На выбары як на свята

У аўтарытарных краінах выбары забяспечваюць прадказальны вынік, але непрадказальныя наступствы.


Штодня каля 12.00 я абыходжу крамы. Выбары не парушылі гэтай традыцыі. Побач з маім домам месціцца сярэдняя школа №209. Як і належыць, у дзень выбараў на яе прыступках святочна апранутыя вучаніцы спявалі пад фанаграму. У той момант, калі я праходзіў каля будынка, школьны двор быў пусты. Ніводнага слухача! Ніводнага! Але гэты факт не ўнёс карэктываў у праграму канцэрту. Квартэт змяніла трыа.

Сярод сучасных дзяржаў, што горда называюцца дэмакратыямі (такіх большасць), палітолагі вылучаюць «дэмакратыі з прыметнікамі». Як тут ні прыгадаць спробы крамлёўскіх ідэолагаў у «нулявыя» гады стварыць свой уласны, суверэнны варыянт дэмакратыі.

Аднак іх намаганні былі марныя. Замест арыгінальнага прадукту атрымалася знаёмая да болю кіраваная дэмакратыя. Эканаміст Аляксандр Аузан апісвае яе як спробу «кіраваць паводзінамі людзей шляхам змены не ўмоваў надвор’я, а паказанняў тэрмометра».

Але калі адмовіцца ад крайніх меркаванняў, дык варта прызнаць, што ідэальная дэмакратыя, як і абсалютны аўтарытарызм, — абстракцыі. У рэальным жыцці прастора паміж імі запоўнена прамежкавымі формамі. У прыватнасці, амерыканскі палітолаг Фарыд Закарыя ўвёў у навуку паняцце «неліберальная дэмакратыя». У яе вызначэнні для беларусаў нічога нечаканага няма. Цытую: «Палітык, які прыйшоў да ўлады дэмакратычным шляхам, пачынае паступальна абмяжоўваць канстытуцыйныя свабоды, забяспечваючы ўласнае праўленне на як магчыма большы тэрмін. І апелюе пры гэтым да нейкага набору «нацыянальных каштоўнасцяў, што склаліся гістарычна».


Не памылка, а хітрасць

Суседзямі неліберальнай дэмакратыі (яе стрыечнымі братамі) з’яўляюцца імітацыйная дэмакратыя і электаральны аўтарытарызм. Мяжу паміж імі на практыцы цяжка акрэсліць. Сучасныя аўтарытарныя рэжымы маюць патрэбу ў выбарах. Міжкраінавыя даследаванні выявілі прамую залежнасць паміж тэрмінам знаходжання аўтарытарнага палітыка ва ўладзе і яго здольнасцю арганізоўваць народнае волевыяўленне.

У гэтым сэнсе сам факт пятага тэрміну адзінага палітыка (АП) з’яўляецца лепшай ілюстрацыяй яго эфектыўнасці ў якасці электаральнага менеджара. За два дзесяцігоддзі ён здолеў стварыць не проста згуртаваную каманду аднадумцаў, не проста выбарчую машыну, а выбарчы працэс як сацыяльны інстытут — устойлівы комплекс фармальных і нефармальных правілаў, якія рэгулююць дзейнасць мільёнаў людзей.

Фармальныя правілы правядзення выбарчых кампаній прапісаныя ў Канстытуцыі і Выбарчым кодэксе. Але адной з галоўных асаблівасцяў нашай культуры з’яўляецца дамінаванне ва ўсіх сферах жыцця правілаў нефармальных. У нас не толькі на побытавым узроўні, але і на ўзроўні вышэйшых паверхаў уладнай вертыкалі большасць пытанняў вырашаецца шляхам асабістых дамоўленасцей. Выбары ў гэтым сэнсе — не выключэнне. Таму любыя папраўкі ў Выбарчы кодэкс не могуць змяніць імітацыйную прыроду беларускіх выбараў.

