Мінск развітаўся з Валерыем Фраловым

Шчыры, незласлівы, вясёлы — так пра Фралова ўзгадваюць усе. Прычым безадносна ад таго, ці належалі яны да «ідэйных прыхільнікаў» генерала, альбо мелі з ім разыходжанні ў поглядах...



У Мінску прайшло развітанне з Валерыем Фраловым — сапраўды шматграннай асобай, вельмі шчырым і адкрытым чалавекам. У апошні шлях праводзіць яго сабралася даволі шмат народу. Сябры па беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада), іншыя палітыкі. Калегі па войску, журналісты і проста людзі, якія з ім сутыкаліся.

Валер Дзмітрыевіч сапраўды быў цікавым чалавекам. Падаецца, на ягоным жыцці было столькі, што для іншых хапіла б на два-тры жыцця. Пачаўшы з працы на МАЗе, ён скончыў вайсковую вучэльню — і даслужыўся да генерал-маёра. Быў начальнікам штаба армейскага корпуса, камандзірам армейскага корпуса. Падавалася, што яшчэ трэба?

Тым не менш, ён сышоў у палітыку, стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. І не проста, як шматлікія зараз, «націскальнікам кнопак». Створаная ім дэпутацкая група «Рэспубліка» сапраўды імкнулася зрабіць жыццё лепш. Гэта Фралоў са сваімі паплечнікамі сталі «шчупаком» у бяззубым парламенце, і ў адстойванні свайго меркавання дайшлі аж да дэпутацкай галадоўкі. Гэта яны першымі патрабавалі няўдзелу Аляксандра Лукашэнкі ў прэзідэнцкіх выбарах і дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства — тады, калі пра гэта ніхто не задумваўся. Зараз пра гэта гаворыць палова апазіцыі.

Не дзіва, што пасля Фралоў сышоў у канкрэтна апазіцыйны лагер. Быў даверанай асобай Аляксандра Казуліна ў 2006-м годзе, быў у камандзе Андрэя Саннікава ў 2010-м. Застаючыся нібыта «на другіх ролях», ён заўсёды быў уплывовай фігурай. Бо быў шчырым і адказным чалавекам.

Простая шчырасць — пра гэта выказваліся ўсе суразмоўцы, усе ягоныя калегі, якія прыйшлі з ім развітацца. Прычым, безадносна ад таго, ці належалі яны да «ідэйных прыхільнікаў» генерала альбо мелі з ім разыходжанні ў поглядах.

Павел Казлоўскі, былы міністр абароны Беларусі згадвае, што Валер Дзмітрыевіч быў сапраўды адданым Радзіме вайскоўцам:

— Пра яго, як пра вайскоўца, я магу сказаць толькі добрыя словы. Ён быў прафесіянал, ён праслужыў шмат ў савецкі час, і генералам ён быў добрай савецкай школы. Але, пасля вядомых падзеяў, ён аддаў і шмат часу беларускаму войску.

Я з ім пазнаёміўся, калі ён прыехаў з Прыбалтыкі з просьбай, каб яго прынялі ў беларускае войска — бо служыў ён у расійскім войску, быў камандзірам дывізіі. Я патэлефанаваў міністру абароны Расіі, якім быў тады Павел Грачоў, і прасіў перавесці Фралова ў войска беларускае. І я пра гэта не пашкадаваў, бо ён быў прафесійным, пісьменным афіцэрам, генералам.

Рана ён сканаў, малады. Шкада. Шкада, што нічога ўжо не выправіш.

Сябра Валерыя Фралова па дэпутацкай групе «Рэспубліка» Сяргей Скрабец ледзьве стрымліваў слёзы.

— Гэта быў вельмі шчыры, адкрыты чалавек, і добразычлівы. Ён быў добразычлівы нават да тых, хто яго «прэсаваў». Мне цяжка зараз казаць, але я ўзгадваю стварэнне і галадоўку групы «Рэспубліка», якую найперш ён арганізаваў у парламенце. Калі вы памятаеце, шмат было складанасцяў, адзін раз за гэта яго збілі ў пад’ездзе невядомыя ў масках. Ён, як ачуняў, патэлефанаваў адразу мне, я прымчаўся, гляджу — у яго твар у крыві, кроў паўсюль. І ён мне кажа: «Нічога, добрыя хлопцы, збілі, але акуратна». І амаль тое ж самае адбылося, калі ён быў даверанай асобай Аляксандра Казуліна на выбарах 2006 года. Тады яго збіваў персанальна Дзмітрый Паўлічэнка, якога падазраюць у датычнасці да знікненняў вядомых палітыкаў. Фралоў нават жартаваў, што гэта «ягоны цёзка», — той Дзмітрый Валер’евіч, а Фралоў жа Валер Дзмітрыевіч…

Я тады ў турме быў, дык ён мне потым казаў: «Цёзка, малайчына, біў акуратна».

