампанія па дыскрэдытацыі стала насіць сістэмны характар і нагадвае, паводле Віталя Рымашэўскага, медыйную вайну.

 Зараз колькасць відэаролікаў, якія трапляюць у публічную прастору, ідзе на дзясяткі, колькасць рассылак, дзе скажаецца і дыскрэдытуецца дзейнасць актывістаў БХД, ідзе на сотні. Асабліва моцны націск ананімных прапагандыстаў-паклёпнікаў прынялі на сябе актывісты БХД Віцебскай вобласці.

 Удзельнікі прэс-канферэнцыі распавялі пра шэраг сайтаў, якія ў сваіх публікацыях асацыююць БХД з дэструктыўнымі таталітарнымі сектамі, выстаўляюць актывістаў  радыкаламі і гамафобамі. Таксама быў паказаны фрагмент прапагандысцкага відэафільма, паказанага па канале БТ-4, дзе паведамляецца, што БХД, падтрымліваючы прытулак для бяздомных у в. Аляксандраўка Шчучынскага раёна, зарабляе на гэтым грошы і цынічна піярыцца.

 Такую хваравітую рэакцыю ўладаў на дзейнасць хрысціянскіх дэмакратаў у сацыяльным накірунку сустаршыні БХД тлумачаць тым, што дзяржава, якая бярэ на сябе адказнасць за сацыяльную абарону грамадзян, не дае рады ў сацыяльнай падтрымцы людзей у крызісныя часы. Грошы, якія выдаткоўваюцца на гэта, выкарыстоўваюцца неэфектыўна альбо раскрадаюцца.

 Хваля паклёпаў набірае моц. Прычына, паводле выступоўцаў, — прыбліжэнне кампаніі па выбарах у мясцовыя органы ўлады, якая пройдзе без міжнародных назіральнікаў, у сувязі з чым узрасце роля кампаніі «Права выбару», чаканае абвастрэнне сацыяльнага становішча і звязаных з гэтым пратэстаў увосень, а таксама магчымы рост негатыўнай рэакцыі ў грамадстве на расійска-беларускія вайсковыя вучэнні. Пры гэтым, паводле выступоўцаў, БХД за апошні год правяла сотні грамадскіх сацыяльных кампаній, чым заваявала пэўны аўтарытэт сярод людзей.

 Дзяніс Садоўскі паведаміў, што на два найбольш адыёзныя сайты, якія рэгулярна размяшчаюць паклёпніцкія матэрыялы ў адносінах да БХД падрыхтаваная заява ў Генпракуратуру.  Заяўнікі просяць праверыць матэрыялы на адпаведнасць заканадаўству, выявіць іх аўтараў і пакараць паводле артыкула 188 ч.2 Крымінальнага кодэкса («паклёп»). Таксама падобная заява падрыхтаваная па факце паказу на беларускім тэлебачанні стужкі пра прытулак у в. Аляксандраўка, у якой зневажаецца БХД. Сёння гэтыя заявы будуць перададзеныя адрасату.

 «Падобныя заявы ў пракуратуру рыхтуюць таксама нашы партнёры. Рэакцыя дзяржорганаў на нашы заявы будзе своеасаблівым тэстам: ці маюць яны дачыненне да паклёпаў, ці не. Сайты, якія распальваюць варожасць і агрэсію павінны быць пакараныя», — адзначыў Віталь Рымашэўскі.

 Ціск з боку спецслужбаў адчуваюць на сабе і іншыя грамадскія арганізацыі, якія займаюць прынцыпова выступаюць за дэмакратычныя змены ў краіне негвалтоўным шляхам. Нагадаем, сёлета былі паведамленні пра дзве спробы  завербаваць грамадскіх актывістаў з шэрагаў Руху «За Свабоду» Вікторыі Таболіч і Вадзіма Левана. Летась супрацоўнік КДБ выходзіў на размову з актывістам Руху Вадзімам Бабіным.


Каментаваць