Мы — не Беларусь! Больш нас біць не будуць!

Апошнія дні ўся дэмакратычная грамадскасць Беларусі ўважліва назірае за падзеямі ва Украіне. Шмат хто бачыць у гэтым добры знак для нашай краіны. Але ці шмат агульнага ў пратэстных Беларусі і Украіне?



Кіеў. Разгон Еўрамайдана


«Я вельмі моцна ўсцешаны навінам з Украіны і перакананы, што гэта вельмі пазітыўны знак для дэмакратычнай Беларусі»,— заявіў «Свабодзе» Анатоль Лябедзька. Мне таксама хацелася б на гэта спадзявацца, але… Хутчэй Украіна мае шанец прайсці шляхам Беларусі, чым наадварот. Ва ўсялякім разе, пакуль што. Зараз, як ніколі, я хацела б памыліцца, таму прапаную паспрабаваць ва ўсім разабрацца, хаця б штрыхамі.

Улада

10 ліпеня 1994 года Леанід Кучма быў абраны прэзідэнтам Украіны, змяніўшы на гэтай пасадзе Леаніда Краўчука, які не стаў чапляцца за ўладу, выкарыстоўваць адміністратыўны рэсурс і з гонарам прайграў на свабодных і дэмакратычных выбарах. Леанід Краўчук па сённяшні дзень застаецца адзіным першым прэзідэнтам краін СНД, які сышоў добраахвотна, мірна і годна.

 

Пасля Кучмы, які ўжо не вельмі хацеў аддаваць уладу, быў Віктар Юшчанка. Яго прэзідэнцтва падштурхнуў Майдан і рашучыя дзеянні Юліі Цімашэнка. Але выбары зноў былі свабодныя і дэмакратычныя. Чарговым, ужо чацвёртым прэзідэнтам, за 19 гадоў стаў Віктар Януковіч.

 

Не будзем паглыбляцца ў магію імёнаў (Леанід, Леанід, Віктар, Віктар) і гадаць, хто стане наступным прэзідэнтам. Але адзначым — ва Украіне яшчэ не было перыяду ўмацавання аўтарытарнай улады. Ён толькі пачынаўся, ці можа пачацца. Украіна яшчэ не ведае маштабных зачыстак палітычнага, грамадскага і медыйнага поля. Яна яшчэ можа пахваліцца сапраўднымі выбарамі, шматлікім незалежнымі СМІ (у тым ліку тэлеканаламі), яе грамадскі сектар і палітычныя партыі яшчэ не перайшлі на паўлегальнае становішча. Тут існуе сістэмная апазіцыя. Дэпутаты розных узроўняў сапраўды абіраюцца народам. Апазіцыйныя лідары ўзначальваюць мэрыі, фракцыі парламента і нават вобласці.

 

Магчыма, Украіна толькі адчыняе дзверы ў аўтарытарызм. У Віктара Януковіча папросту яшчэ не было часу выбудаваць і пачаць паўнацэннае ажыццяўленне схемы ўмацавання сваёй улады. А можа, справа не ў часе, а ў жаданні. Можа, Віктар Януковіч — з тых палітыкаў, хто не стане дабівацца ўлады любым коштам? Паглядзім.

 

А зараз пра Беларусь. 10 ліпеня 1994 года прэзідэнтам нашай краіны стаў Аляксандр Лукашэнка. У выніку свабодных і дэмакратычных выбараў. Усё! На гэтым супадзенні заканчваюцца. За 19 з лішкам гадоў Беларусь ведала толькі аднаго прэзідэнта, ці, лепей сказаць, кіраўніка Беларусі. І ўсе гэтыя гады Лукашэнка метадычна ўмацоўваў сваю ўладу, ідучы крок за крокам, часам гуляючы ва-банк, як у лістападзе 1996 года.

 

Плошча 1996-га. Спікер парламента Сямён Шарэцкі заклікае разыходзіцца

 

Дарэчы, менавіта 1996 год стаў паваротным у найноўшай гісторыі Беларусі. Памятаеце 26 красавіка 1996-га? Мужчыну з акрываўленай галавой, украінцаў, што переварочвалі міліцэйскі аўтобус? Памятаеце восень 1996-га і шматдзённае стаянне на плошчы Незалежнасці? Магчымы імпічмент, гвалтоўнае змяненне старшыні ЦВК і цалкам сфальсіфікаваны рэферэндум?

