Пастухоў: Выбары прэзідэнта могуць прайсці ў 2014 годзе

Згодна з артыкулам 56 Выбарчага кодэксу, выбары прэзідэнта краіны павінны прайсці не пазней, чым за два месяцы да сканчэння паўнамоцтваў дзеючага прэзідэнта. Гэта значыць, законная дата выбараў — 23 лістапада 2015 года. Але...



Міхаіл Пастухоў


Былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў не выключае, што выбары могуць прайсці ўжо ў гэтым годзе.

Чаму выбары ў 2014?

«Нічога новага ў датэрміновых выбарах няма, калі сыходзіць з практыкі правядзення прэзідэнцкіх выбараў у 2006 і 2010 гадах. Тады выбары фактычна праводзіліся датэрмінова», — кажа Міхаіл Пастухоў.

Як заўважыў суразмоўца, у адпаведнасці з Канстытуцыяй, датэрміновыя выбары прэзідэнта праводзяцца толькі ў канкрэтных выпадках, а менавіта: добраахвотнай адстаўкі папярэдняга прэзідэнта, устойлівай няздольнасці кіраўніка дзяржавы выконваць абавязкі па стану здароўя, пры здзяйсненні гэтай асобай дзяржаўнай здрады альбо цяжкага злачынства, а таксама ў выпадку яго смерці.

На думку эксперта, на карысць правядзення датэрміновых выбараў сведчыць шэраг фактараў:

«Перш за ўсё — эканоміка, якая не працуе. Прагнозныя паказчыкі за мінулы год не выкананыя, рубель абясцэньваецца, кошты растуць. Падтрымліваць адносна высокі жыццёвы ўзровень складана нават у бліжэйшай перспектыве».

«Што тычыцца палітычных фактараў, то ў іх ліку можна выдзеліць унутраны і знешні. Унутраны — незадаволенасць палітыкай улады павялічваецца шляхам пагаршэння эканамічнага становішча. Людзі бачаць, што жывем мы горш за суседзяў. Што датычыцца знешняга фактара, то нельга не адзначыць падзеі ў Кіеве, якія развіваюцца дынамічна. Таксама варта адзначыць, што кіраўніцтва Беларусі плануе ўступіць у Еўразійскі эканамічны саюз разам з Расіяй і Казахстанам. Гэта азначае, што Беларусь дэ-факта апынецца пад пратэктаратам Расіі», — кажа Пастухоў.

У выпадку ўваходжання Беларусі ў ЕЭС Лукашэнку прыйдзецца запытваць «дазволу» Крамля на свой пяты тэрмін. А такога дазволу можа і не быць.

«Калі ўлічваць псіхалагічны фактар, то правядзенне датэрміновых выбараў карысна для ўлады, бо і электарат, і апазіцыя апынуцца «ў стане разгубленасці», — лічыць эксперт.

Рэферэндум як падстава для выбараў

Пастухоў нагадвае, што на вышэйшым узроўні ўжо ішла гутарка пра неабходнасць рэферэндуму, звязанага з рэформай судовай сістэмы. Каб злучыць у адно гаспадарчыя і агульныя суды, патрэбны змены ў Канстытуцыю, а іх можна зрабіць толькі праз рэферэндум.

Зразумела, што рэферэндум не абмяжуецца толькі «судовым» пытаннем. «Верагодна, што на яго разгляд можа быць пастаўлена і пытанне аб уваходжанні Беларусі ў той самы Еўразійскі эканамічны саюз. Бо такім уваходам ставіцца пад пытанне суверэнітэт дзяржавы. Ёсць пытанне, наколькі Беларусь застанецца ў ЕЭС самастойным суб’ектам. Відавочна, што ўзмоцніцца эканамічная залежнасць ад Расіі. Расійскі рубель можа стаць адзінай валютай саюза. На тэрыторыю Беларусі ўвойдзе расійскі капітал, які будзе скупляць тут не толькі ўласнасць, але і працоўную сілу. Могуць стаць адзінымі ўзброеныя сілы», — кажа Пастухоў.

Такія пытанні, як страта суверэнітэту, хай і частковая, і магчымая адзіная валюта, павінны быць вырашаны на рэферэндуме. Калі ж ЕЭС запрацуе з 1 студзеня 2015 года, то рэферэндум павінен прайсці не пазней за гэту дату.

Калі будзе прызначаны рэферэндум, то ён пойдзе «паравозам», а прэзідэнцкія выбары — далучаны «вагончыкам». Тады ніхто асабліва не будзе звяртаць увагі на тое, што прэзідэнцкія выбары датэрміновыя.

Што яшчэ на рэферэндуме?

На рэферэндуме, па меркаванні Пастухова, будзе чатыры-пяць пытанняў, зразумела, найбольш зручных для ўлады. «Некаторыя могуць быць узятыя з ініцыятывы «Народнага рэферэндуму». Магчыма, зноў будзе ўнесенае пытанне і смяротнага пакарання: я сыходжу з таго, што адкладаць гэтае пытанне больш нельга. Беларусь застаецца адзінай краінай на прасторах СНД і Еўропы, дзе смяротнае пакаранне не толькі захоўваецца, але і выконваецца. Канешне, быў рэферэндум 1996 года, але не трэба забывацца, што гэтае пытанне насіла «кансультацыйны» характар. Зараз, я не выключаю, што яно можа стаць «абавязковым пытаннем», — лічыць юрыст.

Можа быць, будзе ўключана і пытанне пра будаўніцтва АЭС у Беларусі. «Зразумела, будаўніцтва АЭС ужо пачалося, але ў нейкай завуаляванай форме, каб народ сказаў «так» «мірнаму атаму», гэтае пытанне можа быць пастаўленае», — мяркуе Пастухоў.

А калі рэферэндум без выбараў…

А ці можа быць так, што ў 2014 годзе пройдзе рэферэндум, які нібыта пацвердзіць «легітымнасць» Аляксандра Лукашэнкі і яго падтрымку народам, і на гэтай хвалі адбудзецца яго пераабранне ў 2015-м годзе?

Гэты сцэнар таксама верагодны, лічыць Міхаіл Пастухоў. «Так, рэферэндум можа стаць асновай для наступнага пераабрання Аляксандра Лукашэнкі ў 2015 годзе. Але складанасць у тым, што ў сувязі з уваходжаннем краіны ў ЕЭС кіраўніку Беларусі трэба будзе атрымаць падтрымку і згоду Расіі», — лічыць Пастухоў.

Калі ж напрыканцы 2014 года нас чакае «чысты» рэферэндум, не аб’яднаны з прэзідэнцкімі выбарамі, на ім магчымы і «завал» пытання пра ўваходжанне Беларусі ў ЕЭС. Тады на ўзмоцненай рэферэндумам «легітымнасці» дзеючага кіраўніка дзяржавы будуць праведзеныя выбары 2015 года.

Каментаваць