Ні праехаць ні прайсці

У рэдакцыю «НЧ» з просьбай агучыць гісторыю адстойвання сваіх правоў у асобна ўзятым мястэчку звярнуўся жыхар вёскі Дукора Пухавіцкага раёна Сяргей Шостак. Ніжэй прыводзім ліст чытача з невялікімі скарачэннямі. Копіі дакументаў, якія фігуруюць у апісанай справе, знаходзяцца ў рэдакцыі.

(На фота: 2008г. Акцыя пратэсту супраць будаўніцтва хімічнага прадпрыемства)

 



У рэдакцыю «НЧ» з просьбай агучыць гісторыю адстойвання сваіх правоў у асобна ўзятым мястэчку звярнуўся жыхар вёскі Дукора Пухавіцкага раёна Сяргей Шостак. Ніжэй прыводзім ліст чытача з невялікімі скарачэннямі. Копіі дакументаў, якія фігуруюць у апісанай справе, знаходзяцца ў рэдакцыі.

(На фота: 2008г. Акцыя пратэсту супраць будаўніцтва хімічнага прадпрыемства)

У нашай краіне існуе два меркаванні адносна магчымых сацыяльных пераменаў у бліжэйшай будучыні. Адны лічаць, што тут квітнее «беларускі цуд», якому перашкаджаюць нешматлікія крыкуны, адмарозкі і няўдачнікі. Іншыя ўпэўненыя, што ў Беларусі — дзве краіны. Кіраваць рэспублікай з дапамогай адміністрацыйна-каманднай сістэмы з кожным днём становіцца ўсё складаней. Палітычная сістэма, якую стварыў Аляксандр Лукашэнка, не можа быць мадэрнізаваная і дэмакратызаваная. Гэта аналаг сістэмы, якая існавала ў Савецкім Саюзе. Нават калі Лукашэнка захоча нешта змяніць, яму гэтага не прабачаць яго ж паплечнікі. Мой прыклад даказвае тое.

Больш за тры гады таму я працаваў у СПК «Дукора» юрысконсультам і выступіў супраць старшыні Пухавіцкага райвыканкама З. А. Турко і старшыні СПК «Дукора» З. У. Дамарада, якія, мякка кажучы, злоўжылі сваімі службовымі паўнамоцтвамі. У 2005 годзе яны фактычна падаравалі прадпрымальніку І. У. Немагаю сажалку ў в. Дукора плошчаю 11 га. Матэрыяльныя страты гаспадаркі склалі 116 мільёнаў рублёў (балансавы кошт сажалкі). Каб выпатрабаваць сажалку назад, мне давялося неаднаразова звяртацца ў пракуратуру Пухавіцкага раёна і пракуратуру Мінскай вобласці.

Пухавіцкі райвыканкам

Справа дайшла да таго, што З. У. Дамарад забраў з канцылярыі абласной пракуратуры бандэроль з доказамі незаконнай перадачы сажалкі, але ён не ведаў, што ў мяне ёсць апавяшчэнне пра атрыманне бандэролі пракуратурай. Пракурор выявіў парушэнне закона і рэкамендаваў «сябрам кіраўніцтва СПК «Дукора» звярнуцца ў суд». Аднак права першага подпісу ў З. У. Дамарада ніхто не забраў. Таму ён, замест звароту ў суд, спачатку пазбавіў мяне часткі заробку, забараніў спецыялістам гаспадаркі даваць мне ў рукі дакументы, «выселіў» з кабінета, а пасля і зусім «скараціў» з пасада юрысконсульта. Пракурор раёна Матуляк не ўгледзела ў гэтым ніякага парушэння заканадаўства.

Пасля майго звальнення пасада юрысконсульта была адноўленая, і цяпер вакансія занятая. За тое, што я надаў галоснасць несамавітым учынкам, па заяве Дамарада мяне спрабавалі пасадзіць на лаву падсудных за паклёп, але мае доказы апынуліся настолькі пераканаўчымі і пэўнымі, што нават службоўцы не адважыліся падтрымаць кіраўніка.

Тады мае апаненты пайшлі іншым шляхам. Яны выселілі з жылля шматдзетную сям’ю Бандолік — маіх сведак па справе аб злоўжываннях старшыні СПК З. У. Дамарада. Мікалай Валянцінавіч Бандолік — лепшы механізатар СПК «Дукора» 2005 года, дэлегат трэцяга Усебеларускага народнага сходу 2006 года, чарнобылец з зоны адсялення — па надуманых матывах разам з жонкай-даяркай быў спачатку пазбаўлены працы, а потым апынуўся на вуліцы. Цяпер у вёсцы Дукора ідзе збор подпісаў пад зваротам да старшыні Мінскага аблвыканкама Крупца.

Прывяду вытрымкі з гэтага дакумента: «Мы, ніжэйпадпісаныя грамадзяне Рэспублікі Беларусь, жыхары вёскі Дукора Пухавіцкага раёна, выказваем свой рашучы пратэст супраць млявага «будаўніцтва» аграгарадка ў нашым населеным пункце. Фармальна, з дапамогай ашуканства, аграгарадок быў здадзены ў эксплуатацыю ў 2005 годзе. Камісія службоўцаў штотыдзень па чацвяргах засядала ў канторы СПК «Дукора». Усе службы раёна рапартавалі пра гатоўнасць аб’екта да здачы ў эксплуатацыю. Рашэнне не прымусіла сябе доўга чакаць: камісія падпісала акт прыёмкі. Аднак вынік уражвае нават франтавікоў. Па дукорскіх дарогах ні праехаць ні прайсці. Дамы-катэджы — суцэльная халтура, людзі з’язджаюцца для атрымання жылля з ўсёй рэспублікі. Як правіла, гэта сем’і з вялікімі праблемамі. Карэнных дукорцаў у горадаўтваральнай гаспадарцы амаль не засталося. Цякучасць кадраў агаляе безгрунтоўнасць кіраўніцтва гаспадаркі. Напрыклад, галоўны заатэхнік мяняецца на працягу апошніх чатырох гадоў. Мы ўжо не гаворым, што пры будаўніцтве аграмястэчка не выкананы прынятыя дзяржавай стандарты. Цеплатраса ўсю зіму знаходзіцца ў раскапаным стане».

Магчыма, гэты ліст паўторыць лёс нашых папярэдніх зваротаў у розныя інстанцыі — мы дайшлі аж да Адміністрацыі прэзідэнта. Усе яны накіроўваюцца да тых службоўцаў, на якіх скардзяцца грамадзяне.

Думаю, што цяпер надышоў час ахвярнасці для прадстаўнікоў апазіцыі. Напрыклад, Аляксандр Казулін сваім учынкам пасля прэзідэнцкіх выбараў зрабіў значна больш для цывілізаванай еўрапейскай Беларусі, чым усе апазіцыянеры, якія засядаюць у грамадска-кансультатыўнай радзе пры Адміністрацыі прэзідэнта, разам узятыя. Мой таварыш Сяргей Абразоўскі, які падняў жыхароў пасёлкаў Дружны і Свіслач супраць будаўніцтва хімічнага завода «Аўгуст-бел» у 30 кіламетрах ад Мінска. Яго чатыры разы прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці, аднак каля тысячы чалавек прыйшлі падтрымаць яго на мітынг. Для маленькіх пасёлкаў гэта вельмі шмат. На жаль, іншым шляхам у бліжэйшай будучыні мы наўрад ці чаго даможамся для Беларусі.

Падрыхтавала Марыя Крук

Каментаваць