Чамусьці зараз ніхто не ўзгадвае, што той рэферэдум быў сфальсіфікаваны. Усю ноч з 26 на 27 лістапада работнікі выканкамаў розных узроўняў перепісвалі бюлетэні, каб потым ЦВК вуснамі Ярмошынай мог паведаміць патрэбныя вынікі (гэта пазней сістэма фальсіфікацыі будзе налажана такім чынам, каб не ўскладняць жыццё сябрам выбарчых камісій і старшыням выканкамаў).

Рэферэндум 1996-га стаў той кропкай адліку, з якой пачаўся аўтарытарны шлях Беларусі. Змянілі канстытуцыю (а дакладней фактычна прынялі новую). Разагналі дэмакратычна абраны парламент. Усталявалі кантроль над ЦВК і Канстытуцыйным судом.

А далей пайшло… Узмацненне заканадаўства пра палітычныя партыі, што фактычна прывяло іх да паўпадпольнага існавання. Кантроль над грамадскім сектарам і загнанне ў гета незалежных СМІ, якія вымушаны існаваць пад сталым ціскам самацэнзуры. Поўная адсутнасць выбараў розных узроўняў і абсалютны кантроль над выканкамамі і урадам

Карацей, што я вам расказваю, мы ж жывем у адной краіне. Жывем 19 з лішкам год пры адным кіраўніку, які, дарэчы, час не марнуе, а намагаецца зрабіць усё, каб паздзеквацца над намі яшчэ колькі год.

Народ

Ці адрозніваюцца людзі ва Украіне і ў Беларусі? Безумоўна, усе людзі розныя, у нас розныя тэмпераменты, гістарычныя карані, але галоўнае — у нас розныя ўмовы станаўлення, фармавання і існавання.

 

Моладзь Украіны гадавалася фактычна ў дэмакратычных умовах. Яна пакуль не ведае, што такое гвалтоўны згон у прадзяржаўную арганізацыю, дабраахвотна-прымусовыя суботнікі, масавыя выключэнне з ВНУ за ўдзел у акцыях пратэсту, прымусовае датэрміновае галасаванне і, нарэшце, прэвентыўныя затрыманні напярэдадні будзь-якіх акцыя пратэсту, і шмат чаго іншага з рэпертуару беларускай улады. І толькі зараз моладзь Украіны даведалася, што нехта можа дубінкай пазбавіць іх законнага права на пратэст, на іншую думку.

 

 

Беларуская дэмакратычная моладзь сталела на пратэстах і на дубінках. «Мы — не Беларусь! Мы выйшлі, каб сказаць: мы не баімся, больш нас біць не будуць!», — сказаў 1 снежня «5 каналу» Украіны нейкі хлопец на акцыі ў Данецку.

Разгон Еўрамадана–2013

 

Выбачайце, хлопцы, але вас, дзякуй Богу, яшчэ і не білі. Вас яшчэ не судзілі за выкрыкванне антыдзяржаўных лозунгаў, нягледзячы на тое, што вы глуханямы. Вас не кідалі ў камеру за супраціўленне міліцыі, хаця ў вас няма абедзвюх ног і рукі. Вас не хапалі наўпрост на вуліцы толькі за тое, што вы пляскаеце ў ладкі. Або апранулі непажаданую майку ці шалік… Ці за тое, што ў вашых руках пабачылі камеру ці фотаапарат. Вам не давалі штрафы за «пікетаванне шляхам фатаграфавання» і за фота ў інтэрнэце, на якім вы выказваеце салідарнасць з такімі ж небаракамі. Вас не кідалі на суткі за тое, што вы прыйшлі сустрэць сяброў, якія толькі што такія ж суткі адбылі. З вас яшчэ не рабілі шпіёнаў. Нарэшце, вас яшчэ не расстрэльвалі як тэрарыстаў.

