Меркаванне: Расія надарве пупок, пацерпіць паразу і разваліцца

Шмат хто з нас мае нейкае дачыненне да Украіны. У кагосьці на Украіне жывуць бацькі, нехта там вучыўся, служыў ці працаваў. Падчас святкавання Дня Волі ў сталіцы пра беларускую салідарнасць з братамі-украінцамі распавялі некаторыя ўдзельнікі маршу.



Дзень Волі 2014. Фота Сяргея Пульшы


Фотамастак і паэт Георгій Ліхтаровіч:

“Ва Львове і Адэсе ў мяне шмат знаёмых калег і сяброў. Падзеі на Украіне выклікаюць зайздрасць. Украінцам пашчасціла больш, чым нам — нас больш тапталі. Але мінулае ніяк не перапішаш. Ва ўкраінцаў ёсць аплот нацыі — Заходняя Україна, дзе бальшавікі не змаглі зламаць народ і вынішчыць у яго пачуццё нацыянальнай годнасці. Менавіта ў гэтым краі ва ўкраінцаў захаваліся моцныя гістарычныя карані. А калі людзі любяць і паважаюць сябе, іх паважае ўвесь свет. Вось чаму ўвесь свет сёння падтрымлівае Украіну, у тым ліку і беларусы. Бо ўвесь свет асуджае расійскую агрэсію супраць Украіны, якая нагадвае савецкую агрэсію супраць заходніх суседзяў у 1939-1940-х гадах. Украінцам вельмі неабходна маральная падтрымка свету, у першую чаргу сваіх суседзяў. Украінцам вельмі важна ведаць, што ім спачуваюць беларусы, палякі і літоўцы. Менавіта пры такой падтрымцы ўкраінцы перамогуць, а Расія надарве пупок, пацерпіць паразу і разваліцца, як любая імперыя. Таму слава Украіне і яе героям!”    

     

Георгій Ліхтаровіч. Фота Марата Гаравога

Грамадская дзяячка і мовазнаўца Алена Анісім:

“Блізкая радня мужа жыве ў Нікалаеве і яны вельмі ўстурбаваныя амаральнымі злачынствамі, што адбываюцца супраць іх радзімы. Бо як інакш можна назваць спробы Расіі сілай навязаць Украіне сваю волю на пачатку XXI стагоддзя, калі ў міжнародных адносінах ўвесь свет адмаўляецца ад насілля і дыктату. Беларускае грамадства, на жаль, не шмат можа зрабіць дзеля салідарнасці з народам Украіны, бо мы пакуль не шмат зрабілі дзеля саміх сябе. Але беларуская грамадзянская супольнасць адназначна на баку ўкраінскага народу, якому мы жадаем моцы духу і непераможнасці. Заява ж Уладзіміра Пуціна пра тое, што Расія заканчваецца там, дзе заканчваецца руская мова,  правакуе раскол у грамадствах і сведчыць пра тое, што ваяўнічы рускі вялікадзяржаўны шавінізм выкарыстоўвае мову менавіта ў палітычных мэтах. Але гэта нецывілазаваны падыход, бо нармальнымі людзьмі мова сёння ўспрымаецца, як складнік культуры. На Беларусі ж ніколі не існавалі праблемы для любой мовы, акрамя беларускай, бо беларусы заўсёды талерантна ставіліся да культур іншых этнасаў”.      

Алена Анісім. Фота Марата Гаравога

Археолаг, кандыдат гістарычных навук Сяргей Тарасаў:

“Мая маці — украінка з вёскі Драбава, што на Палтаўшчыне. Так сталася, што на Украіне я бываю штогод з васьмі гадоў. Асабліва шчыльнымі мае сувязі з украінскімі гісторыкамі і археолагамі сталі на пачатку стагоддзя, калі ў 2001 годзе па запрашэнні акадэміі навук Украіны я прымаў удзел у навуковай экспедыцыі на аналагах старадаўніх суднаў IX-X стагоддяў — ладдзі “Княгіня Вольга” і  дракары “Сварог”, а ў наступным годзе разам з вядомым беларускім гісторыкам Андрэям Кіштымавым удзельнічаў ў другім такім плаванні па водах Еўропы. За гэтыя і іншыя экспедыцыі мы былі ўшанаваныя шматлікімі ўкраінскімі ўзнагародамі, у тым ліку ордэнам “Казацкай славы” і медалем “За адраджэнне казацтва”. Ад таго часу ў нас на Украіне шмат сяброў.    

Сяргей Тарасаў. Фота Марата Гаравога

Я баюся, што анэксія Крыму прывядзе да таго, што ўкраінскіх археолагаў туды не пусцяць. І гэта будзе не на карысць навуцы. Разам з тым, спадзяюся, што навуковыя дачыненні паміж гісторыкамі Беларусі, Украіны і Расіі не спыняцца, нягледзячы на ўсе палітычныя закалоты. Ба нельга парваць нашыя моцныя навуковыя сувязі, што ўсталёўваліся стагоддзямі”. 

Каментаваць