Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

На пасаду старшыні БНФ ёсць пяць кандыдатаў. Хто яны?

30 верасня адбудзецца з’езд Партыі БНФ. Паводле статута арганізацыі, цяперашні старшыня Аляксей Янукевіч не мае права больш вылучацца на пасаду кіраўніка. Не будзеш ты, то будзе тры, гаворыць беларуская прыказка. А тут нават не трое, а адразу пяцёра кандыдатаў.

«Наша Ніва» расказвае, хто ж можа ўзначаліць найстарэйшую партыю краіны (прэтэндэнты ўказаныя ў алфавітным парадку).

Ілля Дабратвор, 36 гадоў, Мінск


Пра Іллю Дабратвора краіна ўпершыню пачула ў 2010 годзе. На той момант 29-гадовы Дабратвор падаў дакументы на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы на пасаду прэзідэнта краіны. Мала таго, што хлопец на той момант нават не дасягнуў абавязковага для прэзідэнцтва ўзросту (35 гадоў), дык ягоная ініцыятыўная група складалася з аднаго чалавека — самога патэнцыйнага кандыдата. Ясна, што ЦВК не зарэгістравала такога арыгінала.

Па адукацыі Ілля Дабратвор — псіхолаг. Працаваў сацыяльным педагогам у школе. Пасля таго, як пачаў палітычную актыўнасць, з’явіліся праблемы з працаўладкаваннем. Менавіта таму Дабратвор і вырашыў падацца ў кандыдаты, каб прыцягнуць увагу да сваёй праблемы. Кім толькі Дабратвор ні працаваў: і дворнікам, і шаўрму на Камароўцы рабіў.

Ілля Дабратвор — шматдзетны бацька, мае чатырох дзяцей.

На мінулых парламенцкіх выбарах Ілля Дабратвор балатаваўся па Сеніцкай акрузе ў Мінскім раёне. Разам з ім па акрузе ішлі лідары кішэнных партый Мікалай Улаховіч і Васіль Задняпраны.

У бюлетэнях засталіся толькі Улаховіч і Дабратвор, якому напісалі найвышэйшы працэнт сярод апазіцыянераў, што не прайшлі ў парламент — 19%.

Агітацыю Дабратвор вёў у асноўным па-руску, хаця і заклікае да мяккай беларусізацыі. Рускамоўны лідар БНФ будзе арыгінальным выбарам. Дабратвор не баіцца ісці ў адкрытую дыскусію з лукашэнкаўцамі і чарнасоценцамі.

Вольга Дамаскіна, 43 гады, Наваполацк

У школе Дамаскіна была вызваленая ад навучання беларускай мовы, бо з сям’і вайскоўцаў. А плюс да ўсяго тата з Малдовы, мама — украінка. Аднак яшчэ ў школе яна захапілася беларускай мовай і гісторыяй. Лёсавызначальнымі былі сустрэчы з полацкімі актывістамі БНФ Васілём Храмцовым і Сержуком Сокалавым-Воюшам.

Удзел у парламенцкай выбарчай кампаніі — 2016 для Вольгі Дамаскінай каштаваў працы. Апошнія чатыры гады яна працавала загадчыцай у філіяле Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музею-запаведніку — Музеі традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер'я. Калі стала вядома, што Дамаскіна хоча ісці ў парламент, дырэктарка музею Тамара Джумантаева паведаміла, што кантракт з супрацоўніцай падаўжацца не будзе. Кампанія Вольгі Дамаскінай у Полацку праходзіла вельмі актыўна. Цяпер Дамаскіна працуе адміністратарам у салоне прыгажосці.

Рыгор Кастусёў, 60 гадоў, Магілёў

Рыгор Кастусёў быў кандыдатам ад Партыі БНФ на выбарах 2010 года. Вялікай падтрымкі здабыць тады яму не атрымалася, але Кастусёў агучваў па тэлебачанні і радыё асноўныя пункты праграмы БНФ. Усім запомнілася, як Кастусёў прынёс у эфір бел-чырвона-белы сцяжок. Кастусёў быў не надта моцным кандыдатам, таму яго не баяліся хваліць Лукашнка (за адсутнасць здрады ідэалам) і «Советская Белоруссія» (за дасведчанасць).

