Міхаіл Жамчужны б'ецца за свае правы

У Горацкай калоніі палітвязню стварылі невыносныя ўмовы.
Здымак «Радыё Свабода»

Здымак «Радыё Свабода»



Як стала вядома праваабарончаму цэнтру «Вясна», 16 лістапада скончыўся 5-дзённы тэрмін зняволення ў штрафным ізалятары палітвязня Міхаіла Жамчужнага. Гэта ўжо 11-е спагнанне, якое асуджаны атрымаў з пачатку жніўня гэтага года ад адміністрацыі калоніі №9 г. Горак. Імаверна, пакуль вы чытаеце гэты артыкул, будзе вынесенае чарговае.

Праблемы ў Міхаіла Жамчужнага пачаліся пасля пераводу ў Горацкую калонію, дзе са згоды адміністрацыі для яго былі створаныя невыносныя ў сваёй жорсткасці і зневажальным характары ўмовы для адбыцця пакарання, арганізаваная кампанія ягонага цкавання, звязаная з устанаўленнем у асяроддзі зняволеных нефармальных стасункаў.

Спагнанні адміністрацыя калоніі ў Горках пачала выносіць Міхаілу Жамчужнаму за адмову пераходзіць у атрад №13, сфармаваны са зняволеных з «нізкім статусам»а. Афіцыйная фармулёўка падстаў для вынясення спагнанняў: «Невыкананне законнага патрабавання прадстаўніка адміністрацыі аб пераводзе ў атрад».

Апошнія месяцы жыцця палітвязня выглядаюць наступным чынам: ад яго патрабуюць, каб ён перайшоў у запатрабаваны адміністрацыяй атрад, ён адмаўляецца, яму выносіцца чарговае спагнанне і ён накіроўваецца ў штрафны ізалятар ці ПКТ, пасля вызвалення адтуль сітуацыя зноў паўтараецца. У сваіх тлумачальных, якія палітвязень піша падчас атрымання спагнанняў, ён паказвае на сапраўдныя прычыны адмоў пераходзіць у атрад №13 або іншыя атрады Горацкай калоніі і патрабуе пераводу яго ў бяспечнае месца. Вядома, што на заявы Міхаіла Жамчужнага аб змяшчэнні ў бяспечнае месца адміністрацыя не рэагуе. Таксама вядома, што ў аналагічнай сітуацыі ў Горацкай калоніі знаходзяцца блізу 50 чалавек, якім навязваецца «нізкі статус» і якія адмаўляюцца яго прызнаваць, за што атрымліваюць рэгулярныя спагнанні.

Падставы адклікання адміністрацыяй калоніі пастановы аб пераводзе Міхаіла Жамчужнага на турэмны рэжым зняволення дагэтуль застаюцца невядомымі, самому вязню пра іх таксама не паведамілі.

Управа дэпартамента выканання пакаранняў Магілёўскай вобласці на скаргу з нагоды накладання самага першага спагнання адказала, што яно вынесенае законна і падстаў для яго скасавання няма. УДВП таксама сцвярджае, што праверка паказала, што «якіх-небудзь пагроз жыццю і здароўю асуджанага Жамчужнага М. няма, як няма і падстаў, якія б перашкаджалі ягонаму адбыванню пакарання ў ВК №9».

Міхаіл Жамчужны прадаўжае абскарджваць гэтае і наступныя спагнанні ў судзе.

Палітвязень адзначае, што ў сувязі са сталым знаходжаннем у штрафным ізалятары не мае магчымасці адказаць на атрыманыя лісты з волі. Яму зачытваюць толькі заказныя лісты, звычайныя - не зачытваюцца і не перадаюцца. Ён просіць сваіх адрасатаў пісаць яму заказныя лісты і, з ягоных слоў, спадзяецца, што калі будзе змешчаны ў ПКТ або бяспечнае месца, зможа ўсім адказаць.

Паводле «Хартыі'97»

Каментаваць