У СССР асноўнай задачай выбараў была дэманстрацыя «адзінства партыі і народа». Канкурэнцыя паміж кандыдатамі не прадугледжвалася. Згодна з ідэалагічнай дактрынай, у савецкім грамадстве адсутнічалі антаганістычныя класы — такім чынам, не было і патрэбы ў «агульнапрынятым парламенцкім механізме». З гэтага аргументу вынікала, што там, дзе няма класавых адрозненняў, не можа быць і адрозненняў у меркаваннях, таму любое адхіленні ад афіцыйнай лініі прыраўноўвалася да контррэвалюцыі.

Тое, што мы назіраем сёння, адрозніваецца ад савецкага вопыту толькі па форме. Аўтарытарызм з прыметнікам «электаральны» не толькі мае на ўвазе наяўнасць рэальнай апазіцыі, але нават дапускае яе ўдзел у выбарах. Пры гэтым перамогі апазіцыйных кандыдатаў чакаць не варта.

11 верасня не стала выключэннем, і тое, што ў Палату прадстаўнікоў трапілі Алена Анісім і Ганна Канапацкая, не сведчыць пра змену прыроды аўтарытарнага рэжыму. Гэта — не яго памылка. Гэта — яго тактычная хітрасць.


Перамога селекцыі

Допуск рэальнай апазіцыі да выбараў дазваляе адным стрэлам забіць двух зайцаў: па-першае, спусціць пару грамадскайнезадаволенасці, дазволіўшы апанентам улады прагаласаваць за альтэрнатыўных кандыдатаў, па-другое, пераключыць энергію апазіцыйных актывістаў са знешніх праблем на ўнутраныя.

Як тут ні прыгадаць шматгадовыя кампаніі па пошуку «адзінага кандыдата». Сёння на нашых вачах разгортваецца дыскусія вакол сябра АГП Канапацкай. Партыя прызнала выбары нелегітымнымі, зрабіўшы выключэнне для асобна ўзятай акругі. Што гэта — ганьба або заслужаная перамога?

Асабіста мне паверыць у заслужаную перамогу складана. Ва ўчастковых выбарчых камісіях задзейнічана каля 70 тысяч чалавек. Выпадковаму чалавеку практычна немагчыма трапіць у саслоўе прафесійных спецыялістаў па падліку галасоў. Пра ўзровень селекцыйнай работы раённых адміністрацый сведчыць адсутнасць праколаў у працы камісій.

Але калі селекцыянеры на працягу двух дзесяцігоддзяў не памыляюцца з адборам дзясяткаў тысяч выканаўцаў з патрэбнымі характарыстыкамі, дык што ім перашкаджае дамагацца жаданага, калі гаворка ідзе ўсяго толькі пра 110 персонаў? Задачы несувымерныя па маштабе. Алгарытм іх вырашэння сфармаваны «ад жыцця», і ўжо хаця б з гэтай прычыны гарантуе атрыманне запланаванага выніку.

Квартэты і трыо, якія спяваюць пад фанаграму на прыступках школы №209, — далёка не самы галоўны, але абавязковы элемент выбараў. Яны дзейнічаюць у рамках агульнага алгарытму. 30 жніўня АП падчас размовы з каардынатарам місіі кароткатэрміновых назіральнікаў АБСЕ растлумачыў, што бачыць свой удзел у выбарах не толькі ў якасці гаранта іх сумленнасці, адкрытасці і бяспекі, але і «каб людзі ішлі на выбары як на свята».

Свята забяспечвае школьная самадзейнасць. Агульная колькасць участкаў для галасавання, паводле ЦВК, — 6018. Прафесійных калектываў на ўсіх не набярэшся, дый прафесіяналам трэба плаціць.


Прадказальнасць vs. непрадказальнасць

Алгарытм, калі хто не памятае, — гэта набор інструкцый, якія апісваюць парадак дзеянняў выканаўца дзеля дасягнення некаторага выніку. Алгарытм выбараў у «дэмакратыях без прыметнікаў» забяспечвае непрадказальныя вынікі пры прадказальных наступствах. У «дэмакратыях з прыметнікамі» наадварот: вынікі прадказальныя, чаго не скажаш пра наступствы.

Не ў апошнюю чаргу гэты парадокс тлумачыцца тым, што заканадаўцы ў «дэмакратыях з прыметнікамі» працуюць пад дыктоўку выканаўчай улады. Яе парадак, у сваю чаргу, звязаны з фактарамі, якія яна не кантралюе: кошты на нафту, згоду / нязгоду знешніх крэдытораў на прадастаўленне чарговых крэдытаў і г.д.