Плошча–2010

 

Плошча –2006

 

Усё гэта і яшчэ шмат чаго 17 гадоў на сваім карку адчувала беларуская дэмакратычная грамадскасць. Узгадала гэта — і нават жахнулася… Дзіва, што да гэтага часу беларусы ўсё яшчэ выходзяць на акцыі пратэсту. Спадзяюся, што вы, украінскія хлопцы і дзяўчаты, гэтага не зведаеце. Бо калісьці нам таксама здавалася, што гэтага не можа быць.

 

Памятаю, як восенню 1996-га тады яшчэ спецкор НТБ Яўген Равенка гучна абураўся, калі яго гвалтоўна выкінулі з кабінета суддзі Цэнтральнага раёна Мінска за тое, што ён хацеў выканаць свой прафесійны абавязак — прысутнічаць на судзе над удзельнікамі акцыі. Ці мог ён уявіць, што ўсяго праз 5 гадоў яго калег з НТБ наогул паб’юць і некалькі гадзін будуць трымаць на тэрыторыі часткі ўнутраных войскаў. Гэтак жа, як і іншых журналістаў і ўдзельнікаў акцыі.

 

Неяк мая дачка мне сказала: «Я пайшла ў школу — быў Лукашэнка. Я скончыла школу — быў Лукашэнка. Скончыла ўніверсітэт — Лукашэнка. Магістратуру — Лукашэнка. Здаецца, і на пенсію пайду — будзе Лукашэнка». На сваю першую акцыю пратэсту яна выйшла ў 10 гадоў — 15 сакавіка 1999 года — у 5-ю гадавіну Канстытуцыі. Разам з намі ў калоне ішлі ўсе тры спікера ВС (Станіслаў Шушкевіч, Мечыслаў Грыб, Сямён Шарэцкі). У той жа калоне яшчэ ішлі і Віктар Ганчар, і Юрый Захаранка

 

 

Апазіцыя

Як мы ўжо адзначылі, апазіцыя ва Украіне — сістэмная. То бок, яна знаходзіцца ва ўладных інстытутах і можа актыўна ўздзейнічаць на прыняцце шматлікіх уладных рашэнняў. Некаторыя апазіцыйныя палітыкі нават узначальваюць мэрыі буйных гарадоў, як, напрыклад, Андрэй Садовы, лідар аб’яднання «Самапомач», мэр Львова, які ўжо паабяцаў вывесці на вуліцы ўвесь горад. Лідары буйнейшых апазіцыйных партый (за выключэннем Юліі Цімашэнка) не сядзяць па камерах, а вольна выступаюць на мітынгу на Майдане Незалежнасці, даюць каментары шматлікім тэлевізіям. Больш таго, яны нават з’яўляюцца дэпутатамі Вярхоўнай Рады Украіны.

 

Беларусь пра такое ўжо забылася. Апошні раз дзеючыя дэпутаты Вярхоўнага Савета былі на плошчы Незалежнасці і выступалі з прамовамі — усё той жа восенню 1996-га. А нашы апазіцыйныя партыі сёння ўяўляць сабой амаль маргіналізаваную палітычную тусоўку, якая, тым не менш, яшчэ спрабуе нешта зрабіць.

 

Ці вінаватыя апазіцыйныя лідары ў тым, што сёння ёсць? Безумоўна. Як вядома, «палітыка — гэта мастацтва магчымага». Свае магчымасці беларуская апазіцыя прафуквала неаднойчы. Але галоўныя недарэчныя крокі ўсё ж былі зробленыя спачатку — у 1994-м, а потым — у 1996-м. «Праца над памылкамі» беларускай апазіцыі — тэма для асобнага артыкула. Зараз не пра гэта.

Кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў пасля збіцця ў дзень выбараў 19 снежня 2010 года

Можна колькі заўгодна біць нашу апазіцыю па балючых месцах, але ўжо нічога не вернеш, нічога не зменіш. А за свае памылкі апазіцыйныя лідары ўжо дорага заплацілі — няма ніводнага (бадай, за выключэннем Зянона Пазьняка), хто б мог сказаць: я не сядзеў пры лукашэнкаўскім рэжыме. І толькі за гэта іх можна паважаць. Прынамсі, я іх за гэта паважаю. Асабліва тых, хто дагэтуль за кратамі.

На Майдане Незалежнасці лідар усеўкраінскага аб’яднання “Свабода” Алег Цягнібок заявіў: “Хацеў бы хто таго ці не, але ва Украіне пачалася рэвалюцыя!” Будзем спадзявацца, што украінцы здолеюць утрымаць сваю краіну на дэмакртычным шляху, што іх апазіцыя не наробіць памылак, а улада — не будзе ўзмацняць гвалт.

Будзем спадзявацца, што і Беларусь дачакаецца другога прэзідэнта, нашы дзеці больш не будуць сядзець па турмах за свае погляды, а апазіцыйныя лідары, нарэшце, будуць гатовыя ўзяць на сябе ўсю адказнасць. Колькі ж можна?!

Плошча–2006. 19 сакавіка. Мінск

Кіеў. 1 снежня 2013

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2013-12-02 21:57:07
"Памятаеце 26 красавіка 1998-га? Мужчыну з акрываўленай галавой, украінацаў, што переварочвалі міліцэйскі аўтобус? Памятаеце восень 1998-га і шматдзённая стаянне на плошчы Незалежнасці?
Магчымы імпечмент, гвалтоўнае змяненне старшыні ЦВК і цалкам сфальсіфікаваны рэферэндум?" Тут паўсюль мусіць быць 1996. Яшчэ - "украінцаў", "шматдзённае",
"імпічмент". Хаця, можа, "імпечмент" - гэта такі беларускі варыянт працэдуры ("злазь з печкі")? :)
  • Аксана
  • 2013-12-02 22:07:20
Прабачце, калі ласка, за памылкі :) пісалася ноччу... Ужо з большага выправілі
  • ВР
  • 2013-12-03 16:22:14
Добра, што гэты абзац выправілі, але ў іншых месцах сляды начной працы засталіся: "першым прэзідэнтам на краін СНД", "не ўскладянць жыццё"... Ды гэта, бадай, не так
важна.

Цяжка згадзіцца, што іменна 1996-ы стаў "кропкай адліку, з якой пачаўся аўтарытарны шлях Беларусі". А як жа 1995-ы, калі збілі дэпутатаў і правялі першы сумніўны рэферэндум?
  • Аксана
  • 2013-12-03 17:12:40
Галасы таго рэферэндума ўсё ж лічылі (так, вынікі яго не маглі быць прызнаныя, па заканадаўству, але фальсіфікацый не было). А разгон дэпутатаў, гэта, што называецца — тэст заканадаўчай улады на
вашывасць. І толькі. У дэпутатаў яшчэ былі ўсе магчымасці не дапусціць скатвання ў багну. Пасля ж 1996-га такія магчымасці былі ўжо значна абмежаваныя.
  • СБ
  • 2013-12-02 23:16:21
Да ўвесь час узгадваю 96-ы, на ўсіх форумах пішу пра гэта. Менавіта ў 96-м была сытуацыя, аналягічная сёньняшняй ва Ўкраіне. Пасьля 96-га на плошчы можна было нават не выходзіць. Усё зьмянілася і
барацьба з таго часу можа быць альбо ўзброенай, альбо ня быць зусім.
  • Крысціна
  • 2013-12-03 00:03:35
Згодная. Не дарую Зянону тое, што ён так тады і не прыехаў. Краіне патрэбен быў лідар, а не яго факсы. Мы тады суткамі стаялі на плошчы. Я бачыла на Плошчы тых, хто яшчэ нядаўна казаў мне, ніколі не
пайду на акцыі. Людзі былі гатовыя пайсці за лідарам. А лідары? Тыя, хто быў у краіне не мелі смеласці ўзяць на сябе адказнасць. А тыя, хто з'ехаў, не мелі смеласці вярнуцца...
  • Радыстка Кэт
  • 2013-12-03 01:53:38
Іншы народ, іншы тэмперамент, іншая гісторыя. Я не стаўлю крыж на беларусах. Але "пацыент хутчэй мёртвы, чым жывы".

Каментаваць