У яго не было ніякай злосці, ніякага непрыняцця… Я толькі адзін прыклад ведаю такога ўсепрабачэння — Ісус Хрыстос. У гэтым Валер Дзмітрыевіч на Хрыста быў падобны.

Валер Фралоў заўсёды называў сабе «простым рускім хлопцам». І ў пэўныя часы яны разам з Сяргеем Скрабцом спрабавалі нават ладзіць акцыі ў падтрымку інтэграцыі з Расіяй і Саюзнай дзяржавы. Тым больш здзіўляла прысутнасць на развітанні лідара Партыі БНФ Аляксея Янукевіча:

— Для мяне асабіста Валер Фралоў застанецца ў памяці пазітыўным, шчырым і адкрытым чалавекам, можа быць у нечым нават занадта простым. Ён па жыцці не шукаў і не любіў складанасцяў, аднак і ад праблемаў не ўхіляўся. Ён быў такі па-вайсковаму шчыры і адкрыты.

Прамалінейны — што не так часта сустракаецца ў нашым палітычным асяродку. Ён, канешне, меў пэўныя супярэчлівыя ідэі, і не заўсёды можна было пагадзіцца з тым, што ён робіць, але чалавек быў прамы. Ён адкрыта абвяшчаў пра свае планы, і працаваў на тое, каб іх ажыццяўляць. І памяць пра яго ў мяне застанецца светлай, як і ў большасці людзей, што яго ведалі, я перакананы.

Апошнім часам Валер Фралоў шчыльна працаваў у кампаніі «Народны рэферэндум». Прынамсі, менавіта ён ўдзельнічаў у распрацоўцы аднаго з пытанняў — ці быць вайсковым базам Расіі ў Беларусі? Намеснік старшыні кампаніі «Гавары праўду!» Андрэй Дзмітрыеў таксама кажа пра шчырасць і абавязковасць генерала.

— Валер Фралоў быў вясёлы чалавек, і, нягледзячы на ўзрост, лёгкі на пад’ём. Яму можна было патэлефанаваць і паведаміць: «Заўтра едзем у нейкі рэгіён». І ён адкажа: «Добра, скажыце, дзе збіраемся». Ён заўсёды быў па-вайсковаму сабраны.

Але ён мог быць і рэзкім. Ён мог выказаць нейкую рэзкую думку табе ў твар. Але гэта было прыемна таму, што ён ніколі такога не рабіў недзе «за спінаю». Можна было абмяркоўваць, дзе ён быў правы, дзе не быў правы, але гэта можна было шчыра з ім абмяркоўваць. Таму і ніколі ніхто на яго не крыўдзіўся за рэзкія словы. Ён не быў падлюгай, ён не рабіў нешта супраць цябе, табе ж у вочы ўсміхаючыся.

Спадар Фралоў быў і застаўся адным з людзей, у якіх гэтая ўлада скрала час і скрала магчымасці. І тое, як ён у свой час паказаў сябе ў парламенце, у «палатцы», і тое, як пра яго кажуць тыя, з кім ён служыў… Каб краіна была нармальнай, можа быць, ён бы не быў у палітыцы, а калі б ён быў палітыкам — ён бы быў адным з найвядомейшых палітыкаў Беларусі. Яго б лёс не склаўся б так сумна. Гэта быў чалавек, які не ўлазіў у межы гэтага рэжыму. Таму, безумоўна, гэта і трагедыя чалавека…

Міхаіл Пастухоў, доктар юрыдычных навук, прафесар, былы суддзя Канстытуцыйнага суда адзначае:

— Ён быў адказным чалавекам, не толькі як генерал, але і як грамадзянін. У яго сапраўды былі вялікія планы, ён насамрэч збіраўся ўзваліць на сябе адказнасць за краіну на будучых прэзідэнцкіх выбарах. Ён сур’ёзна да іх рыхтаваўся, я гэта ведаю. Але вось такі раптоўны, цалкам нечаканы сыход…

Я думаю, што яго будуць памятаць: і як вайскоўца, і як палітыка, і як чалавека. Можа быць, у новай Беларусі і з’явіцца вуліца імя Валерыя Фралова.

Пахаваны Валер Фралоў будзе ў сябе на радзіме, ў Гродна. А пакуль… З ім развітаўся Мінск.

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2014-11-12 11:52:06
Калі я не памыляюся, то ў 2003 г. дэпутаты Фралоў і Парфяновіч зрабілі ўсё магчымае, каб у Мінску на Старажоўцы былі адноўлены могілкі салдат Першай сусветнай вайны.

Каментаваць