Акрамя таго, нельга скідаць з рахунку і суб’ектыўны фактар. Яго сутнасць раскрывае палітолаг Кацярына Шульман: «Да ўдзелу ў выбарах дапускаюцца толькі так званыя сістэмныя акторы — г. зн. яны самой сістэмай усведамляюцца як тыя, хто не пагражае яе раўнавазе. А лаялізм мае на ўвазе не цвёрда прытрымлівацца пэўнай сістэмы перакананняў, а ўменне гнутка змяняцца ў гармоніі са зменамі начальніцкіх пазіцый і пажаданняў».

Думаю, старшыню ППНС пятага склікання Уладзіміра Андрэйчанку можна смела прылічыць да сістэмных актораў. На календары 18 кастрычніка 2012 года. Першае пасяджэнне. На трыбуне новы-стары старшыня дзякуе калегам за паўторнае абранне на трэцюю пасаду ў дзяржаве.

Падзякаваўшы за аказаны давер, ён шырокімі мазкамі малюе карціну маючай адбыцца заканатворчай дзейнасці: «Далейшых заканадаўчых крокаў патрабуе падтрымка малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, стварэнне высокаэфектыўных працоўных месцаў. Гэтыя законы павінны быць законамі новага пакалення. Дэпутатам трэба ўключыцца ў працу над законапраектам аб новых формах і механізмах дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў розных сферах эканомікі».

І як вам гэта карціна? Спадабалася? Вынікі парламенцкіх выбараў восенню 2012 года былі прадказальныя, непрадказальным апынуўся вынік дзейнасці дэпутатаў.


Урокі гісторыі

Проціпастаўленне парламенцкай гаварыльні моцнай дзяржаве — даўняя традыцыя айчыннай палітычнай культуры (або бескультур’я). «Спробы будаваць дзяржаву праз працэдуры, у тым ліку парламенцкія, бясконца ўзгадняючы інтарэсы і амбіцыі партый, палітыкаў, алігархаў і іншых, — усе гэтыя спробы ні ў адной краіне свету ні ў адну гістарычную эпоху не заканчваліся паспяхова».

Далей уладальнік дыплома гісторыка падрабязна тлумачыць дэпутатам, як Вялікабрытаніі давялося прайсці праз смуты і ўзрушэнні, перш чым яна прыйшла да эфектыўнага парламенцкага кіравання. Прыклад Францыі яшчэ больш пераканаўчы: паўтара стагоддзя нестабільнасці, перш чым удалося прыйсці да адносна стабільнай Пятай рэспублікі.

Між тым, большасць дэмакратычных дзяржаў — парламенцкія рэспублікі. Магчыма, іх эліты не мелі доступу да падручнікаў гісторыі, па якіх вучыўся АП. Таму ім вядома, што ў XVI стагоддзі Англія і Іспанія знаходзіліся прыкладна на аднолькавым узроўні развіцця, але праз тры стагоддзі Англія — першая краіна свету, цэнтр імперыі, над якой ніколі не заходзіць сонца, Іспанія — адна з самых адсталых краін Еўропы.

Прычыну разыходжання гісторыкі бачаць у тым, што падаткі ў Іспаніі трапілі ў рукі караля, а ў Англіі — у рукі парламента. Каралям заўсёды не хапае грошай. Яны вядуць войны і імкнуцца жыць у раскошы, не ўзгадняючы свае выдаткі з падаткаплацельшчыкамі, што немагчыма пры моцным парламенце.

Кажучы мовай тэорыі сацыяльнага кантракту, у Іспаніі паўстаў вертыкальны кантракт, пры якім улада мае права забіраць і пераразмяркоўваць, а ў Англіі — гарызантальны кантракт, яго раўнапраўнымі ўдзельнікамі сталі спачатку тысячы, а потым сотні тысяч і мільёны людзей.

Сучасная Іспанія ўрок са свайго мінулага зрабіла, чаго не скажаш пра Беларусь, большасць гарадоў якой у сярэднявеччы атрымала Магдэбургскае права.



Каментаваць