МЗС назвала рэзалюцыю ААН па Беларусі «абсурднай» і «камічнай»

Міністэрства замежных спраў "адвяргае дакумент як палітызаваны".


Учора на 38-й сесіі Савета па правах чалавека ААН адбылося галасаванне па рэзалюцыі "Становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі", у якім улады нашай краіны падвергліся крытыкі за парушэнне базавых правоў і свабодаў чалавека. У рэзалюцыі СПЧ, акрамя іншага, заклікаў да поўнага аднаўлення грамадзянскіх і палітычных правоў былых палітычных зняволеных, адзначыў, што гэтыя грамадзянскія і палітычныя правы не былі адноўленыя, а палітычныя актывісты па-ранейшаму падвяргаюцца жорсткаму абыходжанню і сутыкаюцца з сумніўнымі і палітычна матываванымі абвінавачваннямі, а таксама, што дагэтуль не было дасягнута прагрэсу ў дачыненні да чатырох нявысветленых выпадкаў гвалтоўнага знікнення палітычных апанентаў, якія адбыліся яшчэ ў 1999 і 2000 гадах.

Рэзалюцыя па Беларусі прынятая на год з наступнымі вынікамі галасавання: "за" — 19 краінаў-сябраў Рады, "супраць" — 6, "устрымаліся" — 21, паведамляе ПЦ "Вясна".

МЗС адрэагаваў нервова: "Рзэалюцыя з'яўляецца абсурдам па замысле і па сутнасці. Мы адвяргаем гэты дакумент як палітызаваны, таксама ён скажае рэальны стан рэчаў у нашай краіне", — заявіў прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз.

Прадстаўнік знешнепалітычнага ведамства заявіў, што "падобнае палітычнае маніпуляванне ў апошні час робіцца вельмі распаўсюджанай практыкай у дзейнасці шэрагу міжнародных структур". Больш за тое, па ягоных словах, рэазлюцыя была прынятая на фоне сур'ёзных праблем з правамі і свабодамі чалавека ў дзяржавах, якія галасавалі за яе. "І гэта выглядае камічна" — дадаў ён.

Напрыканцы прэс-сакратар адзначаў, што ініцыятарам пара прызнаць, што і рэзалюцыя і спецдакладчык гэта "затасканыя механізмы, якія дыскрэдытавалі сябе ў працы з Беларуссю".


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць