Моцная дзяржава — слабая нацыя

Прымаць ці не слабіцельнае — кожная нацыя вырашае самастойна. Але якім бы ні быў выбар, ад узаемнай канкурэнцыі ніводную нацыю ён не вызваляе. А там, дзе канкурэнцыя, там акрамя пераможцаў ёсць і пераможаныя.

 



Ніякай ідэальнай мадэлі справядлівасці ў прыродзе не існуе. І не таму, што людзі дрэнныя, а таму, што людзі розныя.

Паводле філосафа Міхаіла Бахціна, герой цікавіць Дастаеўскага не як з’ява рэчаіснасці, а як асаблівы, адметны светапогляд. Такім чынам, для пісьменніка было важна не тое, чым яго герой з’яўляецца ў свеце, а тое, чым свет ёсць для героя.

Аднак я не прэтэндую на лаўры Дастаеўскага, як, зрэшты, і на Бахціна. Мой жанр — палітычная публіцыстыка. Мой герой — адзіны палітык (АП). Адзіны на краіну з насельніцтвам у 9,5 мільёна чалавек! Радавацца з гэтай нагоды ці засмучацца — справа густу. Я ж абапруся на падказку Бахціна і паспрабую паглядзець на свет вачамі свайго героя.

Чалавек ён публічны, і таму ахвотна дзеліцца сваімі ўяўленнямі пра свет. Напрыклад, такімі: «Не обижайтесь на жесткость, сейчас время такое. Сейчас все вокруг Беларуси ходят и, как волки голодные, зубами щелкают: где бы схватить «Керамин», «Белоруснефть», один нефтеперерабатывающий завод, второй — много таких у нас предприятий... У всех руки чешутся. И сегодня давят не потому, что я такой плохой, диктатор, а потому, что не отдаю. Тем не отдал на Востоке, на Западе не отдал. А хочется, и взять хотят за бесценок».

Прыгажосць у чыстым выглядзе

Такі вось малюнак. Ён чорна-белы. Ёсць «мы» і ёсць «яны». «Мы» толькі паводле выключна нам зразумелых прычынаў знаходзімся на баку Святла, Дабра і Праўды. «Яны» — на баку Цемры, Зла і Хлусні.

Важная дэталь — «яны» паўсюдна навакол нас. Памыляецца той, хто спадзяецца, што арэал пасялення «галодных ваўкоў» размешчаны на захад ад геаграфічнага цэнтра Еўропы. Не, іх хапае і на ўсходзе, на тэрыторыі «нашей России».

Сапраўдныя ворагі — заўсёды ворагі знешнія. Гэта класіка жанру. Яны не спараджаюцца сістэмай. Такім чынам, унутраныя ворагі не могуць быць шматлікімі. Вось адкуль узнікае маніякальнае імкненне любым коштам зменшыць колькасць незадаволеных. Масавыя пратэсты страшныя не самі па сабе, а тым, што пачынаюць руйнавацца сістэмаўтваральныя дзяржаўныя міфы.

Для замацавання сказанага, прапаную наведаць сайт Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі прэзідэнта (ІАЦ). У раздзеле «Сацыялогія» апошняя інфармацыя датаваная студзенем 2012 года. Такая вось аператыўнасць за нашы з вамі грошы. Цытую: «Атрыманыя вынікі сведчаць пра дадатную дынаміку па ўсіх асноўных даследаваных паказчыках». Натуральна, ніводнай лічбы, якая пацвярджае дадатную дынаміку, не прыводзіцца.

Супрацоўнікі цэнтра дасканала валодаюць эзопавай мовай: «За мінулы месяц ацэнка насельніцтвам актуальнасці праблем, якія выклікаюць найбольшае хваляванне, некалькі зменшылася. Менш вострымі сталі праблемы нестабільнасці беларускага рубля, зніжэння рэальнай заработнай платы і недаступнасці тавараў першай неабходнасці. <…> Фіксуецца стабільнае змяншэнне колькасці апытаных, якія кажуць пра пагаршэнне сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў рэспубліцы. Паралельна працягваецца зніжэнне колькасці рэспандэнтаў, якія адзначаюць пагаршэнне свайго матэрыяльнага становішча».

З якога канкрэтна ўзроўню і да якога фіксуецца змяншэнне і зніжэнне? Прыгажосць сацыялогіі ў чыстым выглядзе. Плюнуць няма куды, і таму любыя спробы адшукаць ідэалагічна чужую інфармацыю вырачаныя на правал.

