МЗС Польшчы: Касцюшка герой усяго чалавецтва

«Польшча лічыць, што Тадэвуш Касцюшка — герой як Польшчы, так і Літвы, Беларусі і ЗША, універсальны герой чалавецтва, а не выключна «сын Беларусі» або «польскі генерал», — гаворыцца ў адказе МЗС Польшчы на пытанне Радыё Свабода.
У лісце міністэрства тлумачыць, што ад самага пачатку вельмі пазытыўна паставілася да ідэі паставіць ў Залятурне (Швейцарыя) супольны помнік Тадэвушу Касцюшку як герою Польшчы, Беларусі, Літвы і многіх народаў.

Помнік Касцюшку, паводле МЗС, быў вялікім шанцам на супольную польска-беларускую ініцыятыву.

Паводле замежнапалітычнага ведамства Польшчы, амбасада ў Бэрне вяла перамовы з ініцыятарамі праекту — Таварыствам беларусаў Швейцарыі.

«Прапанова польскага боку — разьмясціць на помніку толькі шыльду з імем і прозвішчам Тадэвуша Касьцюшкі. Прапановаю беларускага боку была шыльда „Тадэвуш Касцюшка — сын Беларусі“. Гэтая шыльда не ўзгадвала пра якія-небудзь сувязі Касцюшкі з Польшчай, для польскага боку гэта было непрымальна» — гаворыцца ў адказе МЗС.


Амбасада Польшчы ў Бэрне паведаміла, што прапаноўвала супольнае адкрыццё помніка дыпламатамі Польшчы, Беларусі і Літвы. «Беларускі бок нечакана выйшаў з перамоваў без паведамлення прычынаў, а пасольству Польшчы ў Бэрне паведамілі, што беларускі бок самастойна правядзе ўрачыстасць, што нас засмучае», — напісана ў лісце МЗС Польшчы.

21 кастрычніка ў горадзе Залятурн у Швейцарыі мае адбыцца адкрыццё помніка Тадэвушу Касцюшку. Ініцыятва ўшанавання героя Беларусі, Польшчы і ЗША належыць швейцарскім беларусам.

Напярэдадні адкрыцця стала вядома, што польскія дыпляматы дамагліся ад уладаў гораду, каб тыя прыбралі з помніка згадкі пра Беларусь.


Паводле svaboda.org

Каментаваць