Мікалай Статкевіч згодны стаць адзіным кандыдатам на прэзідэнта

Мікалай Статкевіч адгукнуўся на прапанову Уладзіміра Някляева вылучыць палітвязня адзіным кандыдатам ад апазіцыі на выбарах прэзідэнта ў 2015 годзе. Пра гэта паведаміла жонка Статкевіча Марына Адамовіч.



«Ён чытаў у „Народнай волі“ пра прапанову Някляева аб вылучэнні Міколы адзіным кандыдатам на прэзідэнта. Па-першае, падзякаваў Някляеву за падтрымку, а па-другое, даў згоду на вылучэнне, калі такое пагадненне будзе дасягнутае».
 
 
Мікалаю Статкевічу вядомая сітуацыя са зьмяшчэньнем у карцэр палітвязня Ігара Аліневіча. «Мікола выказваў падтрымку Ігару. Ён таксама не выключае, што Ігара рыхтуюць да крытай турмы», — кажа Марына Адамовіч.
 
 
Таксама Марына Адамовіч паведаміла, што падчас сустрэчы з адвакатам 17 кастрычніка Мікалай Статкевіч быў апрануты па-зімоваму.
 
 
«Ацяпленне ў турме яшчэ не ўключылі, але цяплейшая адзежа на ім была. Праўда, я ня ведаю, што гэта: правіла ці выключэнне», — кажа жонка Статкевіча.
 
 
Былы кандыдат на прэзідэнта Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў зняволення нібыта за арганізацыю масавых непарадкаў падчас мітынгу пратэсту 19 снежня 2010 году. Палітык мяркуе, што з ім паквіталіся за жорсткую крытыку Лукашэнкі падчас кампаніі па выбарах прэзідэнта. Ужо амаль 3 гады палітвязня трымаюць у крытай магілёўскай турме.
 
Паводле "Радыё Свабода"

Каментаваць