Нагадаю, апытанне праводзілася ў студзені 2012 года. Зніжэнне рэальнай зарплаты, пра якое мімаходзь згадана ў прэс-рэлізе ІАЦ, — гэта рэха эканамічнага крызісу 2011 года. Але вынікі сацыялагічных апытанняў, якія адлюстроўваюць грамадскую думку пра сацыяльна-палітычную сітуацыю ў Беларусі ў 2011 годзе, адсутнічаюць.

У год трохразовай дэвальвацыі нацыянальнай валюты і трохзнакавай інфляцыі супрацоўнікі цэнтра збіралі і аналізавалі інфармацыю пра выкарыстанне сеткі інтэрнэт у Беларусі, пра стан працы са зваротамі грамадзян і пра грамадскую думку наконт сітуацыі ў нацыянальнай сферы. Адпаведныя прэс-рэлізы змешчаныя на сайце ІАЦ.

Беларусь — не Паўночная Карэя

Але вернемся да карціны з ваўкамі, якія шчоўкаюць зубамі па перыметры Беларусі. У якой ступені такая карціна свету карыстаецца папулярнасцю ў насельніцтва? Адказ на гэта пытанне мы можам знайсці на сайце НІСЭПД. У верасні 2011 года адказнасць за эканамічны крызіс на ЗША ўсклалі 16% беларусаў, на Еўропу — 12%, на Расію — 7%. Што да «пятай калоны» (апазіцыі), то яна з 5% замкнула спіс вінаватых.

А хто ж яго ўзначаліў? Кіраўнік дзяржавы і ўрад! На дваіх яны атрымалі 102% галасоў: 61% і 41% адпаведна (рэспандэнты маглі даваць больш за адзін адказ).

«Калі існуе ваенная пагроза, — сцвярджаў гісторык Аляксандр Ахіезер, — рэальная ці імітаваная, якая, аднак, адчуваецца як рэальная, калі людзі ўспрымаюць краіну як «крэпасць у аблозе», а грамадства атамізаванае і пазбаўленае самаарганізацыі, тады першая асоба легітымізуецца як ваенны правадыр, што здольны забяспечыць перамогу, і як выратавальнік, ад якога залежыць выжыванне ўсіх і кожнага».

Калі ў народа няма канкрэтнага ворага, ён жа можа задумацца пра штосьці іншае! Напрыклад, пра эфектыўнасць дзяржаўнага апарату. Калі вораг ёсць — тут усё зразумела. Неабходна згуртавацца і даць адпор.

Нічога прынцыпова новага ў гэтым няма. Адзіныя палітыкі (правадыры) паспяхова эксплуатавалі выяву ворага на працягу тысячагоддзяў. Вось толькі ў сучасным глабалізаваным свеце звыклы алгарытм запалохвання страціў былую эфектыўнасць. Беларусь — не Паўночная Карэя, і таму чорна-белая карціна свету, якую малююць дзяржаўныя СМІ, ужо не карыстаецца масавым попытам.

Як Вы лічыце, у якой меры для Беларусі падыходзіць «заходні» (гэта значыць заходнееўрапейскі, амерыканскі) узор грамадскага ўладкавання?  

Варыянт адказу

%
Гэта ўніверсальны ўзор грамадскага ўладкавання, які цалкам падыходзіць да беларускіх умоў    
 
10
Падыходзіць толькі той узор грамадскага ўладкавання, які можна прыстасаваць да беларускіх умоў   
 
38
Гэты ўзор не цалкам падыходзіць да беларускіх умоў і наўрад ці можа прыжыцца ў Беларусі  
 
 21
Гэты ўзор зусім не падыходзіць да беларускіх умоў, супярэчыць укладу жыцця беларускага народа 
 
  16
Цяжка адказаць / Няма адказу  
 
 14

НІСЭПД, верасень 2013 г.


Звернемся да табліцы. Крайнія меркаванні наконт «заходняга» ўзору грамадскага ўладкавання ў беларусаў сёння непапулярныя: «гэта ўніверсальны ўзор» — так лічаць 10% апытаных, «гэты ўзор зусім не падыходзіць» — 16%.

