Мех грошай для ўлады

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, кіраўнік Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін, а таксама каардынатар грамадзянскай кампаніі «За справядлівыя выбары» Віктар Карняенка падалі ў Мінскі гарвыканкам заяўку на правядзенне пікетавання супраць меркаванага ўвядзення мыты на выезд грамадзянаў за мяжу Беларусі. Апроч таго, АГП вырашыла сабраць 100 памянёных долараў купюрамі па сто беларускіх рублёў, каб перадаць мех з грошамі ў Адміністрацыю прэзідэнта.



Па словах Анатоля Лябедзькі, пікет мяркуецца правесці 6 кастрычніка ў Парку Дружбы народаў у раёне Плошчы Бангалор. Раней Палітсавет АГП прыняў заяву «Час вызначыць межы беззаконня, глупства і самадурства».

«Новая ініцыятыва ўлады аб увядзенні стодоларавай мыты для грамадзянаў Беларусі, якія выязджаюць з краіны, з’яўляецца незаконнай, амаральнай і неэфектыўнай, — лічаць аўтары звароту. — На самой справе, гэта ёсць публічнае прызнанне ўлады ў тым, што «мадэрнізацыя па-лукашэнаўску» неэфектыўная, а эканамічная мадэль неканкурэнтаздольная, — гаворыцца ў дакуменце. — Улады прывыклі вырашаць створаныя імі ж праблемы за кошт шараговых грамадзянаў і добрасумленных падаткаплатнікаў. Гэтая выдумка наконт выязной мыты накіраваная супраць людзей».

«Палітрада АГП патрабуе, каб Лукашэнка, ягоны непрафесійны ўрад, ягоны «прызначаны» парламент прызналі, што прывялі краіну ў тупік, і падалі ў адстаўку. АГП распачынае грамадзянскую кампанію «ПОШЛІНА??? ПАЙШЛІ НА…!», накіраваную на адмену незаконнай, амаральнай, безадказнай ініцыятывы, на павышэнне грамадзянскай актыўнасці людзей, а таксама на патрабаванне: «Лукашэнка і ягоны ўрад — у адстаўку!», — адзначае ў сваёй заяве кіраўніцтва партыі.

Апроч таго, паведамілі старшыня АГП Анатоль Лябедзька і прэс-сакратар партыі Ганна Красуліна, актывісты вырашылі сабраць сто долараў беларускімі сторублёвымі купюрамі, а гэта больш за 9000 (!) грашовых знакаў, і перадаць мех з гэтымі грашыма ў адміністрацыю прэзідэнта. Маўляў, няхай падавяцца. Да таго ж, гэта будзе знак кіраўніцтву, да чаго яно давяло нацыянальную валюту.

P.S.: А я б знайшоў больш карыснае прымяненне гэтым грошам.

Каментаваць