Мінскі гарадскі суд пацвердзіў адмову ў рэгістрацыі «Новай Альтэрнатывы»

Суддзя Мінскага гарадскога суда Вольга Рамашэўская 21 студзеня пакінула ў сіле рашэнне галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінгарвыканкама аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі Культурна-асветніцкага грамадскага аб’яднання «Новая Альтэрнатыва».



Нагадаем, у лістападзе 2015 года калегія галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінгарвыканкама прыняла рашэнне адмовіць у рэгістрацыі КАГА «Новая Альтэрнатыва». Падставай для адмовы чыноўнікі палічылі неадпаведнасць назвы аб’яднання названым мэтам і задачам.

Заснавальнікі аб'яднання вырашылі абскардзіць рашэнне ў Мінскім гарадскім судзе.

«Для нас відавочна, такая фармулёўка адмовы — неабгрунтаваная, больш за тое, гэтае рашэнне з’яўляецца палітычна матываваным, паколькі для ўладаў наша дзейнасць у афіцыйным статусе вельмі непажаданая, і яны бачаць у ёй магчымую пагрозу для іх існавання. Усе падрыхтаваныя намі дакументы былі ў поўным парадку і складзеныя згодна дзеючага заканадаўства. Па ўсёй бачнасці, чыноўнікам нічога не заставалася, як зрабіць падставай для адмовы ў рэгістрацыі такую неадназначную прычыну — «неадпаведнасць назве аб’яднання названым у статуце мэты і задачы», якая па сутнасці з’яўляецца неправамернай і абсурднай», — камэнтуе лідэр «Новай Альтэрнатывы» Алег Корбан.

У бліжэйшыя дні адбудзецца пасяджэнне заснавальнікаў аб’яднання, дзе будзе вырашацца пытанне аб мэтазгоднасці далейшага абскарджання адмовы ў Вярхоўным судзе Рэспублікі Беларусь, а таксама аб магчымай паўторнай рэгістрацыі аб’яднання ў органах улады.

Каментаваць