За гады незалежнасці беларусы так і не вызначыліся са сваімі цывілізацыйнымі прыхільнасцямі. Адсюль — папулярнасць уласнага адметнага шляху, попыт на адмысловую дэмакратыю, якая адпавядае выключна нацыянальным традыцыям і спецыфіцы Беларусі. У сакавіку 2009 года гэты шлях падтрымалі 43% беларусаў (НІСЭПД). Колькасць прыхільнікаў дэмакратыі еўрапейска-амерыканскага і савецкага ўзораў апынулася прыкметна ніжэйшай: 28% і 12% адпаведна. Пры гэтым толькі 6% пагадзіліся з тым, што Беларусі не патрэбна дэмакратыя.

Пярэсты атрымаўся малюнак. Але гэту стракатасць з вяршыні ўладнай вертыкалі не заўважаюць. Адна справа — незразумела з якіх крыніц фінансаваць будаўніцтва Палаца незалежнасці, і зусім іншае — фінансаваць замену чорна-белых манітораў на каляровыя ў кабінетах на Карла Маркса, 38.

Аверс і рэверс медалю «За справядлівасць»

Прывяду яшчэ адно выказванне АП: «Надо ввести диктатуру закона. <…> Хотя, я считаю, выше закона или рядом с законом должно быть такое чувство, как мораль и справедливость. Все в законе не пропишешь, а вот что справедливо, не справедливо — наше общество, наши люди знают точно. Поэтому там, где это не прописано в законе и где, знаете, иногда бывает и так, и сяк, — сделай справедливо».

Справядлівасць, паводле АП, праходзіць у беларусаў па разрадзе «ўтоеных ведаў». Тэрмін уведзены ў навуковы ўжытак англійскім фізікам і філосафам венгерскага паходжання Майклам Палані. Вядомы афарызм Палані: «Мы ведаем больш, чым можам распавесці».

Праблема, аднак, палягае ў тым, што ніякай ідэальнай мадэлі справядлівасці ў прыродзе не існуе. Не таму, што людзі дрэнныя, а таму, што людзі розныя. Справядлівасць — прадукт узгаднення канфліктаў паміж арганізаванымі групамі інтарэсаў. Працэс узгаднення прынята называць «палітыкай». Пры яго адсутнасці справядлівасць, што б пры гэтым ні дэкларавалася, — інструмент маніпулявання ў руках улады.

Зваротны бок медалю «За справядлівасць», такім чынам, — беззаконне. Зноў звярнуся па дапамогу да НІСЭПД. «Ці адчуваеце Вы сябе асабіста пад абаронай закона?» «Так» — 47%, «не»  — 42% (верасень 2013 г.).

Існуе два асноўных тыпы справядлівасці: ураўняльная (працуем кагалам, нічые выпрацоўку не ўлічваем, а сена дзелім пароўну) і спаборная (толькі не замінайце, і я накашу столькі, колькі мне трэба).

У грамадствах, абцяжараных расколам (беларускі выпадак), два тыпы справядлівасці ўвесь час канфліктуюць паміж сабой. Прыхільнікі працы кагалам, у прыватнасці, мяркуюць, што плаціць варта за тое, што чалавек «ўкалвае». Гэта значыць, паводле выдаткаў часу і энергіі. Іх апаненты перакананыя, што справядлівая аплата — гэта аплата за вынікі, прызнаныя рынкам.

Для беднага і залежнага чалавека справядлівы дзяржаўны парадак — гэта парадак, пры якім дзяржава забяспечвае грамадзян усім неабходным. «Но сильное государство, — тут я чарговы раз даю слова АП, — имеет и свою оборотную сторону. Оно убаюкивает, оно расслабляет нацию. Надо смотреть правде в глаза. Все шире распространяются у нас лень и иждивенчество, все чаще можно услышать слова: «А зачем мне самому что-то делать? Вот есть государство — пусть оно обо мне и позаботится».

Моцная дзяржава рассабляе нацыю. Да такой высновы прыйшоў АП. Сацыёлагі НІСЭПД з ім салідарныя. «Што, на Вашу думку, важней для Беларусі?». Для Беларусі найважней добрыя законы — 33%. Для Беларусі важныя добрыя кіраўнікі — 60% (верасень 2013 г.).

Прымаць ці не прымаць слабіцельнае — кожная нацыя вырашае самастойна. Але якім бы ні быў выбар, ад узаемнай канкурэнцыі ніводную нацыю ён не вызваляе. А там, дзе канкурэнцыя, там акрамя пераможцаў ёсць і пераможаныя.

Каментаваць