Мінюст адмовіў у рэгістрацыі МХД з-за арфаграфіі і пунктуацыі

Міністэрства юстыцыі адмовіла заснавальнікам маладзёжнай грамадскай арганізацыі "Маладыя хрысціянскія дэмакраты" у рэгістрацыі. Прэтэнзіі Мінюста ў заснавальнікаў выклікалі шок. Здаецца, яшчэ ніводнага разу Мінюст у сваёй адмове не спасылаўся на правілы беларускай мовы.



На прэс-канферэнцыі ў Мінску лідэр МХД Марына Хоміч падрабязна распавяла аб матывах Мінюста ў адмове рэгістрацыі арганізацыі.

Хоміч адзначыла, што яна не спадзявалася на імгненную рэгістрацыю арганізацыі. Бо чатыры разы не рэгістравалі партыю “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, і разлічваць на тое, што ўлады зарэгіструюць грамадскую арганізацыю было б, наіўна. Аднак такога крэатыву ад Мінюста не чакаў ніхто.

Хоміч нагадала, што 3 лістапада мінулага года МХД правялі ўстаноўчы з'езд. Тое, як людзі ставілі подпісы за стварэнне новай арганізацыі, удзельнікі з'езда здымалі на відэа. "Відаць, таму, Мінюст ўпершыню ў гісторыі хадэкаў не чапляўся да подпісаў і спісу арганізатараў", — адзначыла Хоміч.

Мінюст выказаў і іншыя прэтэнзіі да заснавальнікаў. Па меркаванні чыноўнікаў, некаторыя дадзеныя аб месцы працы былі ўказаныя няпоўна, альбо няправільна. Але гэта, па словах Хоміч, лёгка абвергнуць — усе гэтыя дадзеныя браліся з даведак, якія заснавальнікі бралі па месцы працы. Пэўна, кіраўнікі арганізацый назву сваёй арганізацыі ведаюць лепш, чым Мінюст.

Для разгляду пытання аб рэгістрацыі Мінюст запатрабаваў і дадатковыя дакументы: дакумент аб арэндзе памяшкання для з'езда і спіс удзельнікаў з'езду. Але спіс заснавальнікаў — гэта і ёсць спіс удзельнікаў з'езду. А памяшканне дала Партыя БНФ. "Мы адмовіліся прадстаўляць гэтыя дадатковыя дакументы, паколькі закон іх прадстаўлення не патрабуе. І мы ў гэтым пытанні маем рацыю ", — сказала Хоміч.

Аднак трэці пункт прэтэнзій Мінюста прывёў Хоміч, як выпускніцу педуніверсітэта, у шок. "Мінюст напісаў, што нам адмаўляецца ў рэгістрацыі яшчэ і таму, што мы парушылі правілы арфаграфіі і пунктуацыі. З канкрэтным пералікам параграфаў і правілаў. Гэта, напрыклад, ужыванне вялікай і загалоўнай літар, а таксама правілы ўжывання двукоссяў ", — сказала Хоміч.

Зараз прынята рашэнне аб абскарджанні адмовы ў рэгістрацыі грамадскага аб'яднання ў Вярхоўным судзе. Маладыя хрысціянскія дэмакраты думаюць, каго прымусіць праводзіць лінгвістычную экспертызу статута і каго запрасіць у якасці мовазнаўцы.

Між тым, Хоміч лічыць адмову Мінюста незаконнай не толькі з пазіцыі здаровага сэнсу, але і юрыдычна. “Мінюст піша, што ўстаноўчы з’езд арганізацыі, які прайшоў 3.12.2012, выклікае ў іх пытанні. Між тым, ніякага з’езда 3.12.2012 мы не праводзілі. Мы правялі з'езд 3 лістапада, то бок 3.11.2012. Гэта значыць, што адказ нам грунтуецца на дакументах нейкага іншага, а не нашага  з’езда. Толькі па гэтым факце адмову Мінюста можна лічыць незаконнай”,— распавяла Хоміч.

У месячны тэрмін актывісты МХД пададуць скаргу на дзеянні Мінюста ў Вярхоўны суд.

Каментаваць