У СІЗА КДБ пасля выбараў Кастусёў правёў усяго адну ноч. Пасля таго, як ён выступіў па тэлебачанні (у адрозненне ад Раманчука, ён не абвінавачваў ні ў чым іншых кандыдатаў, а казаў пра расійскі след), яго адпусцілі. На волі Кастусёў падаў сімвалічны пратэст аб фальсіфікацыях падчас выбараў.

У мінулым Кастусёў працаваў у калгасах, а таксама сферы ЖКГ Магілёўшчыны. Калі праз палітыку яго звальнялі з працы, пачаў ездзіць на заробкі ў Расію. Быў у камандзе Аляксандра Мілінкевіча на выбарах-2006.

Кастусёў — вельмі просты і дабрадушны чалавек, за што яго шмат хто паважае. Ён самы рэальны кандыдат на пасаду старшыні партыі, але вялікую палітычную кар’еру зрабіць ужо не атрымаецца.

Ігар Лялькоў, 46 гадоў, Мінск

Лялькоў — гэта яшчэ адзін з сённяшніх намеснікаў Аляксея Янукевіча. У Лялькова добрая адукацыя: ён скончыў гістфак БДУ, пасля чаго вучыўся ў Сарбонскім універсітэце (Францыя) і Цэнтры ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэту (Польшча). Працаваў у Дзяржаўным камітэце па архівах і справаводстве.

Ягоныя артыкулы па гісторыі і сучаснасці Беларусі друкаваліся шмат дзе ў свеце. Для чытачоў «Нашай Нівы» Ігар Лялькоў найперш вядомы сваімі расследаваннямі аб дзейнасці прарасійскіх арганізацый у Беларусі. Гэтыя публікацыі шырока абмяркоўваліся як унутры грамадства, гэтак і ў самой Расіі.

Падчас мінулых прэзідэнцкіх выбараў Лялькоў быў з тых прадстаўнікоў Партыі БНФ, хто рашуча падтрымаў Таццяну Караткевіч. І працягваў гэта рабіць нават пасля таго, як сама партыя адышла ад гэтай падтрымкі.

Алесь Таўстыка, 44 гады, Мінск

Каларытны прадпрымальнік з рынку Ждановічы. Сам ён родам з Крывічоў Мядзельскага раёна. У бізнэс Таўстыка пайшоў адразу пасля войска, а служыў ён на флоце ў Таліне. Скончыў сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках.

У 2008 годзе Таўстыка стаў адным з лідараў прадпрымальніцкіх пратэстаў, калі дробныя гандляры дабіваліся права наймаць на працу наёмных работнікаў. Таўстыка неаднаразова адбываў адміністрацыйныя арышты на Акрэсціна.

Летась Таўстыка ўжо хацеў узначаліць Рух «За Свабоду», але за яго прагаласавала ўсяго толькі двое дэлегатаў выбарчай канферэнцыі. Калі старшынёй абралі Губарэвіча, то Таўстыка зладзіў лёгкі скандал. Ды і ўвогуле за Таўстыкам замацавалася рэнамэ скандаліста. Ён рэдка абірае дыпламатычныя выразы, а рэжа ўсё, што ў яго на думцы.

Апошнім часам Таўстыка трапіў пад уплыў філосафа Уладзіміра Падгола. Падчас апошняй парламенцкай кампаніі яны разам ладзілі перформансы, а таксама мелі падобныя выступы. Здымаліся з выбараў яны таксама разам: на конях, трымаючы ў руках бел-чырвона-белы, сцяг Еўрасаюза, ЗША і Вялікабрытаніі.

Зміцер Панкавец, "Наша Ніва"



Каментаваць