Межы Еўропы па Лелушу

«Сям’ю мы не выбіраем, але мы можам выбраць сваіх сяброў. Думаю, што ў Беларусі ёсць адно прызначэнне — вярнуцца ў сваю сям’ю, сям’я для Беларусі — гэта Еўропа», — заявіў падчас сустрэчы з журналістамі ў Мінску намеснік міністра замежных спраў Францыі па еўрапейскіх справах П’ер Лелуш. І дадаў: «Мы бачым Еўропу ад Брэста да Брэста!»

(На здымку: П'ер Лелуш)



«Сям’ю мы не выбіраем, але мы можам выбраць сваіх сяброў. Думаю, што ў Беларусі ёсць адно прызначэнне — вярнуцца ў сваю сям’ю, сям’я для Беларусі — гэта Еўропа», — заявіў падчас сустрэчы з журналістамі ў Мінску намеснік міністра замежных спраў Францыі па еўрапейскіх справах П’ер Лелуш. І дадаў: «Мы бачым Еўропу ад Брэста да Брэста!»

(На здымку: П'ер Лелуш)


Але геаграфія сцвярджае, што цяперашнія межы Беларусі сягаюць далей на Усход ад Брэста. Магчыма, гэтая агаворка мае на ўвазе акурат тыя сціплыя словы пра «пазітыўныя сігналы», якія Еўропа ўсё чакае ад Беларусі, а пакуль няма «сігналаў», то, як у показцы, няма і «кампоціку», то бок ЕС да Смаленшчыны. І ўсё ж, як запэўніў дыпламат, Еўропа гатовая працягнуць руку Беларусі, каб дапамагчы краіне захаваць суверэнітэт ды не даць патрапіць пад поўную залежнасць Расіі. «У час, калі фінансавы крызіс скалануў Еўропу, а Беларусь шукае інвестараў, каб мадэрнізаваць сваю эканоміку, мы бачым патэнцыял для супрацоўніцтва», — зазначыў П’ер Лелуш. Рашэнне пачаць палітычны і эканамічны дыялог з Беларуссю кіраўніцтва Францыі прыняло яшчэ ў студзені, калі ў Парыж наведаўся першы віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка. У 2009 годзе таваразварот з Францыяй склаў 460,2 мільёна долараў ЗША, беларускі экспарт — 67,5 мільёна долараў, імпарт — 392,6 мільёна долараў. Летась французскія кампаніі інвеставалі ў айчынную эканоміку 14,4 мільёна долараў, прамымі інвестыцыямі — 752,3 тысячы долараў.

У Мінску П’ер Лелуш сустракаўся з прадстаўнікамі Адміністрацыі прэзідэнта, Савета міністраў, знешнепалітычнага ведамства, а таксама з дзеячамі апазіцыі і грамадзянскай супольнасці. Дыпламат маўчаў наконт сваіх уражанняў ад перамоў з неафіцыйным Мінскам, а вынікам сустрэч з чыноўнікамі «быў вельмі задаволены». «Мы паставілі на рэйкі адносіны, якія вядуць да дабрабыту Еўропы», — запэўніваў намеснік міністра замежных спраў Францыі. Перамовы вяліся наконт сфер энергетыкі, транспарту, машынабудавання, сельскагаспадарчай галіны. Па выніках візіту французскай дэлегацыі віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка заявіў, што, магчыма, да будаўніцтва беларускай АЭС спрычыніцца французская кампанія «Areva». «Ведаючы досвед французскіх кампаній у галіне ядзернага будаўніцтва, атамных станцый, мы дапускаем магчымы ўдзел, напрыклад, такой кампаніі, як «Areva», у рэалізацыі гэтага праекта ў Беларусі. Дзверы адчыненыя», — заявіў Сямашка.

Варта зазначыць, што спадар Лелуш — першы прадстаўнік французскага ўраду, які наведаў суверэнную Беларусь. Дыпламат запэўніў, што «Францыя — сябар Беларусі», аднак падкрэсліў, што знешняя палітыка яго дзяржавы непадзельная ад агульнаеўрапейскай. Таму для Францыі важна, каб Беларусь была паўнавартасным удзельнікам парламенцкай асамблеі праграмы «Усходняе партнёрства» і актыўным удзельнікам самой праграмы. Наўзамен Еўропа чакае салідарнасці з палітыкай, якую праводзіць у дачыненні да іншых спраў. Як прыклад былі прыведзеныя санкцыі да Ірана з нагоды яго ядзернай праграмы. «Было б добра, калі б уся Еўропа паслала агульны сігнал іранскаму рэжыму», — падкрэсліў намеснік міністра замежных спраў Францыі.

Шматвектарнасць палітыкі Беларусі (якая апошнім часам асабліва кідаецца ў вочы — мы сябруем і з арабскімі краінамі, і з Лацінскай Амерыкай, і ў Еўропу масты наводзім) намеснік міністра замежных спраў Беларусі Валерый Варанецкі патлумачыў тым, што «знешняя палітыка — прагматычная рэч, якая адлюстроўвае гістарычны момант, пэўныя інтарэсы краіны», але ў прысутнасці французскага госця пагадзіўся, што «Беларусь належыць Еўропе».

Паводле дамоўленасці, у маі французскі бок плануе прыняць у сябе групу беларускіх парламентарыяў. У хуткім часе чакаецца візіт у Беларусь міністра культуры Францыі.

Каментаваць